Словы ў памяць...
Апошнія дні так ярка, па-веснавому свеціць сонейка, так прыгожа за акном, але ціха... Чамусьці нават птушкі не спяваюць... Навокал светла... Але не на сэрцы. Быццам апусцілася заслона і стала страшна... А на душы цяжка: там ляжыць велізарны камень... Камень невыказнага болю і смутку. У галаве сапраўдны вэрхал, думкі хаатычна змяняюць адна адну, не магу разабрацца ў іх, слёзы душаць... Так прайшоў першы дзень трагедыі, польскай і маёй асабіста.
Пачула пра яе ад свайго сябра і раптам нешта ў грудзях абарвалася: "Можа, што пераблытаў? Штосьці не зразумеў?.. Яны не маглі... Гэта неверагодна!" Уключаю тэлевізар, праглядаю інтэрнэт...
На будынку пасольства Польшчы ў нашай краіне ў гэтыя дні прыспушчаны сцяг у знак смутку. Сюды падносяць кветкі... Прыгожыя жывыя кветкі ў памяць тых, каго больш няма сярод нас, — загінулай эліты, польскай дэлегацыі, якая накіроўвалася на мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню памяці Катынскай трагедыі. Шчырыя слёзы, эмоцыі... Іду да пасольства. Здалёк заўважыла чырвона-белыя кветкі, агеньчыкі свечак, мноства ахопленых спачуваннем людзей. Некаторыя бацькі сюды прыводзілі памаліцца маленькіх дзяцей: "Гэта наш абавязак. Станавіся на каленцы..." Людзей нельга вярнуць. Нельга пераматаць, як стужку на касеце, і штосьці змяніць. У маёй крыві ёсць польская. Але я пражыла ўсё сваё жыццё на Беларусі. Ніколі б не падумала, што гэтыя карані настолькі... сапраўдныя. Можа, менавіта таму шчыра перажываю гэтую трагедыю як асабістае гора? І ад таго яшчэ цяжка, што не магу падтрымаць палякаў, родных сваіх. Толькі добрым шчырым словам... У сваім горы знайшла не толькі аднадумцаў. "Знайшла з-за чаго плакаць! Такое штодня здараецца". Але не ТАКОЕ!!! Людзі, няўжо так цяжка ўсвядоміць сапраўдны маштаб трагедыі, нацыянальнай катастрофы?!! Нельга заставацца абыякавымі, калі ў суседзяў такое няшчасце! Бо ад такога не застрахаваны ніхто. Палякі — частка нашай гісторыі, нашага жыцця. Мы — частка іх... Чаму, завошта так?.. За якія грахі так вымушана паплаціцца цэлая краіна? Трагедыя аб'яднала грамадзян не толькі Польшчы. Ёсць адно на ўсіх гора. І дзякуй Беларусі і Расіі за тое, што спрасцілі рашэнне візавых пытанняў для родных загінулых. Дзякуй Расіі, якая цёпла прыняла і ўладкавала палякаў у краіне на гэты час, аказвае ім маральную падтрымку. Цяжка паверыць у трагедыю і цяпер, калі стаю перад пасольствам, паклаўшы кветкі. Перад вачыма паўстае фотаздымак, з якога ўсміхаецца Чалавек. Да апошняга моманту я чакала добрых звестак... Не... Ніхто не застаўся ў жывых. Як так сталася? Адкуль такая несправядлівасць? Мы жывём у вельмі суровым свеце, дзе недарэчнасці іграюць значную ролю. За гэта крыўдна...Лех Качыньскі заўсёды рабіў акцэнт на Катынскай трагедыі. Хацеў асабіста прысутнічаць на мерапрыемстве. Хіба гэта не злы рок? Ляцелі, каб ушанаваць памяць загінулых афіцэраў. Ляцелі дзеці і ўнукі ахвяр таго часу. І ўявіць цяжка, Катыні мала было проста ўшанавання памяці, яна запатрабавала яшчэ жыцця іх нашчадкаў і сучаснай эліты! На тым жа месцы праз столькі гадоў паўтарылася трагедыя!
Перад вачыма фотаздымак Прэзідэнта Польшчы. Твар, з якога ніколі, мабыць, не сыходзіла ўсмешка, шчырая і добрая, удумлівы позірк. На кадрах тэлебачання вакол яго заўсёды такое мноства людзей, што дзіву даешся. І з кожным—па-простаму. Ні кроплі гонару, вычурнасці, амбіцый. Гляджу ў гэтыя вочы і разумею — ніхто не плакаў праз яго, такі чалавек ніколі не зрабіў камусьці дрэнна. Чаму ж так склаўся лёс яго? Быў Чалавек і раптам няма... Няма больш чалавека, які шчыра адстойваў інтарэсы свайго народу, будучага і сучаснага жыцця краіны, яе грамадзян.
Была эліта і не стала. Божа родны, што яны адчувалі ў апошнія хвіліны свайго жыцця? Як суцяшалі адзін аднаго? Што ім давялося перажыць!?! Мне чамусьці здаецца, што Марыя ў гэты момант, узяўшы рукі мужа ў свае, гаварыла, што ўсё хутка скончыцца і што б ні здарылася—яны будуць разам. Як і ўсё жыццё... Пра гэтых людзей не забудуцца... Бо калі чалавек застаўся са сваімі словамі і дзеяннямі ў нашых сэрцах — гэта на ўсё наша жыццё. Цаной жыцця яны аб'ядналі польскі народ і, спадзяюся, зрабілі мацнейшым. Звярнулі ўвагу на тое, што вельмі важна памятаць мінулае сваёй краіны, шанаваць памяць продкаў. Вось яно, жорсткае пракляцце сталінскага кіравання — цягнецца мёртвым шлейфам да нашых дзён... І не дае пра сябе забыць... Ці магчыма?
Нічога не застаецца, як спадзявацца: народ стане мацнейшым, бо гора аб'яднала яго, і безумоўна, справіцца з усімі цяжкасцямі. Інакш быць не можа. Я веру. Дазвольце, калі ласка, у такі цяжкі момант ад усіх беларусаў, ад польскай меншасці выказаць самыя шчырыя спачуванні польскаму народу. Запальваю свечку, каб яна, разам з іншымі, зрабіла светлай ІХ дарогу, і чытаю малітву Божай Маці, каб дапамагла палякам мужна перанесці гэтае гора...
Таццяна БОЛТУЦЬ, Інстытут журналістыкі.