Дар'я Домрачава: Хачу ў Барселону

Источник материала:  

У беларускіх біятланістаў неўзабаве пачнецца афіцыйны адпачынак. Этапы Кубка свету завершаныя, і лідар нашай, жаночай зборнай Дар'я Домрачава заняла ў агульным заліку па выніках сезона шостае месца, гэта на прыступку вышэй, чым летась. У актыве беларускі шэсць прызавых месцаў, з іх дзве перамогі, да таго ж бронза Алімпіяды ў Ванкуверы.

Гэтымі днямі Даша ў Мінску — прымае падарункі ад усіх тых, хто не паспеў яе павіншаваць адразу пасля Алімпіяды. Мінскі гарвыканкам (Домрачава прадстаўляе сталічны рэгіён) днямі у гонар нашых біятланістак і іх трэнераў арганізаваў спецыяльны прыём у гарадской ратушы, дзе Даша атрымала у падарунак сертыфікат на 10 мільёнаў рублёў, а таксама прэзенты ад спонсараў. Хтосьці падарыў нават падлогавыя вагі. "Гэта для таго, Даша, каб ты трымала сябе ў форме", — жартаваў трэнер нашай зборнай. Даша падзялілася сваімі планамі на бліжэйшы час.

Дар'я Домрачава: Хачу ў Барселону— Я вельмі задаволеная сезонам. Гэта былі першыя мае Алімпійскія гульні, і я адразу заваявала медаль — прыемна, што працавала не дарэмна.

— Пасля Алімпійскіх гульняў вы заваявалі яшчэ два залатыя медалі Кубка свету...

— Так, я настройвалася на тое, што сезон скончыцца у канцы сакавіка. І вырашыла не абмяжоўвацца добрым выступленнем толькі на Алімпіядзе. Сезон працягваўся, і трэба было змагаюцца да канца.

— Алімпійская бронза разняволіла вас, пасля чаго вы заваявалі два залатыя медалі на этапах Кубка свету...

— Наадварот, пасля заваявання медаля з'яўляецца пэўная адказнасць, трэба пацвярджаць, што медалі заваяваны не проста так. З іншага боку, псіхалагічны груз адказнасці спадае.

— Затое цяпер пачаўся адпачынак...

— Большую частку часу ў мяне аднімаюць афіцыйныя мерапрыемствы. Вельмі шмат сустрэч, трэба шмат кантактаваць з прэсай, і гэта, калі шчыра, таксама вымотвае. Але гэта ўсё роўна прыемна, я нават паспела сустрэцца з некаторымі сваімі балельшчыкамі. Праўда, хацелася б больш часу праводзіць з сям'ёй. Трэба і ў інстытуце паказацца — я зараз атрымліваю другую вышэйшую адукацыю ў эканамічным універсітэце.

— Звычайна спартсмены выбіраюць інстытут фізкультуры. Чым вас прываблівае эканоміка?

— У мяне і першая адукацыя — эканамічная, "Эканоміка і кіраванне ў сферы турызму". Я лічу, што нельга абмяжоўвацца ў жыцці адным спортам. Трэба ставіць максімум мэтаў і дасягаць іх. Спартыўная кар'ера рана ці позна скончыцца, а жыццё працягваецца. Душа ў мяне ляжыць да дызайну, дакладней, дызайну інтэр'ера. Мы з братам, а ён у мяне архітэктар, самі распрацавалі дызайн кватэры, у якой мы жывём. Але гэтую прафесію цяжка атрымліваць на адлегласці.

— Хто натхняе вас на перамогі?

— Адразу пасля Алімпіяды я казала, што свой медаль прысвячаю свайму бацьку, якога няма ў жывых. Ён вельмі шчыра за мяне заўсёды перажываў, мне здаецца, я дагэтуль адчуваю яго падтрымку.

— Якія ў вас ўсё ж планы на адпачынак, калі нарэшце афіцыйныя прыёмы завершацца?

— У мяне яшчэ намечаныя адны спаборніцтвы на Камчатцы. Але там няма ніякіх медальных планаў, гэта проста камерцыйны старт як вялікае закрыццё сезону і свята. Пасля хацелася б паехаць у Іспанію. Пабываць у Барселоне — мая даўняя мара. Планую паехаць туды са сваім маладым чалавекам. Цяжка не бачыць блізкіх людзей вельмі доўга, але радуе, што ўсе ставяцца да майго занятку з разуменнем.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Burberry начинает выпускать косметику

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика