Браканьерам дазвол на нацыянальныя прылады лоўлі не патрэбны
На рацэ Цна ў Ганцавіцкім раёне быў затрыманы грамадзянін, які падчас забароны на лоўлю рыбы здабываў яе пасткамі з лазы. У затрыманага канфіскавана дзве такія пасткі, 422 уюны і адзін акунь.
Работнікі Гомельскай аблінспекцыі на колішнім торфараспрацоўчым кар'еры паблізу Добруша затрымалі механіка Добрушскага фарфоравага завода, які падчас нерасту лавіў рыбу кашом. Ён, а таксама 407 уюноў і адзін шчупак канфіскаваныя.
На рацэ, што выцякае з возера Рудага ў Смаргонскім раёне, дзяржінспектарам папаўся браканьер, які пасткай (таптухай) у перыяд забароны паспеў налавіць 132 асобіны розных відаў рыб. У гэты ж дзень і гэтым жа супрацоўнікам Смаргонскай міжрайінспекцыі ў поле зроку патрапіў і механізатар СВК "Солы". З таптухай і 188 асобінамі розных відаў рыб...
Ляснік Петрыкаўскага лясгаса на Пцічы здабываў рыбу венцерамі. Работнікі Ляскавіцкай міжрайінспекцыі канфіскавалі дзве такія забароненыя прылады лоўлі і 64 асобіны розных відаў рыб. На чыгуначным мосце праз Сож у Гомельскім раёне токар завода імя Кірава браканьерыў (дарэчы, не ў першы раз на працягу года) з сеткавым пад'ёмнікам — павуком. З аналагічнай забароненай прыладай лоўлі ў забаронены час (таксама — паўторна) работнікам Бярозаўскай міжрайінспекцыі папаўся грамадзянін на рацэ Грыўда ў Івацэвіцкім раёне.
Гэта — выпадкі за адносна кароткі прамежак часу, прычым далёка не ўсе. Ва ўсіх вышэйпералічаных эпізодах вырашаюцца пытанні аб завядзенні крымінальных спраў. Аднак найперш звяртае на сябе ўвагу іншае. Браканьеры былі затрыманыя з забароненымі прыладамі лоўлі, якія, як зараз абмяркоўваецца, плануюць дазволіць да выкарыстання, або, іншымі словамі, легалізаваць. Як мы ўжо пісалі, пад маркай традыцыйных спосабаў лоўлі з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў. Статыстыка красамоўна сведчыць, што і без таго дазволу хапае парушальнікаў. А што будзе, калі такое рашэнне ўсё ж будзе прынятае?..
Сяргей РАСОЛЬКА.