Радаўніца па-над Бесядзьдзю

Источник материала:  
14.04.2010 09:54 — Новости Общества
Выселеныя пасьля Чарнобылю вёскі Гомельшчыны сёньня сталі сапраўднымі месцамі паломніцтва. Сотні беларусаў ехалі на пакінутыя ў чарнобыльскай зоне пагосты, каб ушанаваць памяць родных і блізкіх, памерлых як да чарнобыльскай катастрофы, так і пасьля яе. Ніякіх прапускоў на ўезд у заражаную радыяцыяй зону на гэтыя дні не патрабавалася.

Вёску Бесядзь, што месьцілася колісь ў Веткаўскім раёне на беразе аднайменнай рэчкі, высялялі ў 1989-1990 гадах. Пазьней закапалі ў зямлю й пакінутыя вяскоўцамі пабудовы. І толькі могілкі ды адзінюткая сядзіба Ніны Коўзелевай нагадвае пра колішняе нясьпешнае жыцьцё-быцьцё па-над ціхай Бесядзьдзю.

Радаўніца па-над Бесядзьдзю
Сядзіба Ніны Коўзелевай.

На Радаўніцу Бесядзь зноў ажывілася. Ля тутэйшых могілак - дзясяткі машынаў. Апавядае ўраджэнка Бесядзі, а цяпер жыхарка Веткі спадарыня Ганна: "Тут у мяне маці пахаваная й бацька. Бацькі ўжо дзевяць гадоў як няма, а маці - у ліпені будзе толькі два гады. Бацькі апошнім часам жылі ў Ветцы, перасяліліся зь Бесядзі ў Ветку. Іхні запавет - вярнуцца, канечне, сюды. Тут усе сваякі. У мяне тут і бабуля пахаваная, і брат. Цяпер езьдзім, адведваем".

Былы мясцовы жыхар, пэнсіянэр спадар Анатоль прыехаў на могілкі з сынамі, нявесткамі, унукамі. Тут пахавана ягоная першая жонка, багата іншых сваякоў:

"Прыяжджаем на Радаўніцу. Кладзем на магілкі пасху, цукеркі, фарбаваныя яйкі. І самі перакусваем".

Радаўніца па-над Бесядзьдзю
Спадар Анатоль зь сям’ёй.

Другая жонка Анатоля спадарыня Таіса - са старавераў. Іх багата ў Веткаўскім раёне. Кабета апавядае, як і калі памінаюць продкаў стараверы: "Прыходзім, памолімся, гаворым: "Хрыстос уваскрэс". Тры разы гаворым. Яйкі пакладзем, кветачкі, пасачку, сьвечачку запалім. Садзімося за столік й запрашаем: "Усё, хто ёсьць, родзічы - калі ласка, за стол абедаць з намі. Будзем вас успамінаць! Я сама - стараверка. У нас ходзяць на могілкі ў першы дзень Вялікадня. Яйкі нясем, кветкі, прыбіраем. Тое ж самае - хрыстосаемся, сьвечачку запалім, памолімся. Гэта на першы дзень Вялікадня. На Радаўніцу таксама на могілкі прыходзім".

Некаторыя былыя жыхары Бесядзі незадаволеныя тым, што на могілкі ў родную вёску можна прыехаць бяз пропуску толькі раз у год - на Радаўніцу.

Апавядае спадар Аляксандар, які цяпер жыве ў Гомелі: "Цягам году толькі на Радаўніцу я маю права прыехаць да маці бяз пропуску. А прыехаць у іншы звычайны дзень - паглядзець, можа, помнік заваліўся ці што іншае, я не магу. Пропуск калі ня ўзяў, даюць моцныя штрафы - 350-700 тысяч рублёў. Наша мясцовая ўлада ці то нажываецца на гэтым, ці што іншае тут, я нават ня ведаю".

Радаўніца па-над Бесядзьдзю
Рушнік — абавязкова. 

Радаўніца па-над Бесядзьдзю
Брама на могілкі.

Радаўніца па-над Бесядзьдзю
Ля роднага крыжа.

Радаўніца па-над Бесядзьдзю


←В связи с ремонтом МКАД закроется движение транспорта по отдельным полосам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика