Мінскія карані галівудскага кінаакцёра
22.04.2010
—
Новости Общества
Бабуля Харысана Форда была родам з Беларусі
Узяцца за пошукі звестак пра Ганну (Анну, Ханну, Хаю, магчыма, па вымаўленні, Фанну) Ліфшыц мяне падштурхнула публікацыя “Чалавек шукае чалавека” ў “Голасе Радзімы” (11 верасня 2008 г.). Прыгадаю: тады група маскоўскіх і англійскіх карэспандэнтаў звярнулася ў газету з просьбай дапамагчы ім знайсці мінскія сляды “любімай бабулі” амерыканскага акцёра Харысана Форда. Сусветную славу яму прынесла выкананне галоўных роляў у фільмах “Індыяна Джонс” і “Зоркавыя войны”. Вядома было, што яна эмігравала ў ЗША разам з бацькамі каля 1907 года, а потым выйшла замуж за ірландца Гары Нідэльмана. Іх дачка, артыстка Дора (Дораці) Нідэльман Форд, якая нарадзілася ў 1917 годзе, і стала маці знакамітай галівудскай кіназоркі. Аўтары той публікацыі, Галіна Івуць і Адам Мальдзіс, заканчвалі яе словамі надзеі, звернутымі да супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, якім яны пераадрасавалі “просьбу нашых зарубежных калег-журналістаў”.
Я ўзялася за пошукі адпаведных дакументаў у фондзе “Канцылярыя мінскага грамадзянскага губернатара”: туды эмігранты накіроўвалі прашэнні аб выдачы зарубежных пашпартоў. Працэдура іх атрымання была даволі складанай, апрача прашэння трэба было здаваць “унутраны” пашпарт і, у выпадку вяртання, атрымоўваць яго такім жа чынам назад. Для пошуку вызначыла два рускія варыянты прозвішча: “Лифшиц” і “Лившиц”. Аказалася, за перыяд з 1906 да 1910 года з Мінска выязджалі тры асобы з першым варыянтам прозвішча і пяць — з другім. Асабліва нас, зразумела, цікавілі не ўладальнікі пашпартоў, а члены іх сем’яў. Найперш сустрэліся 52-гадовая Хая Невахаўна, жонка Абрама Меіра Ліўшыца, і 35-гадовая жонка мінскага правізара Саламона Ліфшыца Фанна Давідаўна. Але па сямейным стане і ўзросце яны яўна не падыходзілі…
Нарэшце ў фондзе 925 (вопіс 2) аказалася справа № 86. У ёй названа 12-гадовая Ханна Фейга, дачка мінскай мяшчанкі Таўбы Ліфшыц, якая з дзяўчынкай і дзесяцігадовым сынам Львом Якавам у другі раз выехала з Мінска ў 1908 годзе. Ханна Фейга найбольш падыходзіла па імю і ўзросце (1896 года нараджэння?), каб потым стаць бабуляй Харысана Форда (у 1917-м яна ўжо магла нарадзіць). На жаль, у пасведчанні мінскага паліцмайстра, выдадзеным Таўбе Ліфшыц 30 кастрычніка, не ўказана месца, куды яна накіроўвалася. Сказана толькі: яна пакідала краіну па хадайніцтве мужа і “па ўласных справах”. Але з дакументаў відаць, што першы раз яна выязджала за граніцу ў 1906 годзе. Да дазволу падшыта і копія замежнага пашпарта, з якой відаць: у якасці пункту перасячэння граніцы быў вызначаны горад Вежбалова (цяпер Вербаліс, Літва). Значыць, там, а таксама ў Брукліне магчымы дадатковыя знаходкі. Цяпер шукаць будзе прасцей: вядомы імя, час, месца...
Пасля 1908 года замежны пашпарт Таўбы Ліфшыц ужо не быў запатрабаваны, значыць, і яна сама з сям’ёй назад не вярталася. З гэтага вынікае, што яе дачка Ханна Фейга Ліфшыц, хутчэй за ўсё, і стала бабуляй любімага гледачамі Харысана.
Надзея Статкевіч,
супрацоўніца Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі