Галубы на Дабравешчанне

Источник материала:  

Сёлета Дабравешчанне прыпадае на Светлы Тыдзень — з'ява надзвычай рэдкая — падвойнае Свята і падвойная Радасць!

У Мінскім Дабравешчанскім прыходзе, які пакуль моліцца ў часовым храме, ёсць звычай запускаць на прастольнае свята белых галубоў. Паглядзець на гэта чароўнае відовішча збіраецца ледзь не ўвесь сталічны мікрараён.

Гэта адзін з самых незвычайных прыходаў у Мінску. Па-першае, таму, што ён пакуль месціцца ў цокальным памяшканні аднаго са шматпавярховых дамоў на Партызанскім праспекце. Па другое, імя храму было падказана настаяцелю ў сне ў выглядзе незвычайнай іконы Дабравешчання. Саму ікону цяпер можна ўбачыць у часовым храме ў доме №147 па Партызанскім праспекце. Яшчэ адна асаблівасць — адраджэнне традыцыі выпускаць на свята Дабравешчання белых галубоў! І нарэшце, новы храм стане помнікам усім беларускім партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны і воінам-вызваліцелям Мінска.

Галубы на Дабравешчанне— Іх імёны будуць змешчаны па перыметры храма, — расказвае настаяцель іерэй Алег Паповіч. — Унутраныя сцены, безумоўна, не ўмесцяць усіх. Больш за 400 тысяч чалавек было на баявым уліку толькі ў партызанскіх атрадах і брыгадах на тэрыторыі Беларусі. 52 злучэнні і часці Чырвонай Арміі атрымалі найменне "Мінскіх" за вызваленне горада. На подступах да нашай сталіцы ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1944 года савецкія войскі згубілі раненымі і забітымі больш за 152 тысячы чалавек. Мы плануем увекавечыць, па магчымасці, імя кожнага — і таго, хто загінуў, і таго, хто застаўся жывы. Гэта наш абавязак. Храм будзе пабудаваны каля станцыі метро "Магілёўская" — на ўзгорку ля інтэрнатаў і складзе адзіны ансамбль з манументам "Беларусь Партызанская".

Гэты ўчастак зямлі прыход атрымаў паўтара года таму. "Восем гадоў, — кажа айцец Алег, — мы чакалі гэтага моманту!" Цяпер будаўніцтва храма знаходзіцца на этапе праектавання. Як хутка ён завяршыцца, залежыць ад плацежаздольнасці праваслаўнай абшчыны. Нягледзячы на тое, што Заводскі раён, у якім будуецца храм, з'яўляецца прамысловым, буйных ахвяравальнікаў у Свята-дабравешчанскага прыходу пакуль няма. Тым не менш, настрой і ў настаяцеля, і ў прыхаджан адпавядае назве храма і сутнасці падзей, памяці якіх прысвечана будучая святыня. Воіны-вызваліцелі і партызаны, усе нашы дзяды і бацькі — пераможцы. І сутнасць Добрай Весткі, якую пачула Багародзіца больш за 2 тысячы гадоў таму, — гэта вызваленне ўсіх людзей ад смерці. Перамога Жыцця Вечнага. Напэўна таму так светла і святочна ў дзіўным часовым храме з пафарбаванымі алейнай фарбай сценамі, напэўна таму тут усе, ад настаяцеля да жанчыны ў свечачнай лаўцы, вылучаюць радасць і не баяцца цяжкасцяў, якімі б непераадольнымі яны ні здаваліся.

— У нашым прыходзе сапраўды вельмі добрая атмасфера, пранізаная святлом шчырай любові, веры і клопатам аб будаўніцтве храма, — расказвае прыхаджанка Людміла Ячнік. — Адчуванне роднасці людзей, якое ўзнікае ў праваслаўнай абшчыне, ні з чым не параўнальнае. Гэта сапраўды — цуд, якім хочацца дзяліцца з іншымі.

І яны дзеляцца. Свята-дабравешчанскага прыход апякае пацыентаў гарадскога цэнтра паліятыўнай дапамогі і арганізацыі сястрынскай справы пры 5-й гарадской клінічнай бальніцы. Пры прыходзе працуе нядзельная школа. Настаяцель чытае лекцыі ў кулінарным і аўтамеханічным каледжах пра гісторыю Праваслаўя, пра пашану да бацькоў, пра духоўную сутнасць рознага роду залежнасцяў і суіцыду. Як вынік — моладзь прыходзіць у храм і ўключаецца ў прыхадское і літургічнае жыццё.

Галубы на ДабравешчаннеСвайго настаяцеля прыхаджане Свята-Дабравешчанскага храма любяць, лічаць яго чалавекам не звычайным, але сам ён пра сябе расказвае неахвотна. Вось, кажа, пабудуем храм, тады і адкажу журналістам на ўсе пытанні і пра асабісты шлях да Бога, і пра жыццёвы, і пра духоўны вопыт. Зрэшты, на адно прыватнае пытанне настаяцель адказвае з задавальненнем: пра колькасць уласных дзяцей.

— Пяцёра! Ад двух гадоў да дзевяці. Пры гэтым матушка, — голас айца Алега выдае любоў і гонар, — паспяхова заканчвае педагагічны ўніверсітэт, і ніколі не прыпыняла вучобу з-за нараджэння дзяцей. Вось вам прыклад таго, што не варта нічога баяцца, і што Бог заўсёды дапаможа.

Сёлета свята Дабравешчання прыпадае на Светлы Тыдзень. Будзе асабліва ўрачыстая служба. Як заўсёды, чакаюць прыезду Мітрапаліта Філарэта. І, безумоўна, зноў у неба паляцяць галубы. І сэрцы людзей, якія гэта ўбачаць, напоўняцца адчуваннем Цуду. І падзякай.

— Гэта вельмі прыгожая хрысціянская традыцыя, — тлумачыць настаяцель. — Яна мае глыбокі сэнс. Галубы сімвалізуюць душы праведнікаў, якіх Збавіцель вызваліў з пекла, калі спусціўся туды пасля свайго Уваскрэсення. Белыя галубы — сімвал свабоды, чысціні, прымірэння і любові.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

←Контроль за депутатами будет усилен

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика