Абвінавачаны Аляксандр Ларын:
Падчас гэтай вочнай стаўкі Аляксандр Ларын паведаміў, што ён нібыта забіў і закапаў свайго саўдзельніка, з якім разам рыхтаваўся да замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзіміра Саўчанку. «Ён крымінальнік, таму яго ніхто ня будзе шукаць», — сказаў Ларын Асіпенку.
Ларын паведаміў, што яму быццам бы перадалі грошы — 2 тысячы даляраў у якасці авансу за забіццё Саўчанкі, а таксама 800 даляраў на набыццё аўтамабіля. Але падчас гэтага допыту стала вядома, што ад планаў на замах Ларын адмовіўся, пакінуў гранатамёт і выбуховае прыстасаванне і папрасіў Асіпенку забраць гэтыя рэчы.
Паводле паказанняў Уладзіміра Асіпенкі, усё было зусім ня так: ён нічога ня ведаў ні пра замах, ні пра зброю, і ўсе паказанні, якія дае Аляксандр Ларын, Асіпенка абвяргае.
Адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка, каментуючы гэтыя паказанні Ларына, сказаў, што ў справе няма ніякіх звестак пра саўдзельніка, якога Ларын нібыта «забіў і закапаў», адвакату невядома і пра следчыя дзеянні па гэтым эпізодзе.«Падчас медыка‑псіхіятрычнай экспертызы, якую праводзілі Ларыну, ён сам пра сябе сказаў, што «бывае розным». Таму мне цяжка каментаваць гэтую заяву, спадзяюся, суд дасць усёй справе належную адзнаку», — сказаў «Свабодзе» адвакат Павал Сапелка.
Аўтар: Радыё «Свабода»