Урокі гісторыі, урокі мужнасці
9 красавіка, напярэдадні Дня Катастрофы і Гераізму еўрапейскага яўрэйства, у Мінскім яўрэйскім абшчынным доме адкрылася фотавыстава "Халакост. Погляд праз 65 гадоў".
70 фотаздымкаў умоўна падзеленыя на дзве часткі. Чорна-белыя — архіўныя, зробленыя нямецкімі салдатамі ў гады Другой сусветнай вайны. На іх Віцебск 1941—1942 гадоў: гета, ахвяры, разбурэнні. Другая частка выставы — каляровыя фотаздымкі, зробленыя ў гарадах і вёсках Віцебшчыны. Яны распавядаюць пра помнікі, ўсталяваныя ў месцах гібелі ахвяр Халакосту, пра ветэранаў вайны і Праведнікаў народаў свету, іх дзяцей і ўнукаў. Аўтары работ Аркадзь Шульман, Дзяніс Багарад, Кацярына Шульман-Багарад.
Выстава арганізавана Яўрэйскім культурным цэнтам "Мішпаха" ("Сям'я") і Віцебскім абласным краязнаўчым музеем пры фінансавай падтрымцы фонду Task Force (Міжнародная арганізацыя па супрацоўніцтве ва ўвекавечванні і вывучэнні Халакосту).
Дзень Катастрофы і гераізму еўрапейскага яўрэйства адзначаецца ў памяць пра шэсць
мільёнаў яўрэяў, знішчаных нацыстамі ў гады Другой сусветнай вайны. Гэтая рухомая
дата звязана з яўрэйскім календаром. З 50-х гадоў мінулага стагоддзя яна адзначаецца
27-га нісана і прымеркавана да пачатку паўстання ў Варшаўскім гета. Сёлета гэты
дзень прыпадае на 11 красавіка і супадае з Міжнародным днём вызвалення вязняў
фашысцкіх канцлагераў.
Менавіта 11 красавіка 1945 года вязні Бухенвальда, даведаўшыся пра набліжэнне саюзных войскаў, паднялі інтэрнацыянальнае ўзброенае паўстанне.
— Здаецца, так даўно гэта было, — кажа PR-менеджар Мінска- га яўрэйскага абшчыннага дома Валянціна МАРОЗ. — Але толькі не для тых, хто прайшоў праз жахі фашысцкіх засценкаў. Біяграфіі гэтых людзей — сапраўдныя ўрокі мужнасці для маладога пакалення.
На тэрыторыі Германіі і акупаваных ёю краін дзейнічала больш за 14 тысяч канцлагераў. За гады Другой сусветнай вайны праз лагеры смерці прайшлі 18 мільёнаў чалавек, з іх 5 мільёнаў — грамадзяне Савецкага Саюза.
Выстава "Халакост. Погляд праз 65 гадоў" будзе экспанавацца ў Музеі гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі (Мінск, вул. Веры Харужай, 28) усяго два тыдні — да 25 красавіка.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.