Як выглядаюць лёгкія Нацыянальнага мастацкага музея?
Карэспандэнт ЗВЯЗДЫ спусціўся ў падвалы музея і пабачыў цэлы міні-завод па вытворчасці патрэбнага клімату для экспанатаў
Нацыянальны мастацкі музей — гэта не проста дамок, дзе вісяць карціны і стаяць скульптуры. Нядаўна, слухаючы перадачу пра замежныя музеі з сучаснымі сістэмамі клімат-кантролю, я задаўся пытаннем: а як у нас? Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў адгукнуўся адразу: папрасіў адказных асобаў правесці карэспандэнта "Звязды" ў самае "сэрца" музея і раскрыць яго тайны. Маім экскурсаводам стаў Сяргей БАСЛЫК, намеснік дырэктара па фондавай працы і рэстаўрацыі.
— Новы корпус музея адкрыўся ў 2006 годзе, — распавядае спадар Сяргей. — Яшчэ
падчас будаўніцтва была пастаўленая задача стварыць тут патрэбны мікраклімат,
які б адпавядаў найлепшым сусветным музеям. Даказана: для найлепшага захоўвання
экспанатаў патрэбна падтрымліваць тэмпературу +18 градусаў і вільготнасць 50—55
працэнтаў. Каб стварыць такі мікраклімат, неабходна адпаведнае абсталяванне, фактычна
міні-завод.
Сяргей Баслык заводзіць мяне ў падвалы музея, дзе я на свае вочы бачу — і праўда міні-завод! Трубы, нейкія агрэгаты, пульты кіравання з мноствам лямпачак і дысплеяў...
— Было набыта вельмі добрае нямецкае абсталяванне, у асноўным фірмы Sіemens, — працягвае спадар Сяргей. — Вядома, спачатку нам было цяжка. Бо для працы на такіх машынах патрэбны спецыяльна навучаны персанал — там жа ўсё на электроніцы!.. Такіх спецыялістаў у нас няма, бо саміх машын — раз-два і ўсё! Таму мы падбіралі проста высокакваліфікаваных тэхнікаў, якія паступова навучыліся працаваць з гэтым складаным абсталяваннем.
Цэнтр кіравання сістэмай знаходзіцца ў спецыяльным кабінеце, які нават ахоўвае міліцыя. І хоць сістэма цалкам аўтаматызаваная, круглыя суткі на ёй дзяжурыць спецыяліст. А раптам які збой? Праўда, кажа спадар Сяргей, за 4 гады працы сістэмы сур'ёзных збояў не было. На дысплеі камп’ютара — план музея па паверхах. Шчоўк — і вы ў зале, дзе вісяць унікальныя партрэты Радзівілаў. Шчоўк — і бачыце, колькі градусаў і якая вільготнасць у гэтую хвіліну каля партрэта Ежы Радзівіла ці Крысціны Яўхіміі Радзівіл. Усё дакладна!
— Апроч тэмпературы і вільготнасці гэтая сістэма стварае патрэбную вентыляцыю, — распавядае Сяргей Баслык. — Бо надзвычай важна, якая будзе ў музеі хуткасць перамяшчэння паветра. Калі яна завялікая, экспанаты псуюцца!.. Сістэма робіць так, каб паветра абнаўлялася павольна, незаўважна.
Я папрасіў Сяргея Баслыка пад вялікім сакрэтам сказаць, колькі ж каштавала такая цудадзейная сістэма. Спадар Сяргей, зазірнуўшы ў паперы, удакладніў: 1,5 мільярда рублёў (на кошты 2006 года).
Глеб ЛАБАДЗЕНКА.
Фота аўтара.