Веснавое ўшанаванне зямлі

Источник материала:  

На Дабравешчанне зямля "прачынаецца і адчыняе свае нетры". Вялікім грахом лічылася чапаць яе ў гэты дзень — араць, гарадзіць плот, забіваць калы.

 Паўсюдна лічылі, што калы, забітыя ў зямлю да ворыва і сяўбы, "забіваюць" урадлівасць, і пасеянае зерне можа не прарасці. Вясковы люд строга сачыў за тым, каб ніхто да Дабравешчання не ўваткнуў у зямлю аніякай галінкі, каб не патурбаваць яе раней часу. Лічылася, што такія парушэнні выклікаюць халодную вясну і засушлівае лета.

 У дзень Светлага Уваскрасення Хрыстовага дзеці збіраліся на пагорках і пачыналі качаць чырвоныя яйкі. Для іх гэта была простая святочная забава, а дарослы люд глядзеў на гэта зусім інакш: яйка — сімвал новага жыцця, таму непасрэдным дотыкам да зямлі яно павінна было абудзіць жыватворныя сілы карміцелькі.

 З той самай мэтай шалупінне велікодных яек і іншыя рэшткі святочнай ежы закопвалі на жытнёвай ніве або на агародзе.

 Радаўніца, як і Дабравешчанне, з'яўлялася той сакральна-магічнай мяжой, якая, з аднаго боку, стрымлівала працу на зямлі, а з другога — наадварот, дазваляла яе распачынаць. Залатое правіла народнай культуры патрабавала: перш чым пачаць наводзіць парадак на сваім прысядзібным участку, трэба было пайсці і навесці парадак на магілах сваіх продкаў, каб заручыцца іх падтрымкай. Таму нават калі Радаўніца адзначаецца даволі позна, то ўсё роўна спачатку наводзіцца парадак на могілках, а затым ужо гаспадар распачынае ворыва і сяўбу.

Іакаў, Якаў (13 мая). У народным асяроддзі пра гэты дзень казалі: "На Якава зямля ніякая", і таму катэгарычна забаранялі што-небудзь у гэты дзень садзіць або сеяць.

 Для старажытных славянскіх вераванняў характэрная персаніфікацыя зямлі. Яна, як і чалавек, можа спаць, абудзіцца, зацяжарыць, урадзіць, стагнаць, плакаць, таму на працягу года былі дні, калі яна святкавала "свае імяніны". Заўважалі, што "на Сямёна Зілота — 23 мая — у зямлі імяніны". Лічылі, што ў гэты дзень нельга араць, сеяць, гарадзіць плот, таму што зямля адпачывае.

Духаў дзень (першы панядзелак пасля Тройцы)

 Дзень найвялікшага шанавання зямлі. У некаторых мясцінах Беларусі існаваў выключны па сваім эмацыйным змесце звычай: жанчыны выходзілі ў поле, станавіліся на калені і тройчы цалавалі зямлю, называючы яе імянінніцай.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Ці трэба павышаць узрост выхаду на пенсію?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика