Бабёр напалохаў вяскоўцаў
У вёску Вострава Слонімскага раёна ўначы завітаў незвычайны госць — рачны еўрапейскі бабёр. Да самай раніцы ён хадзіў па вясковых вуліцах, агародах і падворках. Жыхарка Вострава Алена Лабар сказала, што раніцай, калі вяскоўцы прачнуліся, у вёсцы гаспадарыў незвычайны госць з доўгім, сантыметраў 30, хвастом. Ён напалохаў сабак, курэй, пагрыз плот.
Вяскоўцы адразу патэлефанавалі ў Слонімскую райінспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Супрацоўнікі інспекцыі выехалі ў Вострава. Разам з сельскімі жыхарамі яны пачалі лавіць бабра. Мужчыны перакрылі аўтатрасу, каб бабёр не выбег на шашу і не трапіў пад колы машын. Але хітры звярок сцяміў, што за ім "палююць", таму схаваўся на калгасным полі ў адной з лужын. Вось тут яго і злавілі супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў, а потым у мяшку адвезлі бабра на лясное возера, якое знаходзіцца каля вёскі Махначы, і выпусцілі ў ваду.
Паводле слоў слонімскіх спецыялістаў па ахове навакольнага асяроддзя, магчыма, рачны бабёр завітаў у вёску Вострава ажно з меліярацыйных канаў з хутара Александровічаў, дзе ёсць паселішча баброў. А магчыма, жывёліна заблудзіла і са "свайго" хутара ў вёску Вострава прабегла ажно тры кіламетры.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Фота аўтара.