Сапраўдны белавежац. Такога ганаровага звання удастойваецца кожны малады спецыяліст у пярвічцы БРСМ ААТ “Белавежскі”

Источник материала:  
Сапраўдны белавежац.
Такога ганаровага звання удастойваецца кожны малады спецыяліст у пярвічцы БРСМ ААТ “Белавежскі”

Напэўна, з таго пачынаецца прыязнасць маладога спецыяліста да прадпрыемства, куды яго накіравалі па размеркаванні, як сустрэнуць там, на зямлі, якая мусіць стаць роднай.

Па размеркаванні Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта на Камянеччыну, у ААТ “Белавежскі”, Ірына Сахарко прыйшла з дыпломам інжынера-механіка.У Пружанах яна з залатым медалём скончыла школу. Ірына марыла стаць журналістам, расказваць людзям пра падзеі ў краіне і свеце. Раённая газета нават не раз камандзіравала яе на інтэрв’ю да розных цікавых асобаў. А калі надышла пара вызначацца з прафесіяй, яна раптам збаялася....У адной з буйнейшых і паспяховых гаспадарак краіны яе прынялі інжынерам па ахове працы. Калі ж скончыўся тэрмін паслядыпломнай адпрацоўкі, генеральны дырэктар ААТ “Белавежскі” Юрый Мароз спытаў, чым яна хацела б займацца. Ірына і адкрыла Юрыю Дзмітрыевічу сваю запаветную мару. Ён і прапанаваў амаль што яе здзяйсненне — расказваць аб прадпрыемстве, якое дало дзяўчыне пуцёўку ў жыццё. Сёння Ірына працуе менеджэрам па рэкламе і за тое, што нікуды не з’ехала, генеральнаму дырэктару ўдзячна бязмежна.Маладога спецыяліста Ірыну Сахарко, як і належыць, у гаспадарцы прынялі душэўна. Тое, што калектыў аднаго з буйнейшых у краіне прадпрыемстваў вельмі дружны, яна зразумела адразу. Дый заработная плата не меншая, чым у аднакашнікаў у Брэсце і нават Мінску. Да таго ж з жыллём праблем няма.Пярвічная арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, узначаліць якую і кіраўніцтва прадпрыемства, і райкам арганізацыі ёй даверылі амаль што адразу, у верасні 2008 года, сёння таксама адна з самых вялікіх у вобласці.— БРСМ канечне ж аб’ядноўвае моладзь. Налічвае наша пярвічка больш за сотню юнакоў і дзяўчат, — расказвае Ірына. — Нехта далучаецца, хтосьці пакуль што прыглядаецца. Сілком мы нікога, зразумела, не цягнем. Навошта? Прыходзяць тыя, хто хоча жыць цікава. Некаторыя з навічкоў напачатку кажуць, што вы толькі ўзносы збіраеце. А потым бачаць: тая тысяча рублёў у месяц, якую ў кашальку не надта і адчуваеш, да якой дырэкцыя дадае яшчэ ў разы болей, якраз на тое і ідзе, каб жыццё на вёсцы моладзі сумным не здавалася. Дык сёння многія нават абураюцца: чаму мяне не пазвалі на тое ці іншае мерапрыемства!Цяпер у “Белавежскім” нараджаюцца новыя традыцыі. Напрыклад, пасвячэнне маладых спецыялістаў у працаўнікі прадпрыемства. Уручэнне кожнаму значка “Сапраўдны белавежац” толькі надае гонару і годнасці.Зрэшты, нагоды для свята тут не шукаюць: яна заўжды ёсць, калі справы ладзяцца ды каб імпэт маладых падтрымаць. Зараз прыдумалі сапраўднае шоу — “Цудоўная пяцёрка”. За таленты кожнай з чатырох каманд сабраўся пабалець не толькі пасёлак Белавежскі. А кіраўніцтва ААТ паклапацілася аб новай гукавой апаратуры ды каштоўных прызах.Вясной у час суботнікаў тут звычайнай справай стала збіраць камяні на палетках Камянеччыны. Грошы, што зарабілі летась на гэтай справе, накіравалі на добраўпарадкаванне мемарыялаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне.— Пасёлак наш такі ўтульны. На працу вельмі прыемна ісці паўз кветкавыя клумбы, фантаны ды альпійскія горкі, якія, дарэчы, упрыгожваюць і кожнае з вытворчых падраздзяленняў гаспадаркі. Усё зроблена ўласнымі рукамі.У бліжэйшых планах маладзёжнай арганізацыі — інтэлектуальны і спартыўны конкурсы. А потым — невялічкае зацішша: пачнецца жніво. Зрэшты, калгасная пярвічка БРСМ і тут не праміне адзначыць прызамі тых, хто будзе лепшым на ніве.— Я ўпэўнены: калі забяспечыць людзям утульнае, камфортнае і нябеднае жыццё на вёсцы, даць дастойную працу, дапамагчы з вырашэннем жыллёвага пытання, стварыць умовы для цікавага вольнага часу, то гэта абавязкова будзе аценена. Адзін-два, магчыма, і з’едуць у горад, але ж пяцёра застануцца. Галоўнае — ніколі не пакідаць чалавека адзін на адзін з ягонымі праблемамі, — падкрэслівае Юрый Мароз.

←Гандаль па-лунінецку. Кіраўнік аднаго з лепшых райпа ў краіне знаходзіць станоўчыя моманты ў фінансавым крызісе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика