Апошняе слова Міхаіла Снегіра: "Не вінаваты"
28.04.2010 16:20
—
Новости Общества
Михаил Снегирь. Фото: kp.by |
Прысуд у справе Міхаіла Снегіра і Міхаіла Кудзелкі будзе абвешчаны 7 траўня. Гэтак сказаў старшыня судовай калегіі перад тым, як суд сышоў рыхтаваць прысуд.
Нагадаю, Міхаілу Снегіру прадстаўнік абвінавачання папрасіў 8 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці, а ягонаму нібыта саўдзельніку Міхаілу Кудзелку - 4 гады, таксама з канфіскацыяй. Абодва нібыта вінаватыя ў хабарніцтве і злоўжываннях службовым становішчам. Як паведаміў адвакат Анатоль Шапялевіч, вінаватымі сябе абвінавачаныя не прызналі, пра што 27 красавіка паўтарылі ў апошнім слове. Я спытаўся, як Міхаіл Снягір патлумачыў сваю датычнасць да будаўніцтва катэджу на беразе Мінскага мора:
"Дэталі я ж не магу сказаць. Пра катэдж проста: ён удзельнічаў у ягоным будаўніцтве, у аддзелцы катэджу. Тое, што ён і казаў напярэдадні справы".
Нагадаю, працэс над экс-пракурорам Міхаілам Снегіром і былым дырэктарам фірмы "Забудова" Міхаілам Кудзелкам ідзе за зачыненымі дзвярыма. Працэс цягнецца з 10 жніўня. За гэты час, паводле звестак, на судзе былі апытаныя больш за сто сведак. Як вынік? Раней пра справу адвакат казаў: "Гара нарадзіла мыш". Я спытаў у Анатоля Шапялевіча, як цяпер, пасля заканчэння спрэчак, ён ацэньвае абвінавачанне:
"Яшчэ больш пераканаўся ў тым, што гара нарадзіла мыш".
Прысуд у справе будзе абвешчаны 7 траўня. Паводле звестак, на абвяшчэнні дазволяць прысутнічаць публіцы і журналістам.
У лістападзе 2008 году Аляксандар Лукашэнка загадаў зняць з пасадаў Міхаіла Снегіра і намесніка генпракурора Мікалая Купрыянава ды прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці ў сувязі з гісторыяй аб элітнай кватэры Снегіра ў Мінску па вуліцы Ціміразева. Тады падазрэнні ў датычнасці да карупцыі былі выказаныя таксама на адрас суддзяў Цэнтральнага суду Мінску Алены Ільіной, Валера Есьмана і Таццяны Паўлічук. З гэтых суддзяў страціла пасаду толькі Алена Ільіна. Пазней у справе Снегіра пачаў фігураваць і катэдж каля Мінскага мора, пабудаваны нібыта на падстаўных асобаў.
Міхаіла Снегіра абвінавачваюць у атрыманні хабару, службовых злоўжываннях і захоўванні патронаў. Разам са Снегіром судзяць былога дырэктара фірмы “Забудова” Міхаіла Кудзелку, які, паводле следства, нібыта даваў хабар Снегіру ў выглядзе будаўнічых матэрыялаў на пабудову загараднага катэджу.