У Горках плануюць есці ікру лыжкамі!

Источник материала:  

Фарэлі і асятры

Мікалай — ураджэнец Горак, і яго цяперашняя прафесія стала працягам дзіцячага захаплення: ён бегаў з вудачкай па сажалках, а на падваконні множыліся слоікі з рыбкамі і вадзянымі жукамі. Ён марыў паехаць у водную экспедыцыю — да кітоў і дэльфінаў, аднак фарэль і асятры аказаліся бліжэй.

— Калі я стаў студэнтам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і вывучаў іхтыялогію, то, не паверыце, мне пастаянна сніліся асятры: нібыта яны плывуць у рацэ, а я за іх хапаюся, як за апошні шанц, — усміхаецца асістэнт кафедры іхтыялогіі і рыбаводства, кандыдат сельскагаспадарчых навук Барулін.

Цяпер на Мікалая спадзяецца ўся Магілёўская вобласць: калі яго планы індустрыяльнага рыбаводства ўвасобяцца з дапамогай кіраўніцтва рэгіёна ў жыццё, мы не толькі будзем есці фарэль і асятроў, але і ікру ўласнай вытворчасці!

У Горках плануюць есці ікру лыжкамі!— Асноўны напрамак маёй дзейнасці — устаноўкі замкнёнага водазабеспячэння, — тлумачыць навуковец. — Гэта новы кірунак у агракультуры, які масавае развіццё набыў у заходніх краінах, а цяпер прасоўваецца і ў нас, у Беларусі. У такіх устаноўках можна з 1 кубічнага метра вады вырасціць ад 50 да некалькіх соцень кілаграмаў рыбы.

У такіх сістэмах вада цыркулюе і ачышчаецца: яна насычаецца чыстым кіслародам, і гэта дае рэкордныя тэмпы росту рыбы. Калі ўжываць высокаэнергетычныя кармы, то можна на 1 кілаграм корму атрымаць 1 кілаграм прывагі. Размова тут ідзе пра ласасёвыя, асятровыя і сомавыя рыбы.

Рыбная дыета

— Я люблю рыбныя стравы: шчыра кажучы, калі паступаў на рыбаводства, то не ў апошнюю чаргу з-за гастранамічных прычынаў, — кажа Мікалай. — Вельмі смачныя ласасёвыя і асятровыя. Таксама не цураюся і беларускага карпа. Не варта ад яго адмаўляцца, таму што менавіта гэтая рыба складае гастранамічны падмурак у многіх сем'ях не толькі Беларусі, але і Еўропы.

Барулін лічыць, што беларусы — традыцыйныя мясаеды з-за дастаткова халоднага клімату:

— Але я свае грошы выдаткоўваю не на мяса, а на рыбу, і адчуваю на сабе, што рыбная дыета вельмі станоўча адбіваецца на здароўі, самаадчуванні і працаздольнасці.

Навуковец прызнае, што змарожаная марская рыба на беларускіх прылаўках — не самай высокай якасці. Але ён і працуе цяпер над тым, каб рыбы ў нашых крамах стала болей.

— Так, я абараніў дысертацыю ў гэтым напрамку і імкнуся свае тэарэтычныя веды ўвасобіць у жыццё і прынесці карысць дзяржаве.

У кіраўніцтва Магілёўскай вобласці сапраўды вялікія планы па развіцці рыбаводства. Таму што цяпер, акрамя дробных вытворчасцяў, у вобласці ёсць толькі адзіная рыбная гаспадарка ў Асіповіцкім раёне, якая не здольная задаволіць попыт насельніцтва нават на карпа. Таму ў рэгіёне ў будучыні з'явяцца некалькі новых рыбных гаспадарак, дзе плануецца вырошчванне ў прыватнасці фарэлі.

Басейны ў кароўніку

Пакуль жа рыбу ў Магілёўскую вобласць завозяць. Сапраўдным святам для аматараў рыбы Магілёва стаў рыбны кірмаш леташняй восенню, дзе можна было набыць фарэль (15 тысяч за кілаграм) і асятра (20 тысяч). Такую рыбу прывезлі з Дзяржынскага раёна, куды ў свой час трапіў на практыку і Мікалай Барулін.

— Просты будынак, нешта накшталт кароўніка, — тлумачыць пра новыя тэхналогіі навуковец. — Аднак усярэдзіне размешчаны 32 басейны, у якіх вырошчваецца 8 відаў асятровых рыбаў. У такіх устаноўках з ікрынак атрымліваюцца рыбы ў 1,5-2 кілаграмы.

У Горках створаць навукова-вытворчы цэнтр па рыбаводстве, дзе будуць расціць пасадачны матэрыял для новых рыбных гаспадарак. Для гэтага зробяць рэканструкцыю будынка, які цяпер не выкарыстоўваецца, побач з кафедрай іхтыялогіі і рыбаводства Акадэміі. Цэнтр стане практычным палігонам для студэнтаў, якія сёння вывучаюць у БДСГА індустрыяльнае рыбаводства.

Пакуль правобразам будучага цэнтра з'яўляецца вучэбна-эксперыментальная лабараторыя на кафедры іхтыялогіі і рыбаводства. На погляд дылетанта, ёмістасці для вырошчвання рыбы маюць не самы сучасны і прыцягальны выгляд. Абсталяванне савецкіх часоў, тым не менш вельмі дарагое (кошт адной ванны — да 1000 долараў), і можа выкарыстоўвацца. Там ўжо плюхаюцца маладыя рыбкі цяляпіі мазамбікскай, якія спатрэбяцца і для будучага цэнтра.

Сом без касцей

Каля акварыумаў, размешчаных на кафедры, Мікалай Барулін спрабуе адказаць на "школьнае" пытанне: "А ці разумныя рыбы?"

— Вось паглядзіце на рыбаў з сямейства цыхлідаў — гэта даволі разумныя істоты, але мой любімы асетр, на жаль, з'яўляецца дурнем, таму яго так лёгка ловяць і знішчаюць драпежніцкім промыслам. Стан асятровых рыбаў у свеце проста катастрафічны.

У іншым акварыуме — вусаты чорны цуд: падобны на падводных пачвараў у фільмах жахаў, але толькі маленькі. Гэта афрыканскі сом, з якім Мікалай звязвае развіццё цэнтра рыбаводства.

— Калі будзе дастаткова плошчаў, то можна вырошчваюць і гэтую экзатычную рыбіну, — дзеліцца планамі малады навуковец. — Гэта мяса без касцей, гаспадыням не трэба з ім вазіцца пры гатаванні. А для вытворцаў афрыканскі сом перспектыўны, таму што не патрабуе насычанай кіслародам вады. Гэта памяншае выдаткі, а на 1 кубічным метры вады можна вырасціць 400 кілаграмаў рыбы.

Але ўсё ж пачнецца вытворчасць рыбы ў Магілёўскай вобласці з больш даступнай фарэлі. Потым справа дойдзе і да асятровых.

— Сярод іх ёсць вельмі перспектыўныя віды: напрыклад, ленскі альбо сібірскі асяцёр, які ў ідэальных умовах, з 8-разовым кармленнем і пры 21 градусы цяпла круглы год, паказвае проста фантастычны рост. Навукоўцаў ужо стала турбаваць атлусценне гэтай рыбы...

Гуманны рыбавод

Нядаўна прадстаўнічы амерыканскі часопіс надрукаваў працу Мікалая Баруліна пра ўзаемадзеянне лазернага выпраменьвання на біялагічныя аб'екты. Яго навуковыя доследы датычацца ўжывання лазеру ў тэхналогіі вырошчвання каштоўных парод рыбаў.

— Уздзеянне лазера на эмбрыёны рыбаў павышае іх устойлівасць і выжывальнасць, — тлумачыць Барулін. — Штучнае вырошчванне прыводзіць да вялікай колькасці анамалій, і не толькі ў рыбаводстве. Лазер дазваляе скараціць іх. Рыба больш жыццястойкая і хутчэй расце.

Аднак гэта яшчэ не ўсё. Мікалай прайшоў стажыроўку ў Германіі і ў рыбнай гаспадарцы ў Башкірыі, дзе атрымліваюць ікру пры жыцці рыбы. Няма больш неабходнасці забіваць рыбу: у Башкірыі ёсць статак сцерлядзі, ад якога атрымліваюць ікру 13 гадоў запар! Цэх салення ікры там працуе спраўна: у год невялікая гаспадарка вырабляе болей за тону харчовай ікры, прычым гуманным метадам. Горацкі навуковец сцвярджае, што такім чынам можна вырабляць ікру і ў нас.

Ікра лыжкамі

Мікалай выяўляе энтузіязм у справе ўкаранення новых тэхналогій рыбаводства Магілёўшчыны, ён нават рабіў доследы за ўласныя грошы і лічыць, што варта выдаткаваць асабістыя зберажэнні на даследаванні, якія маюць перспектыву. Аднак, каб рушылася справа вытворчасці каштоўных парод рыбаў, патрэбны прыстойныя грошы, і магілёўскія ўлады гатовыя падтрымаць праекты навукоўца з Горак.

Кошт будучага навукова-практычнага цэнтра ў Горках пакуль не вызначаны: Мікалай лічыць, што ён не перавысіць мільён долараў. Вырошчваць рыбу — гэта няпростая праца: напрыклад, моладзь рыбы трэба спачатку карміць ад 24 да 48 разоў у суткі, а паміж кармленнямі абавязкова чысціць ёмістасці. І такім чынам круглыя суткі на працягу 15—20 дзён. Аднак і вынік ад гэтых клопатаў будзе: смачная і карысная рыба на стале беларусаў. Нагадаем, што мінімальная гадавая норма спажывання рыбы для чалавека — 16 кілаграмаў. Але чым болей — тым лепей.

— Трэба імкнуцца, і ўсё атрымаецца, — лічыць Мікалай Барулін. — Праз некалькі гадоў можна наладзіць вытворчасць фарэлі і асятра, а гадоў праз шэсць-сем можна будзе есці і ікру лыжкамі.

Ілона Іванова.

г. Горкі.

←Контроль за депутатами будет усилен

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика