Замежныя грамадзяне змогуць зарэгістравацца на ЦТ па пошце

Источник материала:  
21.04.2010 12:30 — Новости Общества
3 мая ў краіне распачнецца рэгістрацыя для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, якое стартуе 14 чэрвеня. Гэта значыць, што абітурыентам трэба тэрмінова вызначацца з наборам экзаменацыйных дысцыплін, якія яны будуць здаваць на цэнтралізаваным тэсціраванні. Ранейшы парадак застаўся нязменным: на цэнтралізаваным тэсціраванні дазваляецца здаваць толькі тры вучэбныя дысцыпліны. Абавязковым для ўсіх абітурыентаў з'яўляецца тэсціраванне па адной з дзвюх дзяржаўных моў, аднак рэгістравацца для ўдзелу ў тэсціраванні адначасова і па рускай, і па беларускай мове катэгарычна забараняецца. У тым выпадку, калі абітурыент зарэгіструецца для праходжання ЦТ больш чым па трох вучэбных прадметах, ён будзе дапушчаны да здачы тэсціравання толькі па першых трох дысцыплінах, якія стаяць у графіку правядзення ЦТ.

— Для таго, каб зарэгістравацца на ЦТ, зусім неабавязкова прапускаць школьныя заняткі, — падкрэсліў у гутарцы з журналістам "Звязды" дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ. — Пункты рэгістрацыі будуць працаваць не толькі па працоўных днях тыдня, але і па суботах 15, 22 і 29 мая з 8 гадзін раніцы да 20 гадзін. Да таго ж маладым людзям, якія плануюць паступаць у сталічныя навучальныя ўстановы, зусім неабавязкова ехаць здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне ў Мінск, бо месца праходжання тэсціравання ніяк не звязана з будучым выбарам навучальнай установы. Сертыфікаты ўсе ўдзельнікі ЦТ атрымліваюць аднолькавыя, без указання месца праходжання тэсціравання.

Для рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне абітурыент павінен асабіста падаць заяву на адной з дзвюх дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь. Выбар мовы, на якой абітурыент хоча здаваць будучыя тэсты, таксама ажыццяўляецца на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Трэба мець на ўвазе, што пазней на цэнтралізаваным тэсціраванні вобласць рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. Таксама абітурыент абавязаны падаць у пункт рэгістрацыі дакумент аб унясенні платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ і паказаць дакумент, які сведчыць яго асобу: пашпарт, від на жыхарства, пасведчанне бежанца ці афіцыйную даведку, якая выдаецца органамі ўнутраных спраў у выпадку страты ці крадзяжу дакумента, які сведчыць асобу. Ніякія іншыя дакументы, у тым ліку вадзіцельскае пасведчанне, для рэгістрацыі не падыходзяць, як і тлумачэнні накшталт "здаў пашпарт у пасольства для адкрыцця візы".

Плата за прыём і афармленне дакументаў (так званы рэгістрацыйны ўзнос) складае 10 тысяч рублёў за адзін прадмет.

Абітурыенты, якія маюць права на вызваленне ад платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу у ЦТ, павінны дакументальна пацвердзіць сваё права на льготу: гэта можа быць пасведчанне інваліда, выпіска з медыцынскіх дакументаў, даведка аб месцы жыхарства і складзе сямі (калі ў сям'і выхоўваюцца трое і больш дзяцей), дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць статусу ў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, пасведчанне аб правае на льготы асобаў з сем'яў вайскоўцаў, работнікаў органаў МУС і г.д., якія загінулі ці сталі інвалідамі пры выкананні воінскіх і службовых абавязкаў.

Унесці плату за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу абітурыентаў у цэнтралізаваным тэсціраванні можна будзе ў любой установе "Беларусбанка".

— Я хацеў бы звярнуць увагу абітурыентаў на тую акалічнасць, што грошы павінны пералічвацца на рахунак той установы, на базе якой абітурыент будзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, — падкрэсліў Мікалай Фяськоў. — Калі ласка, не трэба пералічваць грошы на рахунак нашага інстытута, не варта блытаць рэпетыцыйнае і цэнтралізаванае тэсціраванне. Інфармацыя аб банкаўскіх рэквізітах і нумарах бягучых рахункаў па пазабюджэтных сродках навучальных устаноў, вызначаных пунктамі правядзення ЦТ, ёсць ва ўсіх філіялах "Беларусбанка", у пунктах рэгістрацыі і на сайтах устаноў адукацыі.

Дарэчы, грошы, унесеныя абітурыентам за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ, вяртанню не падлягаюць. Гэта значыць, што калі ў абітурыента зменяцца планы і ён па нейкай прычыне прапусціць цэнтралізаваны тэст-экзамен, унесеныя грошы яму вяртацца не будуць. Разам з тым, да заканчэння тэрміну рэгістрацыі абітурыент мае права абмяняць свой пропуск на пропуск па іншай дысцыпліне. Пропуск лічыцца зарэгістраваным, калі на ім ёсць пячатка ўстановы, вызначанай пунктам правядзення тэсціравання, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і ўказаны яго рэгістрацыйны нумар. У выпадку страты пропуска абітурыенту выдаецца яго дублікат.

Для замежных грамадзянах у парадку рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне зроблена адно важнае выключэнне: замежныя грамадзяне і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за мяжой, маюць права зарэгістравацца не асабіста, а па пошце. Для гэтага ім трэба будзе накіраваць у пункт рэгістрацыі ксеракопію дакумента, які сведчыць іх асобу, і заяву, запоўненую па пэўнай форме (яе ўзор можна ўзяць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў www.rіkz.unіbel.by). А квітанцыю аб унясенні платы за афармленне дакументаў і арыгінал дакумента, які сведчыць асобу, яны пакажуць ужо пры атрыманні пропуска. Галоўнае, каб дакументы прыйшлі па пошце не пазней за 1 чэрвеня, гэта значыць, не пазней за апошні дзень рэгістрацыі. Можна скарыстацца таксама і дапамогай сваякоў, якія пражываюць у Беларусі: тыя запоўняць заяву, аплацяць рэгістрацыйны ўзнос і пададуць у пункт рэгістрацыі ксеракопію дакумента, якія сведчыць асобу будучага абітурыента. Абітурыентам, якія не вывучалі гісторыю Беларусі, дазваляецца замест гэтай дысцыпліны здаваць тэст-экзамен па сусветнай гісторыі навейшага часу. Праўда, калі абітурыент нацэлены менавіта на гістарычны профіль, то без іспыту па гісторыі Беларусі яму ўсё роўна ніяк не абысціся.

Мікалай Фяськоў паведаміў, што ў гэтым годзе сістэму рэгістрацыі чакае тэхнічнае ўдасканаленне. Летась на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы ў тэставым рэжыме эксплуатавалася аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма "Агульнарэспубліканкі банк даных удзельнікаў ЦТ". А ў бягучым годзе ў гэтую сістэму будуць уключаныя ўсе пункты тэсціравання, размешчаныя ў Мінску, а таксама пункты рэгістрацыі, размешчаныя на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

Укараненне гэтай сістэмы дазваляе забяспечыць рэгістрацыю абітурыентаў па прынцыпе аднаго акна і, галоўнае, павысіць аператыўнасць самой рэгістрацыі. Працэс атрымання пропуска на тэсціраванне будзе выглядаць прыкладна так. Абітурыент з дакументамі і квітанцыямі аб аплаце рэгістрацыйнага ўзносу прыходзіць у пункт рэгістрацыі. Аб'яднаная база даных дазваляе аператару бачыць свабодныя месцы ва ўсіх пунктах тэсціравання (у межах сталіцы ці ў межах сваёй вобласці), таму абітурыент усяго за некалькі хвілін можа забраніраваць за сабой пасадачнае месца на тэсціраванне па беларускай мове ў адной навучальнай установе, па матэматыцы — у другой, а па замежнай мове — у трэцяй. Яму не давядзецца бегаць з аднаго пункта рэгістрацыі ў другі. Гэта асабліва актуальна для сталіцы, дзе размешчана вялікая колькасць пунктаў рэгістрацыі. Аператар запаўняе бланкі ў электронным варыянце, што выключае памылкі пры запаўненні самім абітурыентам. Прычым праграма паведаміць аб памылцы, калі, напрыклад, аператар выпадкова набярэ няправільную колькасць сімвалаў у нумары пашпарта. А ў выпадку страты пропуска на ЦТ яго аднаўленне і раздрукоўка зоймуць у аператара лічаныя секунды. У Гродна летась быў выпадак, калі малады чалавек умудрыўся згубіць усе тры пропускі, не паспеўшы далёка адыйсці ад стала рэгістратара, таму яму тут жа раздрукавалі дакументы паўторна.

Асноўнай перавагай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы рэгістрацыі абітурыентаў Мікалай Фяськоў лічыць рэжым рэальнага часу, які дазваляе эфектыўна змагацца з так званымі "двайнікамі" — абітурыентамі, якія пажадаюць зарэгістравацца больш чым на тры дысцыпліны. Калі, напрыклад, абітурыент, атрымаўшы ў адным пункце рэгістрацыі тры пропускі на ЦТ, завітае ў іншую ВНУ за чацвёртым пропускам, то камп'ютарная сістэма тут жа яго вылічыць. Вылічыць яна і хітруноў, якія пажадаюць зарэгістравацца адначасова на беларускую і рускую мову. Нават калі ў абітурыента няма неабходнасці здаваць на тэсціраванні тры дысцыпліны (скажам, калі абітурыент паступае ў ССНУ ці з'яўляецца пераможцам рэспубліканскай або абласной алімпіяды), усё роўна здаваць адначасова і беларускую, і рускую мову на ЦТ ён не зможа.

Тыя абітурыенты, якія па ўважлівай прычыне прапусцяць цэнтралізаваны тэст-экзамен у асноўны дзень, змогуць прайсці ЦТ у рэзервовы дзень — 5 ліпеня. Аднак сваё права скарыстацца рэзервовым днём давядзецца даказваць дакументальна. Перарэгістрацыя на рэзервовы дзень будзе весціся з 25 чэрвеня па 2 ліпеня ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы, Беларуска-Расійскім універсітэце і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Цэнтралізаванае тэсціраванне ў рэзервовы дзень будзе праходзіць для абітурыентаў з усёй краіны ў сталіцы, на базе БДУ. Прычым здаць 5 ліпеня можна будзе толькі адну дысцыпліну.

←В Минске появится парк «Беларусь»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика