Сусед Эяф'ятлаёкудля прачынаецца?
Эяф'ятлаёкудль можа справакаваць вывяржэнне суседняга вулкана Катла, якое можа быць больш магутным у 10 разоў.
Вулканы размешчаны ў 20 км адзiн ад аднаго i злучаны сiстэмай магматычных каналаў. Калi адбудзецца вывяржэнне Катлы, то iстотна большай будзе колькасць выкiнутага ў атмасферу попелу: Катла пахаваны пад леднiком Мюрдальсекюдль таўшчынёй у паўкiламетра — прыкладна ўдвая таўсцей леднiка Эяф'ятлаёкудль (попел утвараецца, калi лава змушана прарываецца на паверхню праз лёд). Мясцовыя жыхары ў выпадку вывяржэння павiнны будуць эвакуявацца на працягу дзвюх—трох гадзiн, пасля гэтага iх дамы знясе велiзарнай колькасцю расталай вады. Апошняе буйнае вывяржэнне Катлы адбылося ў 1955 годзе. Учора, як паведамляецца, вулкан падаў прыкметы жыцця, пакуль, зрэшты, даволi слабыя.
Аляксандр Сабалеўскi.