Да 1000 еўра за дзяўчыну...
Вярбоўшчык за "ўзнагароджанне" вывозіў беларусак у Маскву, дзе яны траплялі ў прытон
Праўда, абвінавачаны, 23-гадовы прамысловы альпініст з вёскі Казазаеўка Рэчыцкага раёна, кажа, што вербаваў і пастаўляў з рэспублікі "жывы тавар" у Расію без мэты нажывы. Аднак, паводле аператыўнай інфармацыі, гэта не так: за кожную гандлярку целам ён атрымліваў салідны ганарар, які даходзіў да 1000 еўра.
Як паведаміў карэспандэнту "Звязды" прэс-сакратар Упраўлення ўнутраных спраў на транспарце Аляксандр Марчанка, апошнія пяць гадоў зламыснік жыў і працаваў па спецыяльнасці ў Маскве. У расійскай сталіцы ён уладкаваўся да таго ж ахоўнікам аднаго з прытонаў, а пазней і далучыўся да заганнага "бізнэсу" — пачаў займацца пастаўкай беларусак для занятку прастытуцыяй. Першы "матылёк" трапіўся ў "сілкі" да яго ў Гомелі, дзе прамысловы альпініст гасцяваў у сябра. Дзяўчыну, якой было прапанавана працаўладкаванне ў прытоне, зламыснік знайшоў праз рэкламную аб'яву ў інтэрнэце — тая шукала працу на пастаяннай аснове. Потым былі іншыя ахвяры, якія здаваліся пасля настойлівых угавораў і пагаджаліся аказваць інтым-паслугі... У Маскве за гадзіну працы гандляркі целам атрымлівалі 1500 расійскіх рублёў, з якіх ім даставаліся толькі 30 працэнтаў. Больш за тое, і гэтыя грошы ў іх адбіралі: адзін раз на тыдзень у прытон прыязджалі ўзброеныя бандыты, якія збівалі прастытутак і забіралі не толькі целам заробленыя "ганарары", але і каштоўнасці. Дарэчы, паводле меркавання следства, "налёты" арганізоўваў трымальнік прытона. Зразумела, такая "праца" акрамя ўрону нічога не прыносіла, таму шукальніцы лепшага жыцця, якія сутыкнуліся з жорсткай рэчаіснасцю, вымушаныя былі вяртацца дадому. А абвінавачаны шукаў новых ахвяраў.
"Пагарэў" ён на чарговай вярбоўцы, калі спрабаваў спакусіць бабруйчанку, знаёмства з якой адбылося на адным з інтэрнэт-сайтаў: дзяўчына адмовілася ад прапановы і паведаміла ў міліцыю пра падазроныя "заляцанні". Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі зламысніка з доказамі віны. А ў ходзе далейшых аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў сумесна з расійскімі калегамі супрацоўнікі транспартнай міліцыі нашай краіны спынілі дзейнасць аднаго з прытонаў. Што ж датычыцца вярбоўшчыка з Казазаеўкі, то яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Следствам Асіповіцкага АУСТ яму прад'яўлена абвінавачанне па двух артыкулах КК.
Ігар ГРЫШЫН.