Танцуй, натуршчык
На чым мы можам дадаткова зарабіць і пры гэтым асабліва не напружвацца?
Грошай заўжды не хапае, колькі б іх ні было. Але навошта жаліцца — лепей падумаць, як зарабіць больш. Не сакрэт, што менавіта ў перыяд эканамічнага спаду актывізуецца народная кемлівасць, якая шукае шляхі выйсця. У такія часы праяўляюць сябе будучыя Ракфелеры і Ротшыльды. Вось і мы задумаліся ў вольную хвіліну, што рабіць. Бізнес-планаў не склалі, але некаторыя ідэі (па большай частцы з замежнага вопыту) можам прапанаваць.
Цела як крыніца даходуАле гэта не тое, пра што некаторыя падумалі. Некалькі гадоў таму назад адзін амерыканец прадаў на інтэрнэт-аўкцыёне сваю патыліцу. Дакладней, месца на ёй — пад рэкламу. І ведаеце, колькі на гэтым зарабіў? Амаль пяць тысяч фунтаў за татуіроўку з лагатыпам фірмы-рэкламадаўцы. Сучасныя людзі нярэдка ставяцца да свайго цела вельмі ўтылітарна, лічаць, што яно павінна прыносіць прыбытак, таму і “рэалізуюць” яго як рэкламную пляцоўку. Такія выпадкі ўжо фіксаваліся ў Расіі — кожны зарабляе як можа.Вось і мы вырашылі даведацца, ці можна ў Беларусі размясціць на сваім целе рэкламу. Напрыклад, з дапамогай перманентнай татуіроўкі.— Уся рэклама, якая знаходзіцца на вуліцы, з’яўлецца вонкавай, — расказалі нам у Міністэрстве гандлю, — для яе распаўсюджвання ўстанаўліваюцца спецыяльныя тэхсродкі. Яны пералічаны ў заканадаўчых актах. Цела, канешне, там няма. Аднак некаторыя сродкі першапачаткова не прызначаны для рэкламы (тыя ж парасоны), але яна на іх размяшчаецца. Праўда, толькі з дазволу мясцовых выканаўчых улад.Сёння нават чалавек можа стаць сродкам рэкламы. Галоўнае — каб быў дазвол. Тэлефаную ў Мінскі райвыканкам і прадстаўляюся бізнесмэнам. Хачу размясціць рэкламу на пляжы Мінскага мора. Аднак зрабіць гэта хачу незвычайна. Рэкламны малюнак купальнікаў 20 на 30 сантыметраў, якія я вырабляю і прадаю, будзе знаходзіцца ў выглядзе тату на спіне прыгожай дзяўчыны. Я ёй добра заплачу за гэта.— А з чаго дзяўчына зроблена? Дзе вы яе паставіце? — не разумеюць у аддзеле, адказным за рэкламу.— Ды жывая яна. І будзе не стаяць, а гуляць па пляжы.— Жывая?! Нават не ведаю, як аформіць пашпарт рэкламы на чалавека.Пасля шматлікіх кансультацый наша суразмоўца сказала:— Калі проста купальнікі, рэкламуйцеся так. Што тут рэклама на целе — у нас нават рэкламныя шчыты ставяць без дазволу...У Мінгандлю нас папярэдзілі, што самадзейнасць на ніве маркетынгу можа абысціся ў 20—50 базавых велічынь штрафу, але ж можна ўсё зрабіць і па законе. І фірма прыцягне да сябе ўвагу, і чалавек зможа добра зарабіць (які дурань пойдзе на такую авантуру за проста так?!).
Хлопчыкі танцуюць за кошт дзяўчынакАб’явы аб наборы ў школы танцаў сёння можна сустрэць на кожным кроку. Але хто на іх у асноўным адзываецца? Дзяўчаты! Не верыце, як-небудзь самі схадзіце на першы бясплатны ўрок. У лепшым выпадку там будзе адзін хлопец на восем прыгажунь. Дык чаму б мужчынам на гэтай сітуацыі не зарабіць?— За мяжой у школах танцаў існуе практыка, калі дзяўчаты аплачваюць заняткі партнёрам і нават прыплачваюць ім самім, каб яны ўвогуле вучыліся танцаваць, — расказалі нам у мінскім танцавальна-спартыўным клубе “Кінезіс”. — У Беларусі такое не практыкуецца. На танцах зарабляюць толькі прафесійныя танцоры, якія за грошы даюць прыватныя ўрокі.Можа, прымушаць дзяўчат плаціць і не вельмі сціпла, але што рабіць. Нашы маладыя людзі, у сваёй большасці, саромеюцца хадзіць на танцы або не жадаюць траціць на гэта свой час і грошы (месяц заняткаў сальсай, напрыклад, каштуе каля 80 тысяч). Дык трэба ж іх неяк зацікавіць.
Мая натура — маё багацце?Калі пытаўся ў знаёмых, як можна зарабіць, але пры гэтым асабліва не напружвацца, то часта чуў адказ: ідзі ў натуршчыкі! Што ж, каб праверыць на жыццяздольнасць гэтую ідэю, патэлефанаваў у Беларускую акадэмію мастацтваў. Там натура заўжды запатрабавана.— Стаць натуршчыкам проста — прыходзьце да нас, запаўняйце заяву, але хто сказаў, што вам працаваць будзе лёгка? — папярэджвае дэкан мастацкага факультэта Уладзімір Уродніч. — Вас могуць паставіць у такую позу, што праз кожныя дзесяць хвілін сутарга будзе зводзіць ногі. А прастаяць трэба тры гадзіны! Гэта справа звычкі, але справа нялёгкая.Па словах Уладзіміра Васільевіча, у натуршчыкі ідуць у большасці выпадкаў пенсіянеры. У апошні год колькасць тых, хто гатовы пазіраваць, значна вырасла. Можа, гэта павевы крызісу? Праўда, на гэтай справе асабліва не заробіш.— У нас пагадзінная аплата, — распавядае дэкан, — расцэнкі ўстанавіла Міністэрства працы. За партрэт мы можам заплаціць 5040 рублёў за гадзіну, за распранутую фігуру — каля 6000.Няшмат, але для кагосьці і гэта грошы...
Ідэя, якую забракаваліПадчас паездкі ў Кіеў звярнуў увагу на людзей, якія сядзелі ля разетак у некаторых магазінах і падземных пераходах і, здавалася, нічога не рабілі. Але насамрэч яны займаліся бізнесам, бо мелі пры сабе зарадныя прылады для розных мабільных тэлефонаў. За некалькі грывен прахожыя маглі “падсілкаваць” сваю трубку электрычнасцю.У Мінску сёння паволі з’яўляюцца аўтаматы для зарадкі тэлефонаў, але іх колькасць на горад мізэрная. Дык чаму б не наладзіць зарадную камерцыю ў нас? Тым больш што ёсць цудоўная пляцоўка для гэтай справы — Камароўскі рынак. Ледзь не кожны дзень туды прыходзяць тысячы пакупнікоў, і ў кагосьці з іх напэўна ўзнікаюць праблемы з мабільнікам.У адміністрацыі раёна да нашага жадання распачаць такі бізнес аднесліся са здзіўленнем, але ж параілі:— Рэгіструйцеся індывідуальным прадпрымальнікам, від дзейнасці — прадастаўленне іншых паслуг спажыўцам.А вось на Камароўцы нашая ідэя выклікала скепсіс:— Аўчынка вырабу не вартая. На гэтай аперацыі вы не адпрацуеце нават арэнды, бо яна ў нас вельмі дарагая — у месяц дзесьці 700—800 тысяч за месца. Мы ж вам не можам выдзеліць проста разетку, прыйдзецца арандаваць павільён. А колькі вы будзеце браць за зарадку? Не дваццаць жа тысяч — за такія грошы чалавек новае зараднае купіць.Але зарабляюць жа неяк украінцы на гэтай справе. Можа, у кагосьці з нас таксама атрымаецца?
Вызначальнікі модыМногіх цікавіць, што апранае Вікторыя Бэкхэм, Сара Джэсіка Паркер або Брэд Піт. Гэтыя людзі вызначаюць моду, іх пераймаюць. Невыпадкова зоркі кіно, спорту і шоу-бізнесу заключаюць кантракты з вытворцамі адзення. Між тым не толькі ад знакамітасцей залежаць модныя тэндэнцыі. Амаль у кожнай групе ёсць людзі, на якіх раўняюцца іншыя, у тым ліку і ў знешнім выглядзе. Сваім прыкладам яны гавораць, што будзе модна заўтра, і іх слухаюць. Такіх “таварышаў” называюць трэндсэтэрамі (з англійскага — тыя, хто ўстанаўлівае тэндэнцыі). На Захадзе вытворцы адзення нярэдка бясплатна забяспечваюць трэндсэтэраў моднымі рэчамі, каб астатнія ведалі, на што раўняцца, і каб беглі ў магазіны.Сусветныя брэнды наўрад ці будуць шукаць трэндсэтэраў у Беларусі, але чаму б гэтым не заняцца айчынным мадэльерам? Шырокай публіцы яны мала вядомыя, дык трэба з гэтым нешта рабіць — несці сваё адзенне “ў масы”, прывабліваць пакупнікоў. Вось тут і могуць спатрэбіцца людзі, якія вызначаюць густы, няхай толькі і ў пэўных колах (можа, у студэнцкім асяроддзі, а можа, сярод жанчын за 40).— Мы ў Беларусі да такога яшчэ не дайшлі, — кажа Іна Фецісава, камерцыйны дырэктар кампаніі — вытворцы беларускага адзення “Фэшн дызайн Вольга Асіпенка”, — хаця за мяжой ёсць такая практыка. У нас апранаюцца некаторыя зоркі эстрады, напрыклад Гюнэш, але і яны набываюць адзенне за грошы.
P.S. Калі ў вас ёсць нестандартныя ідэі дадатковага заробку і вам не шкада, каб імі скарыстаўся хтосьці яшчэ — дасылайце лісты на паштовую скрыню рэдакцыі або на e-mail: info@ng.by Самыя цікавыя парады трапяць на старонкі газеты.