Палессе павінна расквітнець

Источник материала:  

У трох раёнах Брэстчыны — Столінскім, Лунінецкім і Пінскім — з вялікім задавальненнем успрынялі зацвярджэнне Дзяржаўнай праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады. Гэты ўнікальны куток Беларусі заслужыў асаблівую да сябе ўвагу і, нарэшце, дачакаўся яе.

— Наш край багаты працавітымі людзьмі, — сказаў у гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" старшыня Столінскага райвыканкама Аляксей ДЗЯМКО. — Але бедны на землі. Іх, прыдатных для сельскай гаспадаркі, заўсёды не хапала. Таму найпершым і найважнейшым раздзелам праграмы мы лічым увядзенне ў зварот новых зямель і рэканструкцыю старых. Да 2015 года ў раёне прадугледжана асушыць 12,6 тысячы гектараў зямлі з балам урадлівасці ворыва не менш за 30. І яшчэ адна задача стаіць перад меліяратарамі — рэканструкцыя старых земляў. Калі меліярацыя ў нашых краях пачыналася, — працягваў аповед Аляксей Аляксеевіч, — я быў малым хлопцам. Сённяшнім меліярацыйным канструкцыям па 40-45 гадоў, зямля стамілася, страціла былую ўрадлівасць. Таму ёй, карміцельцы, трэба дапамагчы. Паводле праграмы, мы павінны да ўказанага года рэканструяваць 14 тысяч гектараў таксама з балам урадлівасці не менш за 30.

Ну а далей — акцэнт на вытворчасць. Будзе добрая зямля, мусім прымяняць новыя прагрэсіўныя тэхналогіі земляробства і развіваць жывёлагадоўлю. Да 2015 года ў нас запланавана будаўніцтва 12 новых сучасных жывёлагадоўчых комплексаў. Шэсць з іх, дарэчы, ужо на стадыі праектавання. Новыя мяса-малочныя прадпрыемствы будуць працаваць, зразумела, па новых тэхналогіях у адпаведнасці з апошнім словам навукі. Усё акрэсленае дасць новы імпульс эканоміцы раёна, зарплата працаўнікоў вёскі павінна вырасці ў сувязі з гэтым у два з паловай разы. Паралельна, як і прадугледжана праграмай, будзе развівацца сацыяльная сфера. У нас ужо цяпер узводзяцца дзве новыя школы, дзіцячы садок.

Століншчына мае вялікі патэнцыял прыродных рэсурсаў, у тым ліку карысных выкапняў. Мы спадзяёмся, што будуць, нарэшце, запатрабаваныя нашы вялізныя запасы шклянога пяску. А гэта, як вы разумееце, новыя рабочыя месцы, новы стымул для эканомікі. Ужо вядзецца пераабсталяванне цагельнага завода з тым, каб вырабляць цэглу са сваёй сыравіны.

Яшчэ адна задача для рэгіёна прадыктаваная вялікай колькасцю заможных прыватных гаспадарак. Вы ж, напэўна, ведаеце Століншчыну як край агуркоў і іншай агародніны. Дык вось, у раёне мусіць быць сапраўдная база па захаванні і перапрацоўцы агародніны. У праграму ўвайшлі таксама экалагічныя праекты. Напрыклад, для нашага раёна актуальнай стала праблема па ўтылізацыі поліэтыленавай плёнкі, якая выкарыстоўваецца ў цяпліцах. Знойдзены інвестар, і неўзабаве будзе створана прадпрыемства па перапрацоўцы плёнкі.

Яшчэ адзін кірунак патрэбнай і доўгачаканай праграмы — развіццё аграэкатурызму. Наш край унікальны і сваёй прыродай, і этнічнымі асаблівасцямі. Грэх было б гэта не выкарыстаць. Некалькі аграсядзібаў мы маем, але гэтага мала. Зараз ствараецца яшчэ адна недалёка ад вёскі Сямігосцічы. Па сутнасці гэта турыстычная база. Паводле праграмы, будуць рэканструяваныя помнікі прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння "Манькавіцкі" і "Ніжнецерабяжоўскі". Распрацоўваюцца новыя экскурсійныя маршруты з улікам унікальных балотных запаведных мясцінаў. Нам ёсць што паказаць гасцям.

У Лунінецкім раёне новае развіццё атрымае найбуйнейшае ў Еўропе прадпрыемства па вытворчасці нярудных матэрыялаў "Граніт". У найбліжэйшыя гады на "Граніце" будзе адкрыта новая, пятая, лінія, якая дасць магчымасць на 40 працэнтаў павялічыць вытворчасць шчэбню. Адпаведна аб'ёмам вытворчасці ўзрасце колькасць працоўных месцаў. У горадзе Мікашэвічы, які і з'явіўся дзякуючы прадпрыемству, будзе павялічаны і добраўпарадкаваны стадыён. У вёсцы Вулька-2 пабудавана новая школа. Вялікія перамены чакаюць раённы цэнтр — Лунінец. Тут з'явіцца чаканы Дом культуры на 600 месцаў, нават лядовая арэна і басейн. А ўжо сёлета павінен уступіць у строй жыццёва важны аб'ект — новая раённая бальніца, якая адпавядае ўсім патрабаванням сучаснай медыцыны.

Праграма развіцця Прыпяцкага Палесся ўтрымлівае і план далейшага развіцця Пінскага раёна. Акрамя ўзвядзення новых аб'ектаў сельскай гаспадаркі, прамысловасці, сацыяльнай сферы, на Піншчыне, напрыклад, запланавана абсталяванне паромнай пераправы праз раку Прыпяць.

Святлана ЯСКЕВІЧ.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика