Мітрапаліт Філарэт: Сапраўдны патрыятызм пазбаўлены ўзнясення, славалюбства, пагарды да іншых народаў
заявіў 19 красавіка ў Мінску на пасяджэнні каардынацыйнага савета па супрацоўніцтве органаў дзяржаўнага кіравання і Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
Паводле яго слоў, асновай сапраўднага патрыятычнага пачуцця з’яўляецца любоў, якая гатова да ахвяравання дзеля іншых і Айчыны. «Той, хто любіць сваю Радзіму, гатовы з павагай паставіцца да іншых народаў, ацаніць багацце і прыгажосць іншай культуры, іншай цывілізацыі. Здольнасць змясціць і з удзячнасцю прыняць разнастайнасць свету як дар Божы служыць адным са сведчанняў хрысціянскага патрыятычнага пачуцця», — сказаў Філарэт.
***
Як зазначыў рэферэнт Мінскага епархіяльнага ўпраўлення БПЦ, каардынатар па пытаннях рэалізацыі праграм супрацоўніцтва дзяржавы з царквой Андрэй Алешка, БПЦ выступае за тое, каб у грамадзянскай супольнасці «больш актыўна, адкрыта і шырока» абмяркоўваліся надзённыя праблемы жыцця, грамадска значныя пачынанні і праекты ад маральнасці да адукацыі, дэмаграфічных і медыцынскіх пытанняў.
Выканаўчы дырэктар выдавецтва Беларускага экзархату РПЦ Уладзімір Грозаў заклікаў членаў савета падтрымаць рэалізацыю ва ўсіх установах адукацыі і выхавання краіны навучальнай праграмы «Асновы айчыннай духоўнай культуры». На яго думку, існуе «ярка выражаны сацыяльны заказ» на ўкараненне гэтай «адзінай легітымнай праграмы для ўсёй сістэмы нашай нацыянальнай адукацыі і выхавання».
«Сёння гэта як ніколі надзённа. Пагрозы, якія існуюць для нашай грамадзянскай супольнасці і дзяржавы, не змяншаюцца, а з кожным годам становяцца ўсё больш вытанчанымі, асабліва ў інфармацыйнай сферы. І супрацьстаяць гэтаму можа толькі сістэмная, паслядоўная і агульная праца, асабліва ў сістэме адукацыі», — сказаў Грозаў.
Марат Гаравы, БелаПАН