За спрыяльнае вырашэнне пытання...
Упраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці заведзена крымінальная справа па ч. 2 арт. 430 ("атрыманне хабару шляхам вымагальніцтва") Крымінальнага кодэкса Беларусі ў дачыненні да першага намесніка старшыні праўлення і выканаўцы абавязкаў намесніка старшыні праўлення па прамысловасці Шчучынскага раённага спажывецкага таварыства.
Паводле інфармацыі прэс-службы УКДБ па Гродзенскай вобласці, гэтыя службовыя асобы, адказныя за каардынацыю і развіццё нарыхтовак, арганізацыю разлікаў з пастаўшчыкамі тавараў і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне прадпрыемства, выкарыстоўвалі свае паўнамоцтвы ў карыслівых мэтах. Устаноўлена, што шляхам вымагальніцтва яны атрымалі грошы ў якасці хабару за спрыяльнае вырашэнне пытання па закупцы сельскагаспадарчай прадукцыі. Гэтым асобам прад'яўлена абвінавачванне, высвятляюцца і іншыя факты іх незаконнай дзейнасці.
Акрамя таго, не выключана верагоднасць прыцягнення да адказнасці і іншых асобаў у сувязі з фактамі незаконнай дзейнасці ў сферы закупак сельгаспрадукцыі ў сістэме спажыўкааперацыі, інфармацыяй аб якіх валодае УКДБ па Гродзенскай вобласці. Устаноўлены шматлікія факты складання і выкарыстання фіктыўных дакументаў, што выкарыстоўваліся пры закупках. Супрацоўнікі дзяржбяспекі праводзяць праверку, у ходзе якой дадаткова заведзены шэраг крымінальных спраў.
Барыс ПРАКОПЧЫК.