Важная работа. Гарадчукі прагнуць новых працоўных месцаў і роўных вуліц

У Давыд-Гарадку, размешчаным наводдаль ад райцэнтра ў Століне, значную ролю адыгрывае гарсавет. Таму для гарадчукоў, як сябе называюць мясцовыя жыхары, асабліва важна, каб у Савеце дэпутатаў былі актыўныя, гаспадарлівыя людзі.
Прадпрымальніцкі ўклад
— У горадзе — каля 6,9 тысячы жыхароў, з якіх каля паловы — працаздольныя. Але кожны трэці з іх не мае пастаяннага месца работы. Такім чынам, неабходна стварыць каля адной тысячы працоўных месцаў, — расказвае пра галоўны клопат мясцовай улады старшыня Давыд-Гарадоцкага гарсавета Уладзімір Галавач.Вырашыць гэтую праблему, на яго думку, можна перш за ўсё за кошт выкарыстання незанятых плошчаў ААТ “Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод”. Вытворчыя магутнасці прадпрыемства пакуль што загружаны толькі на 50 працэнтаў. Пры падтрымцы мінскага “Атланта” плануецца размясціць дадатковае абсталяванне і даць людзям работу. Акрамя гэтага, мяркуюць каля 5 тысяч квадратных метраў, ці шостую частку ад усіх плошчаў, аддаць у арэнду ці прадаць інвестарам, якія гатовы наладзіць тут вытворчасць.Разам з гэтым новыя працоўныя месцы плануецца ствараць і ў недзяржаўным сектары эканомікі, у якім ужо цяпер занята каля 15 працэнтаў працаўладкаванага насельніцтва горада. Напрыклад, фермер на базе незанятых памяшканняў былога інструментальнага прадпрыемства мае намер зрабіць сховішча для гародніны і садавіны. Ён таксама плануе будаваць прычал на Гарыні, невялікую гасцініцу, аграсядзібы.Яшчэ адзін прадпрымальнік збіраецца адкрыць станцыю дыягностыкі аўтатранспарту. Там жа задумана арганізаваць і станцыю тэхнічнага абслугоўвання.У бліжэйшы час поўнасцю вырашыць праблему наўрад ці атрымаецца, прызнаецца Уладзімір Галавач. Тым не менш пазітыўныя зрухі ўжо ёсць.
Праўда — найлепшы аргумент
— Не хапае месцаў у дзіцячых садках, трэба рамантаваць аб’екты аховы здароўя. Неабходна добраўпарадкаваць вуліцы, бо з 65 кіламетраў вуліц і завулкаў горада каля 40 — з грунтовым пакрыццём, — пералічвае старшыня гарсавета яшчэ некаторыя клопаты.На гэтай пасадзе былы дырэктар электрамеханічнага завода ўжо больш за дзесяць гадоў. Таму ўсе праблемы гарадчукоў ён ведае не па чутках. І такі багаты досвед, як лічаць многія , дае яму права ізноў ісці кандыдатам на выбарах у мясцовыя Саветы.— Я не абяцаю шмат, а расказваю, што мы зрабілі і плануем рабіць. Трэба расказваць аб рэальнай сітуацыі і паказваць, як мы можам выправіць тыя ці іншыя хібы. Трэба казаць праўду, нават калі яна не заўсёды прыемная. Толькі пры такім падыходзе да выбаршчыкаў, лічыць Уладзімір Галавач, кандыдату павераць.
Думаць аб дарогах і патрыятызме
Словамі і справамі пераконваць людзей збіраецца і Уладзімір Пашкевіч, які таксама з’яўляецца кандыдатам у дэпутаты. Сярод пунктаў яго праграмы — добраўпарадкаванне вуліц і ўдасканаленне сістэмы водазабеспячэння. — Трэба больш арганізоўваць святаў, займацца маральным і ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі, — гэта Уладзімір Іванавіч, былы ваенны, таксама лічыць вельмі важным. — Улада павінна клапаціцца пра народ, а не пра сябе.
Быць актыўным
Асаблівасць Столінскага раёна заключаецца ў тым, што значная частка працаздольнага насельніцтва не мае пастаяннага месца работы, працуе на прысядзібных участках, у цяпліцах ці ездзіць на заробкі ў іншыя рэгіёны нашай краіны і ў замежжа, тлумачыць першы намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі. Таму галоўная задача дзяржаўнай улады — стварэнне новых працоўных месцаў. Таксама трэба павялічваць маштабы і павышаць эфектыўнасць перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, атрыманай у прыватных гаспадарках грамадзян. Усяго за год ураджай такой гародніны складае каля 120 тысяч тон. Ёсць у раёне Гарынскі камбінат. Але мала штосьці вырабіць — трэба яшчэ ў сітуацыі вострай канкурэнцыі прабіцца на рынак. Здавалася б, калі ў насельніцтва такія добрыя поспехі ў фермерстве, дык трэба развіваць гэты кірунак. Аднак на гэтым шляху ёсць аб’ектыўныя перашкоды: на Століншчыне шчыльнасць насельніцтва высокая, а прыдатных для раслінаводства зямель не хапае. — Мы спадзяёмся, што часткова вырашыць гэту праблему дапаможа праграма развіцця Прыпяцкага Палесся, у межах якой у выніку меліярацыі плошча высакаякасных сельгасугоддзяў можа павялічыцца, — гаворыць ён. — Новыя працоўныя месцы плануецца ствараць і за кошт развіцця аграэкатурызму.Рыгор Пратасавіцкі лічыць, што важкі ўклад у вырашэнне праблем жыхароў раёна могуць унесці дэпутаты мясцовых Саветаў. Для гэтага ў іх ёсць паўнамоцтвы і механізмы. А яшчэ трэба мець і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Выбары ў мясцовыя Саветы дапамагаюць выявіць такіх людзей.