Думкі на Радаўніцу

Источник материала:  

Усе пад Богам ходзім... Без Яго волі нават волас не ўпадзе з галавы чалавека, сказана ў Евангеллі. Але як з гэтым змірыцца, калі не ведаеш, калі і дзе грымне, як і каго зачэпіць пры гэтым? І як адгукнецца ў нас.

Напярэдадні мінулай суботы, калі ішлі рэпартажы з Катыні — да падрыхтоўкі візіту туды ганаровай польскай дэлегацыі — сачыла за імі з пэўным чаканнем, не без асабістай зацікаўленасці. Хацелася, каб нарэшце была пастаўлена кропка ў гэтай балючай тэме — не толькі для палякаў. Бо падзеі больш чым 70-гадовай даўніны закранулі Беларусь, асабліва яе заходнюю частку. Яны змянілі лёс не адной сям'і, у тым ліку беларускай. Бо ў польскую армію было прызвана шмат маіх землякоў, а сляды іх згубіліся ў прасторы. Наўрад ці, вядома, іх можна знайсці ў Катыні — там былі расстраляныя афіцэры, а простых салдатаў, хутчэй, чакалі лагеры. Аднак патрапілі яны туды менавіта як польскія салдаты, хоць па нараджэнні былі беларусамі. І палякі імкнуліся захаваць памяць пра кожнага з тых, хто меў дачыненне да войска польскага ў пэўны перыяд часу, нават тады, калі такой магчымасці яшчэ не было ў нас — імёны беларусаў значацца, напрыклад, сярод тых, хто ваяваў за Італію ў польскай арміі генерала Андэрса. І каб не гэтае імкненне палякаў захоўваць памяць, мы б (мае родныя таксама) маглі так нічога і не даведацца пра свайго салдата.

Але менавіта Катынь стала сімвалам болю на шмат гадоў. І застанецца назаўсёды. Гэта польскі крыж, які, здаецца, немагчыма нават падняць — такі ён цяжкі. І яго цяжар не дае адарвацца ад зямлі, працягвае ціснуць, адымаць жыцці. Пра трагедыю, якая адбылася пад Смаленскам, немагчыма разважаць увогуле: яна прымушае любыя думкі замаўчаць і проста па-чалавечы пашкадаваць загінулых і іх блізкіх.

Так распарадзілася жыццё: калі ў нашых суседзяў гора, то смутак закранае тых, хто паблізу — плачам прарываецца нават скрозь сцены кватэр, накрывае пад'езд, вуліцу, вёску. І што тыя межы? Калі сёння ў нашых палякаў у іншай краіне радня, ды ў тых жа беларусаў-заходнікаў таксама. Таму натуральна, што шмат нашых суграмадзян прыходзілі ў польскае пасольства ці консульства і пакідалі словы спачування ў кнізе жалобы.

Так распарадзілася гісторыя: людзі з Беларусі сёння могуць быць нават звязаныя нейкімі нябачнымі нітачкамі з людзьмі суседніх краін. Калі такая абрываецца, то ёсць адчуванне страты. І ёсць адчуванне перажывання за тых, хто, магчыма, апынуўся ў бядзе. Гэта, дарэчы, не толькі пра Польшчу. Бо ў сучасным свеце боль можа ўзнікнуць у розных месцах.

Любое трывожнае паведамленне з Масквы ў маёй сям'і ўспрымаецца на ўзроўні шоку, за якім ідзе рэальнае дзеянне: хуценька патэлефанаваць, удакладніць, ці ўсё ў парадку. Муж маёй сястры штодня ездзіць на працу ў маскоўскім метро літаральна ў той жа час і па той жа лініі, дзе быў тэракт. Таму кожнае падобнае паведамленне выклікае не проста трывогу, а пачуццё еднасці з тымі, хто пацярпеў. І жаданне маліцца пра тое, каб ніколі такога не здаралася і больш нікога не закранула. Бо кожная боская істота створана дзеля таго, каб жыць доўга і шчасліва. У любой краіне.

Чужая бяда становіцца як свая, калі разумееш, што паміж людзьмі розных краін і народаў у Еўропе, Амерыцы, Афрыцы насамрэч значна больш агульнага. Пры ўсіх розных поглядах на жыццё, усіх людзей на зямлі яднаюць аднолькавыя эмоцыі, уменне адначасова адчуваць радасць ад нейкіх з'яў ці перажываць трывогу і смутак. Ці боль. Кожным асабіста — проста як чалавекам. Вось пра што трэба памятаць.

Ларыса ЦІМОШЫК.

←Украина вводит налог на роскошь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика