Што чакае міні-рынак Фарты?

Источник материала:  

Чытачку "Звязды" з Гродна Валянціну Амбражэвіч, якая патэлефанавала ў карпункт "Звязды", непакоіць лёс міні-рынку "Фарты": "Шмат гадоў карысталася яго паслугамі, а з нядаўняга часу гандаль там спынены, вядзецца рэканструкцыя. Ці не атрымаецца так, што на яго месцы з'явіцца іншы аб'ект і давядзецца ездзіць на Грандзіцкі рынак, які, кажуць, таксама чакаюць нейкія перамены?"

— Да мяне таксама былі званкі, каб не зачынялі міні-рынак у Фартах. Хачу запэўніць, што ён не зачыняецца, а прыводзіцца ў належны стан, — патлумачыў намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Сіўцоў. — Многія міні-рынкі ў абласным цэнтры атэставаныя ўмоўна, бо не цалкам адпавядаюць санітарным і пажарным нормам. Таму апошнім часам яны прыводзяцца ў больш цывілізаваны стан, што з'яўляецца неабходнай умовай для далейшага існавання гэтых аб'ектаў. Вось зрабілі рэканструкцыю міні-рынку ў мікрараёне "Дзевятоўка". Хіба ж ён стаў горшым? Не, стала лепш. Так будзе і ў Фартах. Якасць абслугоўвання пакупнікоў толькі палепшыцца, рынак будзе накрыты дахам, і не давядзецца хадзіць пад дажджом.

Што датычыцца Грандзіцкага рынку, то ён належыць спажыўтаварыству, якое, па ўзгадненні з гарвыканкамам і будзе прымаць рашэнне аб рэканструкцыі гэтага аб'екта. У такім выглядзе, як цяпер, ён ужо не адпавядае сучасным патрабаванням, а тым больш у цэнтры горада. Таму калі будзе дастойны інвестар, які належным чынам ператворыць гэты рынак, то, мяркую, ніхто не будзе супраць: ні пакупнікі, ні прадпрымальнікі.

— Ці ўсе прадпрымальнікі міні-рынку "Фарты"захаваюць свае рабочыя месцы, і ці не пагоршацца для іх пасля рэканструкцыі ўмовы арэнднай платы?

— Арэндная плата застанецца практычна той жа, а гандлёвых месцаў у сувязі з рэканструкцыяй будзе менш на тры. Аднак паколькі некаторыя прадпрымальнікі мелі па два месцы, то праблем быць не павінна. Днямі Савет прадпрымальнікаў рынку, як мяне праінфармавалі, вырашыў пытанне з падзелам гандлёвых месцаў, і ніякіх эксцэсаў, непаразумення не было.

Святлана Сівірчукова, начальнік упраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага гарвыканкама:

— Калі рынак у Фартах зачыніўся, у гарвыканкам звярнуліся тры прадпрымальнікі, якія займаюцца рэалізацыяй кветкавай прадукцыі. Яны папрасілі, каб на працягу рэканструкцыі рынку ім далі магчымасць гандляваць на тэрыторыі горада. Выканкам пайшоў насустрач і цяпер яны гандлююць побач з гандлёвым цэнтрам "Няміга—Фаварыт". Такім чынам, ідзём на ўсе магчымыя ўступкі, каб ніхто з індывідуальных прадпрымальнікаў і суб'ектаў гаспадарання не пацярпеў.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

←Burberry начинает выпускать косметику

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика