Мара пад назвай Амур

Источник материала:  

Хто дажывае век у «закаханай» вёсцы?

Праязджаючы па Глускiм раёне, мы раптам наткнулiся на нечаканую для гэтых мясцiн назву адной з вёсак: Амур. “Цiкава, — падумалася, — цi не ў гонар таго Амура, якi нябачна вiтае ў паветры з калчаном стрэл i пранiзвае iмi закаханыя сэрцы?” Аказалася, не.

Вёска раней называлася Шумяцiчы. Яна бярэ свой пачатак яшчэ з XIX стагоддзя. Тады жыхароў у ёй было небагата. Гэта ў паслярэвалюцыйны час iх колькасць павялiчылася. Тут аднымi з першых у раёне стварылi камуну, якую ўзначалiў Павел Гарбачэўскi. Цi то пашанцавала на камунараў, цi то на iх кiраўнiка, але справы камуны ладзiлiся.

А ў гэты час па краiне разварочвалiся маштабныя будоўлi, у тым лiку i на рацэ Амур, што на Далёкiм Усходзе. Там планавалася за непрацяглы час цэлы горад узвесцi. Прачула пра гэта мясцовая моладзь. Вось i прыйшлi юнакi i дзяўчаты да колiшняга старшынi райвыканкама Парфiрыя Лупсякова: маўляў, так i так, хочам паспрабаваць дальнiх дарог. Аднак самога кiраўнiка гэта iнiцыятыва не асаблiва ўзрадавала:

— Вы паедзеце, iншыя, а хто застанецца ў родным краi? Вашы рукi патрэбны тут, каб узнiмаць сяло, будаваць новае жыццё. Работы шмат i каму, як не вам, брацца за яе? Здабыткi ёсць. Едзьце i паглядзiце, як жывуць людзi ў тых жа Шумяцiчах. Можа, i не патрэбна тады будзе вам Амур-рака. Пераканаў цi не?

— Так!

Многiя тады пасля размовы з раённым кiраўнiком улiлiся ў шумяцiцкую камуну, а затым у калгас, якi неўзабаве ўтварыўся. Толькi як назваць калектыўную гаспадарку? Вось моладзь i настаяла: Амур, як бы ў памяць пра сваю мару. Калгас, а потым i вёску пачалi так называць. Яна паступова ўкаранiлася: Амур i Амур. Так называлi i тутэйшыя жыхары, i ў раёне. А тым больш за свае працоўныя дасягненнi вёска была на слыху.

Здавалася б, расцi, умацоўвацца, як раптам – вайна… Многiя жыхары Амура пайшлi на фронт, улiлiся ў партызанскiя атрады цi былi звязаны з народнымi мсцiўцамi. Пранюхалi пра гэта фашысты i ў адзiн са студзеньскiх дзён 1942 года наехалi з карнай экспедыцыяй. Спалiлi вёску дашчэнту, у агнi загiнула некалькi жыхароў…

Аднак, вярнуўшыся дамоў, воiны-пераможцы аднавiлi яе, лесу хапала, майстраваць умелi. А тое, што яшчэ зусiм нядаўна вёску называлi па-iншаму, нiхто ўжо i не ўспамiнаў. Таму, каб не ўзнiкала неразбярыхi ў папяровых справах, Шумяцiчы ў 1964 годзе былi перайменаваны ў Амур.

Ну а што пасля? Вёска ўваходзiла ў склад некалькiх гаспадарак, у апошнi час – гэта СВК “Слаўгарадскi”, мiж iншым адна з лепшых гаспадарак раёна. Ён створаны пасля чарнобыльскай катастрофы, калi сюды прыехалi перасяленцы са Слаўгарадскага раё­на. Вядома, вёска цяпер не тая, што была раней, асела, як кажуць мясцовыя жыхары. Аднак трымаецца на плаву, тут паўтара дзесятка двароў, жыве каля трох дзесяткаў чалавек. У асноўным гэта пенсiянеры, якiя аддалi сябе грамадскай гаспадарцы. Трымаюцца адзiн ля аднаго, дапамагаюць, калi што якое, — адным словам, цеснае яднанне. Ды i звязацца цяпер не праблема, бо тэлефон кожны мае. Аўталаўка, як нам сказалi, два разы на тыднi прыязджае, бяры што хочаш, былi бы грошы. Прывозяць тавар i на заказ, а можна i на цэнтральную сядзiбу гаспадаркi – у вёску Заелiцу адскочыць. Тым больш гужавога транспарту хапае, ён у чатырох сем’ях ёсць. Кароў, праўда, мала засталося, затое свiней, гусей, iншай “лёгкай” жыўнасцi ў кожным двары. Тут, як кажуць, справа не толькi ў харчы, а яшчэ i ў тым, каб мець занятак. Лодарнiчаць, бавiць час тутэйшыя жыхары не прывучаны. “Ды во, — расказвае Валянцiна Багук, былы фельчар, — сыны, у мяне iх трое, падскочаць, навядуць парадак у двары, сена накосяць, усё як мае быць дагледзяць: “Жывi, мама!” У многiх вось так, дзецi дапамагаюць.”

З мясцовымi ўладамi кантакт падтрымлiваецца. Калi якое пытанне, збiраюцца ў доме Андрэя Касько, якi той з ахвотай прадстаўляе.

Яшчэ захавалася пры вёсцы невялiкая ферма па вырошчваннi цялят. Галоўны яе даглядчык – Леанiд Галубовiч. У яго двое сыноў, Пятро i Аляксандр. Праўда, калi бацька звязаў свой лёс з жывёлагадоўляй, то тыя падалiся ў лясгас. “Не важна, дзе пра­цуюць, — кажуць вяскоўцы, — абы трымалiся роднага кута. Можа, такiя, як яны, i будуць надаваць вёсцы сiл, разрастацца каранямi. А паглядзiце, якая наша вёска радасная ўлетку! Яна поўнiцца маладымi галасамi. Прыязджаюць сюды з тлумных гарадоў нашы дзецi, унукi, праўнукi. I не проста адпачы­ваюць, а знаходзяць сабе занятак: ходзяць у лес, якi наўкола, збiраюць ягады, грыбы. Што для сябе, а што здаюць у глускi цэх замарозкi дзiкарослых ягад i грыбоў. Капейку маюць, ну i добра: пачынаюць адчуваць свой мазоль. У нас водар, чыстае паветра, асаблiвы клiмат. Хто нi пабывае, кажа: “Як у вас хораша!” Няўжо ўсяму гэтаму знiкнуць?”

Ды тая ж Заелiца, кажуць, можа паглынуць Амур. Там нядаўна ўзвялi аграгарадок, пралегла асфальтоўка, палепшылiсь умовы для жыцця. Канешне, моладзь туды iмкнецца. Аднак жа, калi нехта адасобленасцi хоча, можа збудаваць жыллё i ездзiць працаваць у Заелiцу. Мо якi фермер завядзецца, зямлi вунь колькi. Бяры, працуй, памнажай здабыткi. Ды цi мала якая “партыя” падвернецца, трэба любую магчымасць выкарыстоўваць, каб падтрымаць вёсачку.

Дык устаiш ты на жыццёвай плынi цi не, Амур? А можа, i не трэба рэанiмаваць вёску, якая аджывае? I ўсё ж шкада яе: адметная назва, такая цiкавая гiсторыя. Хай жыве доўга!

←Не “звоните” на Мальдивы. Зафиксированы новые случаи телефонного пиратства

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика