Радаўнiца
Іван Карэнда
Урывак з паэмы "Вочап"
Гэты дзень спрадвек
шануюць людзi
Як найпершы i святы закон.
Так было, так ёсць i, пэўна, будзе —
Мы да продкаў ходзiм на паклон.
Гэтым днём у храмах
свечкi ставяць
I смуткуе кожная сям'я:
Радаўнiца — гэта наша памяць
Пра людзей, якiх ужо няма.
Хрысцiянскi праваслаўны звычай,
Што дайшоў да нас
з глыбiнь вякоў,
Мы галоўным запаветам лiчым
Прапрапрадзедаў, дзядоў, бацькоў.
Каляндар царкоўны выбiрае
На аўторак яго час-прыход,
Што пасля Вялiкадня бывае
На дзявяты дзень, вясной, штогод.
Звычай гэты паяднаўся з часам,
Неадступна, разам з iм iдзе.
I няважна, кiм ён распачаўся,
Як яго прыдумалi, i дзе.
Радаўнiца — дзень святы, вялiкi,
Да магiлак продкаў ён вядзе.
Гэта iх, нябожчыкаў, Вялiкдзень —
Уваскрэсна-памiнальны дзень.
Дзень жалобы,
дзень спаткання з родам,
Дзень малення, ачышчэння душ...
Сёння дзень якраз такi,
вандроўнiк.
Вось i я на могiлкi iду.
Скрушная, абрывiстая сцежка.
Кожны ў сэрцы боль па ёй нясе —
Перад горам, цяжкiм i няўцешным,
Роўныя, аднолькавыя ўсе.
У ляску за вёскай, на пагосце,
Дзе здаўна парадак строгi свой,
Пачуваем мы сябе як госцi
Гаспадынi Вечнасцi сiвой.
Мы сюды прыходзiм, нiбы сведкi
Хуткай, незваротнай плынi дзён,
Яйкi велiкодныя i кветкi
Да крыжоў i помнiкаў кладзём.
Мы сюды прыходзiм,
як на споведзь,
З блiзкiх i аддаленых дарог.
Радаўнiца — гэта памяць-повязь
Лёсаў, пакаленняў i эпох.
Тут мяжа памiж зямным
i вечным,
Мiж былым i сённяшнiм мяжа,
I рахунак долi чалавечай —
Сумны вынiк, на вялiкi жаль.
Тут сцяна памiж святлом
i цемрай,
Мiж быццём i небыццём сцяна,
Памiж нашай верай i iх верай, —
Моцная, нязломная яна.
Тут адна на ўсiх, святая, праўда —
На памерлых i на нас, жывых,
Памiж нашай праўдай
i iх праўдай,
Нашым словам i маўчаннем iх.
Тут ляжаць закончаныя лёсы,
Звязаныя моцна мiж сабой.
Радаўнiца — гэта нашы слёзы,
Невымерны, невылечны боль.
Тут ляжаць,
i мы iх не разбудзiм, —
Хто ў пару памёр, хто без пары, —
Родныя i блiзкiя мне людзi:
Бацька... мацi... сваякi... сябры.
Тут ляжаць мае аднавяскоўцы,
I з блiжэйшых вёсак, хутароў,
Хто загiнуў, будучы вайскоўцам,
Хто памёр, не знаўшы дактароў.
Тут ляжаць дарослыя i дзецi,
Немаўляты-кропелькi ляжаць —
Хто пажыў, i не пажыў на свеце,
Хто i слоўца не паспеў сказаць.
Тут ляжаць настаўнiкi, суседзi —
Не забыць урокаў iх, парад,
Хоць нямала я па свеце ездзiў
I людзей разумных слухаў шмат.
Помню ўсiх,
з кiм жыў у роднай вёсцы,
З кiм не раз вiтаўся за руку,
З кiм не раз пераплываў на лодцы
Нашу неспакойную раку.
З кiм калiсьцi я вучыўся ў школе
I футбол на выгане ганяў...
Час не верне iх ужо нiколi,
Назаўсёды iх у нас адняў.
Тлустую i змрочную пячатку
Ставяць тут мiнулага гады:
Непрыкметна, хаткаю за хаткай,
Вёска перабралася сюды.
Шчасця-долi мёртвым
не пазычыш,
З таго свету iх не забярэш...
...Радаўнiца — гэта больш,
чым звычай,
Гэта наш духоўны абярэг.
Дзiўнае сугучча ў нашай мове,
Што нi слова —
новы ў iм настрой.
Сярод iх стаiць напагатове
Абаронцаў —
слоў карэнных строй:
Радаўнiца, роднае, радзiны,
Нарадзiцца, параднiцца, род,
Продкi, роднасць, ураджай,
Радзiма,
Родзiчы, суродзiчы, народ...
Не было б апiрышча такога,
Хiсткiм быў бы чалавечы век,
Быццам невiдушчы, шлях-дарогу
Вобмацкам шукаў бы чалавек.
Памяць — наша светлая надзея.
Бог надзею шчодра раздае
I на ўсiх яе пароўну дзелiць —
Кожнаму кавалачак дае.
Памяць — наша поклiчная вера.
Кожны можа сам яе знайсцi,
З ёю ў сэрцы,
светлым днём i шэрым,
Сцежкамi жыцця лягчэй iсцi.
Памяць — тое,
што народ гуртуе,
Маладых за продкамi вядзе,
Нашу волю i наш дух гартуе, —
Паратунак у любой бядзе.
Кожны мусiць дрэва пакаленняў,
Дрэва свайго роду даглядаць,
Знаць свой род па сёмае калена,
Гэту памяць дзецям перадаць.
Будзем помнiць абавязак гэты —
Можам смела ў новы дзень iсцi,
Маем шанц да мэты запаветнай,
Да шчаслiвых дзён сваiх дайсцi.
I тады нiякiя цунамi,
Землятрусы нас
не зваляць з ног.
Веру я: заўсёды будуць з намi
Наша памяць i магутны Бог!