Хада ад дзвярэй да дзвярэй?"

Источник материала:  

Выбары-2010: погляд эксперта

 

Хада ад дзвярэй да дзвярэй?"Замест вытанчаных хітрыкаў палітычнага піяру і вынаходніцтваў паліттэхнолагаў — "па метаду жабракоў"?

Выбары ўступілі ў перадапошнюю фазу — агітацыі ці, папросту, перацягвання на свой бок. Праўда, у большасці акруг цягацца ні з кім і не прыйдзецца: там усяго адзін кандыдат. Тым не менш, і ў сталіцы, дзе на кожны дэпутацкі мандат у сярэднім "чарга" з 3,9 чалавека, колькі-небудзь прыкметных палітычных акцый не відаць. Можа, таму, што палітыкаў сярод прэтэндэнтаў як кату пад'есці: доля прадстаўнікоў партый абмяжоўваецца гаротнымі двума адсоткамі. Усё больш настаўнікі ды ўрачы... Ліха яго ведае, у чым загваздка, але адчуванне апалітычнасці гэтай палітычнай кампаніі не пакідае. Арганізатары выбараў кажуць пра лібералізацыю і пашырэнне электаральных магчымасцяў, гарадскія кандыдаты ківаюць на мізэрныя бюджэты агітацыі — паспрабуй яшчэ забяспеч лістоўкамі ўсіх выбаршчыкаў акругі... Чаму ўсё атрымалася так, як атрымалася, і што з гэтага будзе далей, абмяркоўваем з Ігарам КАТЛЯРОВЫМ, дырэктарам Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, доктарам сацыялагічных навук, прафесарам, аўтарам канцэпцый заканадаўчага забеспячэння нацыянальнага развіцця краіны, фарміравання ў Беларусі грамадзянскай супольнасці, стабілізацыі міжканфесійных адносінаў, экс-дэпутатам парламента са стажам...

 

— Хоць на гэтых мясцовых выбарах і ўтрая больш прадстаўнікоў партый, чым на папярэдніх, і прадстаўляюць яны больш шырокі спектр палітычных сіл — 12 партый у параўнанні з сямю ў 2007 годзе, аднак у агульнай масе ўсё адно губляюцца... Чаму рухавіка палітычнай кампаніі з іх не атрымалася, на ваш погляд?

— Таму што яны непапулярныя. Мы пастаянна праводзім даследаванні, якія датычацца рэйтынгу палітычных партый. І вынікі апошніх назіранняў паказваюць, што няма ні адной палітычнай партыі, рэйтынг якой перасягнуў бы два адсоткі. Гэта значыць, калі б выбары адбываліся па партыйных спісах, як у Расіі, то максімальна за партыю прагаласавала б два адсоткі насельніцтва, а супраць — ажно 98! І гэта ў самым лепшым выніку. Цікава, што прыкладна столькі ж кандыдатаў ад палітычных партый і сярод зарэгістраваных дэпутатамі мясцовых Саветаў — каля двух адсоткаў...

— Чым патлумачыць такі нізкі рэйтынг партый?

— Па-першае, іх няздольнасцю актыўна адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў у прадстаўнічых органах. У беларускім парламенце ёсць прадстаўнікі ўсяго дзвюх палітычных партый (КПБ і Беларускай аграрнай партыі), але і яны яшчэ ні разу не выступілі ў парламенце ад імя партыі. Па-другое, партыі імкнуцца ўхіліцца ад прыняцця важных палітычных рашэнняў. За іх калісьці даводзіцца адказваць, і, каб гэтага не рабіць, палітпартыі звычайна прысутнічаюць ва ўсіх палітычных працэсах у лепшым выпадку як назіральнікі. Тое самае адбываецца і цяпер, на выбарах у мясцовыя Саветы. Па-трэцяе, у нас таксама спрацоўвае так званы жалезны закон алігархічных тэндэнцый, у адпаведнасці з якім любая сацыяльная арганізацыя непазбежна абарочваецца ўладай нямногіх абраных. Нашы партыйныя лідары, на жаль, ужо даўно не прадстаўляюць нікога, акрамя сябе і свайго атачэння. Па-чацвёртае, у нас проста няма цікавых, харызматычных лідараў — іх ніхто не ведае, яны нідзе не бываюць. Дык як яны могуць прадстаўляць электарат у органах мясцовага самакіравання?

— Як, на ваш погляд, гэта адаб'ецца на выніках выбараў?

— Мяркую, кандыдаты ад партый не будуць карыстацца поспехам у выбаршчыкаў і многія з іх у мясцовыя Саветы не трапяць. Трапяць туды тыя людзі, якія будуць абараняць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў. А нашы палітычныя партыі павінны цалкам перагледзець стаўленне да сваёй дзейнасці, не перад выбарамі актывізаваць сваю палітычную актыўнасць, а пастаянна весці тэарэтычную, ідэалагічную работу, ісці да людзей. Варта, каб іх ведалі і паважалі — пачынаючы ад лідараў і заканчваючы простымі актывістамі, якія павінны пастаянна прапагандаваць ідэі сваёй партыі, весці агітацыю ў масах.

— Ці заўважылі вы нейкія ўдалыя палітычныя прыёмы ў бягучай кампаніі?

— Я ўважліва сачу за перадвыбарнымі падзеямі і пакуль не ўбачыў ніякіх новых цікавых падыходаў. А тое, што распаўсюджваецца ў інтэрнэце апазіцыйнымі кандыдатамі ў дэпутаты, не выклікае нічога, апроч шкадавання. Не трэба браць тое найгоршае, што было ў некаторых расійскіх палітыкаў, як, напрыклад, праменад па Дзярждуме з накладнымі грудзьмі. Гэта не самы лепшы ўзор. На жаль, у некаторых кандыдатаў назіраецца схільнасць да эпатажу. Аднак разумны выбаршчык хутка зразумее, што гэта проста імкненне звярнуць на сябе ўвагу, а не клопат пра электарат. Патрэбны такі палітычны ход, які мог бы прыцягнуць выбаршчыкаў самых розных палітычных арыентацый. Бо калі нейкая палітычная партыя вылучае ініцыятыву, якая ўяўляе інтарэс для ўсіх, то нават тыя, хто не падтрымлівае гэту партыю, будуць галасаваць за яе прадстаўнікоў. Галоўнае — вылучаць цікавыя, правільныя, эфектыўныя ідэі.

— А як вам падаецца, на што сёння варта рабіць стаўку ў палітычнай кампаніі? Што знайшло б водгук у народа?

— Хоць дзяржава даволі паспяхова вырашае многія цяжкасці ў жыцці беларускіх грамадзян, на жаль, праблем яшчэ дастаткова... Узяць той жа рост цэн на прадукты харчавання і тавары шырокага спажывання. Аднак калі параўноўваць бягучую сітуацыю з тым, што было 15 гадоў таму, то трывожнасць упала пунктаў на 30. Рост цэн на камунальныя паслугі таксама турбуе ўсіх, але ж найбольшую трывогу выклікае ў пенсіянераў. А нашы структуры ЖКГ абсалютна не могуць растлумачыць рост цэн на паслугі і саму сістэму размеркавання сродкаў — на што, уласна кажучы, ідуць грошы. І якраз дэпутатам мясцовых Саветаў неабходна завярнуць самую пільную ўвагу на рашэнне гэтых праблем. Не на нейкія спекуляцыйныя лозунгі і папулізм, а на рашэнне канкрэтнай праблемы. Калі праблема будзе вырашаная, ці хоць бы прагучыць выразнае тлумачэнне, якім чынам яна будзе вырашана, калі ў дэпутатаў атрымаецца дастукацца да кожнага выбаршчыка, яны змогуць выйграць на гэтым пункце. Ёсць і іншыя моманты: напрыклад, зніжэнне якасці адукацыі. Многія нашы выпускнікі-эканамісты і юрысты не могуць знайсці работу па спецыяльнасці. Папросту няма дакладнай "мадэлі" выпускніка — якімі якасцямі, здольнасцямі і навыкамі ён павінен валодаць. Праблемных пытанняў сёння шмат. Дзяржава імкнецца іх вырашаць, але ж калі дзяржава і органы мясцовага самакіравання, дэпутаты розных узроўняў будуць працаваць у адной запрэжцы, многія праблемы можна будзе вырашаць больш эфектыўна.

— Чаму мясцовыя выбары заўжды карыстаюцца ўзаемнай непапулярнасцю — і ў тых, хто выбірае, і ў тых, хто выбіраецца — нізкія конкурсы, нізкія яўкі?.. Здаецца, і сёлетнія — не выключэнне...

— Няхай у гэту кампанію мы і не праводзім спецыяльных электаральных даследаванняў, аднак у рамках іншых замераў нашы супрацоўнікі адзначаюць, што няма практычна ніякай сацыяльнай актыўнасці. І на гэта ёсць некалькі прычын. Першая — неразвітасць грамадзянскай супольнасці у краіне, што істотна ўплывае на палітычную актыўнасць многіх грамадскіх структур. Дзяржава ўсё робіць для таго, каб павысіць палітычную актыўнасць, каб грамадзяне бралі максімальны ўдзел у кіраванні. Пра гэта сведчаць ужо хоць бы нядаўнія змены ў выбарчым заканадаўстве. Другая прычына нізкай сацыяльнай актыўнасці заключаецца ў тым, што сёння няма матэрыяльнай зацікаўленасці дэпутатаў мясцовых Саветаў, гэта дзейнасць на грамадскіх пачатках. З іншага боку, ва ўсіх краінах менавіта палітычная адказнасць перад сваімі выбаршчыкамі змушае людзей ісці ў мясцовыя органы самакіравання і браць актыўны ўдзел у іх рабоце. У нас, на жаль, яшчэ з савецкіх часоў засталася звычка, нават памкненне, ва ўсім абапірацца на дзяржаву. Пачынаючы ад асвятлення вуліцы і заканчваючы асфальтаваннем дарогі — усе лічаць, што дзяржава павінна гэтыя праблемы вырашыць, а не сельскі ці іншы Савет. А рэальна з гэтым могуць разабрацца тамтэйшыя дэпутаты.

— Дык, можа, зрабіць Саветы прафесійнымі — плаціць заробкі ўсім дэпутатам, а не толькі старшыням Саветаў? Можа, калі вырашэнне праблем мясцовых жыхароў стане працай, якая аплачваецца, а не дадатковай грамадскай нагрузкай, справа пойдзе лепш?

— Наўрад ці варта гэта рабіць. Таму што тады мы ператворым імкненне ўвайсці ў мясцовы Савет у пагоню за нажывай, як часам імкнуцца некаторыя асобы патрапіць у парламент выключна для таго, каб атрымліваць някепскі заробак і не думаць пра сваіх выбаршчыкаў. На жаль, такіх выпадкаў было дастаткова шмат. Мне падаецца, дэпутат сельскага Савета перш за ўсё павінен валодаць велізарным аўтарытэтам і адчуваць за гэта адказнасць, а не імкнуцца ісці ў Савет за грошы.

— Хіба не траціна патэнцыйных дэпутатаў — працаўнікі адукацыі, культуры, навукі, сістэмы аховы здароўя. Нейкая непалітызаваная палітычная кампанія атрымліваецца...

— Доўгія сацыялагічныя назіранні і развагі прывялі мяне да высновы, што на ўзроўні Савета прафесія дэпутата не такая важная. Галоўнае, каб гэта быў прыстойны, ініцыятыўны, сумленны чалавек, які душу аддаваў бы сваім выбаршчыкам. Усё адно, настаўнік гэта ці доктар, ці пенсіянер — вунь колькі прыкладаў, калі пенсіянер вельмі эфектыўна працуе, вырашае многія пытанні, стукаецца ва ўсе дзверы... А вось у парламенце, дзе трэба мець справу з законамі, гуманітарыям ды ўрачам вельмі складана працаваць. Там, на маю думку, павінны быць найперш юрысты, сацыёлагі, палітолагі. У гэтым сэнсе не варта занадта "палітызаваць" мясцовыя выбары. І мне абсалютна незразумела, чаму працоўныя калектывы так упарта вылучалі кандыдатаў (каля 38 адсоткаў удзельнікаў выбарчай гонкі "дэлегаваныя" калектывамі. — Аўт.). Ну я разумею яшчэ сітуацыю, калі гэта горадаўтваральнае прадпрыемства — там калектыў зацікаўлены ў вырашэнні праблем населенага пункта. А вось калі ў Мінску працаўнікі, якія жывуць у розных канцах горада, вылучаюць свайго кіраўніка кандыдатам у дэпутаты, гэта выглядае дзіўна. Мясцовыя выбары — гэта, па сутнасці, мерапрыемства, скіраванае на вырашэнне праблем рэгіёна, горада, сяла, а не вялікая палітыка як пры выбарах у парламент.

— Тым не менш, агітацыя ёсць агітацыя, і непрыкметны піяр — усё ж аксюмаран, калі не сказаць нонсенс. Аднак мясцовыя выбары заслужана найлепшыя ў гэтым... Вось вы ведаеце кандыдатаў па сваёй акрузе?

— Нават уяўлення не маю! І наўрад ці я адзін такі — вось ужо больш як тыдзень мінуў з рэгістрацыі кандыдатаў, але ж мала хто ведае іх... На жаль, у Мінску сітуацыя нават горшая, чым у іншых населеных пунктах — інфармаванне роўнае нулю. Дай Божа, каб напярэдадні выбараў — 25 красавіка — кандыдат у дэпутаты гарсавета кінуў бы лістоўку ў маю паштовую скрыню!.. Я ужо 25 гадоў тут жыву, але яшчэ ні разу ніхто не запрасіў мяне на нейкую сустрэчу з кандыдатам у дэпутаты мясцовага Савета... Можа, таму што вялікі горад, тут цяжка дастукацца да выбаршчыкаў, трэба працаваць па "метаду жабракоў" — ад дзвярэй да дзвярэй: прыйсці, расказаць, што ты хочаш і можаш зрабіць, — канкрэтна, без перабольшванняў і пустых абяцанняў. У сталіцы гэта зрабіць больш складана...

— Як выправіць сітуацыю? Можа, выхад за сціплыя бюджэтныя рамкі дазволіць пакончыць з "бязгучнай" агітацыяй?

— Выкарыстанне пазабюджэтных фондаў нічога не зменіць. У гэтым выпадку не грошы вырашаюць, а людзі — палітычная свядомасць, палітычная культура, якая, на жаль, у нашай краіне, дзе многія спадзяюцца, што ўсё вырашыць дзяржава, не такая высокая. За гэтыя тры тыдні, што засталіся да выбараў, нічога змяніць нельга. Усё будзе так, як ёсць, як склалася здаўна. Але калі сістэматычна павышаць палітычную актыўнасць грамадзян, грамадзянскую культуру, палітычную свядомасць, калі нашы палітпартыі нарэшце зразумеюць, што ад іх многае залежыць, што іх кандыдаты ў дэпутаты могуць вырашаць праблемы, на наступных выбарах актыўнасць насамрэч павысіцца. Тут шмат звёнаў у сістэме — пачынаючы ад палітычных партый, структур грамадзянскай супольнасці і заканчваючы СМІ, якія будуць паказваць станоўчы вобраз дэпутата і пазітыўны вопыт работы Саветаў. Тады на наступныя выбары пойдзе значна больш кандыдатаў у дэпутаты і ахвотных за іх прагаласаваць.

Наступныя выбары пакуль застаюцца скурай незабітага мядзведзя, а гэтыя... Гэтыя, на жаль, па ўспрыманні нічым не адрозніваюцца ад папярэдніх...

Ала МАЧАЛАВА.

 

 

←Контроль за депутатами будет усилен

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика