Праблему з водазабеспячэннем у Палянах трэба вырашаць прынцыпова

Источник материала:  

Згодна з апошнім перапісам, у вёсцы Паляны Ашмянскага раёна пражывае 195 чалавек. І вось ад імя іх усіх у рэдакцыю звярнулася Людміла Ігнатаўна Пажыдаева. Гаварыла пра набалелае, прасіла, па магчымасці, дапамагчы.

— У нас сур'ёзныя праблемы з забеспячэннем вадой. Калонкі, трубы знаходзяцца на балансе раённых камунальнікаў, а вось воданапорная вежа — на балансе мясцовага СВК "Кракоўка". І гаспадарка не хоча аддаваць яе камунальнаму прадпрыемству. Хоць вялікага статку жывёлы яна тут ужо не трымае, засталося толькі 130 цялят, якіх праз нейкі час перавядуць у іншае месца. А надалей жывёлу тут трымаць увогуле не збіраюцца, — даводзіла сутнасць праблемы Людміла Ігнатаўна. — Але і гэта яшчэ не ўсё. Вада ў нас у калонках то ёсць, то няма. Кажуць, свідравіна выпрацавала свой рэсурс. А мы вось думаем, што трэба належным чынам адрамантаваць помпу. З 23 студзеня па пачатак сакавіка вады ўвогуле не было. У вёску яе падвозілі ў дзвюх бочках. Па-першае, не ўсім яе хапала, і хто меў магчымасць, самастойна мусіў для сябе вырашаць гэтае пытанне. Па-другое, якасць той пітной вады нам падалася не вельмі добрай. Куды не спрабавалі звяртацца з праблемай, нічога не можам пачуць канкрэтнага.

Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Ашмянскага райвыканкама Аляксандр СУШЧЭЎСКІ адразу папярэдзіў нас, што вышэйагучаная жыхаркай вёскі праблема з водазабеспячэннем — куды больш сур'ёзная, чым уяўляюць сабе людзі. І вырашаць яе трэба прынцыпова.

адразу папярэдзіў нас, што вышэйагучаная жыхаркай вёскі праблема з водазабеспячэннем — куды больш сур'ёзная, чым уяўляюць сабе людзі. І вырашаць яе трэба прынцыпова.

— Так, у Палянах была ферма, і калі на баланс камунальнікаў у 2002 годзе перадавалі сеткі, сама вежа засталася за гаспадаркай. Аднак асаблівага сэнсу ў перадачы той воданапорнай вежы зараз камунальнаму прадпрыемству, напэўна, няма. Справа ў тым, што свідравіна сапраўды выпрацавала сябе: забор вады апошнім часам быў большым, чым яе рэсурс. Гэтым жа, дарэчы, і тлумачыцца, як распавяла вам жанчына, чаму вада то была, то знікала. Помпа перапампоўвала той запас, які ўтвараўся, і ўсё. Не пры чым і сама помпа. Мы нават паставілі яе з меншай магутнасцю, аднак яна не вытрымала (ахаладжэнне яе ішло за кошт вады), згарэла. Замянілі на новую — з аптымальнай магутнасцю: каб і ваду пампавала, і не перагарала, — расказаў нам Аляксандр Пятровіч. — Пытанне трэба вырашаць па-іншаму: рабіць новую свідравіну. Аднак каштуе яна, як паказвае вопыт, ад 100 да 150 мільёнаў рублёў — у залежнасці ад глыбіні. Гэта вялікія грошы. У раёне зараз вядзецца ўладкаванне аграгарадкоў, спрабуем атрымаць патрэбную суму з іх фінансавання. Найперш стаіць задача вырашыць праблему з водазабеспячэннем насельніцтва. Амаль 200 чалавек, прычым пераважна сталага ўзросту — гэта сур'ёзна. Калі свідравіну будзе рабіць РУП "Ашмянскае ЖКГ", натуральна, яна і паступіць на баланс прадпрыемства. Калі СВК "Кракоўка" пажадае таксама браць са свідравіны ваду і будзе гатовая аплачваць яе спажыванне па лічыльніку, думаю, праблем таксама не ўзнікне.

Як сказаў далей суразмоўца, зімой, падчас маразоў, сеткі "прыхапіла" і ваду ў Паляны завозілі ў дзвюх ёмістасцях.

— Адна з іх прызначалася пад ваду для паення свойскай жывёлы. А вось для людзей пітную ваду прывозілі на малакавозе, — удакладніў Аляксандр Пятровіч.

Дарэчы, па просьбе рэдакцыі раённая санстанцыя праверыць якасць вады ў вёсцы. Урач-гігіеніст Ларыса ПРЫБЫЛЬСКАЯ паабяцала паведаміць вынікі даследаванняў праз некалькі дзён — пасля выезду спецыялістаў на месца.

Напрыканцы Аляксандр Сушчэўскі дадаў, што ў Паляны ўжо неаднойчы выязджалі прадстаўнікі райвыканкама. "Раз такая справа, паедзем заўтра зноў. Трэба патлумачыць яшчэ раз людзям, што праблему мы імкнёмся вырашыць".

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Контроль за депутатами будет усилен

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика