...А вяскоўцам трэба ісці пехатой па некалькі кіламетраў і нікому нічога не дакажаш

Источник материала:  

Шаноўная "Звязда"! Хачу расказаць табе, як два гады ўжо абіваю парогі чыноўнікаў, хачу дамагчыся, каб зрабілі аўтобусны прыпынак.

Пачаў я з намесніка дырэктара аўтавакзала. Той сказаў, што гэта не яго пытанне — трэба звяртацца ў райвыканкам. Пайшоў туды — на прыём да намесніка старшыні. Той выслухаў і нават паабяцаў, што калі грошы будуць, то прыпынак абавязкова зробяць — на наступны год. Але ён, 2008-ы, як пачаўся, так і скончыўся — ніхто нічога не зрабіў.

Вясной 2009-га ў тую ж інстанцыю я схадзіў яшчэ раз. Мне параілі звярнуцца ў аблаўтадар.

Выбраў час, паехаў. Начальніка на месцы не было, але сакратарка некага выклікала, і мы з тым чалавекам паразмаўлялі. Праўда, у калідоры. Мне няёмка неяк было, казаў, што пойдзем у ваш кабінет. Але спецыяліст патлумачыў, што гэта на трэцім паверсе і вам, маўляў, будзе цяжка туды падымацца (я і праўда інвалід ІІ групы... Гэта з вайны, з дзяцінства...).

Карацей, з тым чалавекам усё абгаварылі, ён запісаў мой нумар тэлефона, сказаў, што абавязкова звяжацца са мной, мы разам выедзем на месца...

На гэтым усё скончылася — пра ўсталяванне прыпынку ні па тэлефоне, ні неяк інакш са мной ніхто не размаўляў.

Тады, пачакаўшы, я пайшоў на прыём у аблвыканкам і ў хуткім часе атрымаў пісьмовы адказ, які высылаю вам. У ім, як быццам, усё распісана, але мне незразумела, чаму ўсе глядзяць на дарогу з аднаго боку — калі ехаць з Віцебска. А назад што — ужо не трэба?

А давайце паспрабуем. Вось прыпынак "Языкова". Да павароту на ААТ "Ліпаўцы" два кіламетры, ад шашы да комплексу больш чым адзін. Усяго тры з гакам. Мне ж паведамляюць, што для адкрыцця прыпынку трэба не менш, чым паўтара. А калі больш за тры?! Значыць, прыпынак рабіць не толькі можна, але і неабходна?

Далей. Мне ў адказе напісалі, што рабочых на комплекс возяць на ведамасным аўтобусе. Хай. Але ж чалавеку трэба ў кантору і па асабістых справах. А калі і з іншых вёсак? Напрыклад, з Шаркоў — гэта ўжо каля 20 км, з Асінаўкі — 9, з Ільічоўкі — 6 км. І ўсім, хто адтуль едзе, трэба выходзіць з аўтобуса ў Языкове, а далей ісці пехам каля 4 кіламетраў.

Дарэчы, ля павароту на комплекс знаходзяцца старадаўнія могілкі. Дзейнічаюць яны і цяпер, гэта значыць, што людзі па-ранейшаму хаваюць там сваіх блізкіх і само сабой потым не толькі ў царкоўныя святы наведваюць іх магілы. Маглі б і яны, гэтыя наведвальнікі, пераважна нямоглыя, старыя, пад'ехаць на аўтобусе?!

Раней, трэба сказаць, ён спыняўся ля могілак, вадзіцелі ішлі насустрач. Цяпер — не: кажуць ёсць такі ўказ, калі спыніўся ў нявызначаным месцы, штраф ад адной да пяці мінімальных велічыняў...

Дык што ж атрымліваецца? Пры Саветах яшчэ пісалі, што трэба сцерці межы паміж горадам і вёскай. А выходзіць, што да гэтага, як ад зямлі да сонца: прынамсі, у горадзе можна сесці ў аўтобус, тралейбус, праехаць адзін прыпынак — 400—500 метраў. А вось вяскоўцам трэба ісці пехатой па некалькі кіламетраў і нікому нічога не дакажаш.

Таму і звяртаюся ў газету (не даходзіць жа з гэтым пытаннем да Адміністрацыі Прэзідэнта?): калі ласка, дапамажыце нам распачаць "грандыёзную" будоўлю ў выглядзе аўтобуснага прыпынку.

І.Т. ШЧОТКІН,

...І каментар

У адказе, які Івану Трафімавічу даслалі з аддзела транспарту і камунікацый Віцебскага аблвыканкама, інфармацыі шмат. Напісана, прынамсі, што на аўтадарозе Р-87 Віцебск—Орша у раёне п. Ліпаўцы ўсталяваны тры аўтобусныя прыпынкі з аўтапавільёнамі па кірунку руху на Віцебск: "Ліпаўцы", праз 800 метраў — "Прыазёрнае" і праз 600 м — "Дачы-2, што праз такія ж прамежкі ёсць тры пляцоўкі для высадкі і пасадкі пасажыраў без аўтапавільёнаў на кірунку на Оршу, што, паводле пункта 85 Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў у Рэспубліцы Беларусь, пригородные автомобильные перевозки пассажиров в регулярном, обычном сообщении, должны обеспечивать перевозки пассажиров между пассажирообразующими пунктами (включая дачные поселки, зоны отдыха, поселки городского типа) и иметь на маршруте промежуточные остановочные пункты с расстоянием между ними не более 6000 м (при наличии жилых строений) и не менее 1500 м для вновь открываемых маршрутов"...

Пазначана таксама, што будаўніцтва дадатковага прыпынку немэтазгодна і што "несогласие с данным ответом" заяўнік можа абскардзіць "у судовым парадку"...

Спадар Шчоткін (мае права! — Рэд.) абраў іншы варыянт — напісаў у газету. Калі не дапаможа яна, — збіраецца ў Адміністрацыю. Чаму?

Меркаванне гэта, магчыма і памылковае, але ж... У першых радках адказу, які заяўнік атрымаў з аддзела транспарту і камунікацый аблвыканкама, паведамляецца, што яго зварот разгледжаны с <І>"заинтересованными службами..."

Калі б сярод іх, тых зацікаўленых, былі не толькі "службоўцы", але і заяўнік, ён, відаць, змог бы на месцы паказаць усе свае шляхі, выказаць усе свае аргументы (і прыняць, альбо не...) сустрэчныя, ён, магчыма, нават змірыўся б "з немэтазгоднасцю будаўніцтва дадатковага прыпынку" (хоць чалавеку сталаму, да таго ж інваліду — гэта і цяжка). А так... Паведамляе, што некалі сам працаваў будаўніком і тады ў іх усюды віселі плакаты: "Калі хочаш нешта зрабіць, шукаеш сродкі, калі не хочаш — прычыны".

Менавіта іх, па меркаванні спадара Шчоткіна, знайшлі тыя "зацікаўленыя службы".

Не бяромся сцвярджаць, што гэта так. Але ж вярнуцца да просьбы аб усталяванні прыпынку, мусіць, трэба?

Валянціна Доўнар.

г. Віцебск.

←Контроль за депутатами будет усилен

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика