На ўсе гады — какава-бабы

Источник материала:  

Шакалад не проста смачны. Ён вельмі карысны, калі ўжываць яго ў меру, вядома, нагадвае медыцынская сястра 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Алена ГАРНІЦКАЯ.

Шакалад дае энергію

У шакаладзе шмат цукру і тлушчаў, ёсць невялікая колькасць пратэіну, а таксама магній і калій, неабходныя для добрага функцыянавання мышачнай і нервовай сістэмаў. Шакалад карысны дзецям, і ўсім, хто займаецца спортам. Вялікая колькасць вугляводаў, на якія багаты шакалад, лёгка засвойваецца арганізмам, і можа надаць энергію ў выпадку працяглых нагрузак. Тлустыя ж кіслоты масла какавы засвойваюцца павольна, і на доўгі тэрмін забяспечваюць арганізм неабходнымі калорыямі. Акрамя таго, лёгкі ўзбуджальны эфект тэабраміну або кафеіну стымулюе нервовую сістэму.

...падтрымлівае мозг

Шакалад утрымлівае вялікую колькасць магнію (300 мг/100 г чорнага шакаладу), калію (400 мг/100 г чорнага шакаладу), кальцыю, жалеза, натрыю, медзі і фтору. Усе гэтыя элементы вельмі карысныя для разумовай дзейнасці.

...мацуе сэрца

Шакалад утрымлівае карысныя тлустыя кіслоты, а значыць, не павышае ўзровень шкоднага халестэрыну. Акрамя таго, сам какава-алей утрымлівае стэарынавую кіслату, якая спрыяе паніжэнню ўзроўню халестэрыну ў крыві. Еўрапейскае таварыства кардыёлагаў пацвярджае, што поліфенолы какава-бабоў аказваюць спрыяльнае ўздзеянне на сардэчна-сасудзістую сістэму, кампенсуюць дзеянне павышанага халестэрыну ў крыві. Поліфенолы спрыяюць больш эфектыўнаму крыватоку і тым самым змяншаюць нагрузку на сэрца. Какава аказвае пазітыўнае дзеянне і на імунную сістэму, праўда, для адчування такога дзеяння спецыялісты рэкамендуюць выбіраць горкі шакалад вышэйшай якасці.

...не дапускае дэпрэсіі

Плітка шакаладу здольная развеяць хмуры настрой. Справіцца з сумнымі думкамі дапамагаюць какава-бабы. Нават пах гарачага шакаладнага напою пазбаўляе негатыўных думак, актывізуе эмацыянальны цэнтр. Вынайдзены ў шакаладзе сератанін дае станоўчыя імпульсы нервовай сістэме і ўплывае на настрой.

...беражэ фігуру

Узбуджальны эфект прысмаку быў выяўлены яшчэ ў старажытныя часы. Шакалад ужывалі якраз для падтрымкі сілаў, а значыць, не варта надзвычай налягаць на яго, тым больш есці на ноч. Шакалад з'яўляецца высокакаларыйным прадуктам, але ў асноўным з-за малака і глюкозы, якія ўваходзяць у яго склад. Сам жа какава-алей — асноўны інгрэдыент шакаладу, лічыцца прадуктам дыетычным. Шакаладныя калорыі досыць хутка засвойваюцца арганізмам і хутка потым расходуюцца. Як і любы іншы прадукт — шакалад пры разумным ужыванні можа быць часткай здаровай збалансаванай дыеты.

...не спрыяе карыесу

Парашок какавы перашкаджае разбурэнню зубной эмалі. Какава-алей лячэбным чынам уздзейнічае на зубы, абвалаквае іх абарончай плёнкай і папярэджвае ад разбурэння. Праўда, найбольш багатая на антыбактэрыяльныя рэчывы абалонка какава-бабоў, а яе ў працэсе гатавання выдаляюць. Японскія даследчыкі мяркуюць, што экстракт, прыгатаваны з абалонак какава-бабоў, варта дадаваць у зубную пасту і сродкі для паласкання ротавай поласці. Вядома, нельга ўжываць шакалад замест чысткі зубоў, аднак у адрозненне ад іншых прысмакаў, менавіта шакалад найменш небяспечны.

Святлана БАРЫСЕНКА.

←Burberry начинает выпускать косметику

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика