Ветэран вайны распрацаваў рэвалюцыйны гідрарухавік?

Источник материала:  
31.03.2010 12:26 — Новости Общества
Жыхар Слуцка Мікалай Маглыш запэўнівае, што вынаходніцтва зробіць рэвалюцыю ў беларускай вытворчасці, бо зможа выпрацоўваць амаль дармовую энергію. Сам ветэран цудам застаўся жывы ў ваенныя часы, і лічыць, што гэта здарылася для таго, каб на свет нарадзілася ідэя незвычайнага гідрарухавіка.

Жыхару Слуцка Мікалаю Якаўлевічу Маглышу 89 гадоў. Жыве ён на вуліцы, названай у імя свайго брата-партызана Пятра Маглыша.

Ветэран вайны распрацаваў рэвалюцыйны гідрарухавік?Старэнькі ветэран з цяжкасцю ходзіць, а зразумець, пра што ён гаворыць, можна не з першага разу. Падчас нашай гутаркі даводзілася рабіць адразу некалькі паўзаў — так цяжка Мікалаю Якаўлевічу ўзгадваць вайну, гітлераўскі палон, расстрэл яго партызанскай сям'і і ўрэшце стаўленне "розных начальнікаў" да кальцавога гідрарухавіка, які ён вынайшаў.

Немцы ганарацца сваімі сучаснымі ветракамі, з дапамогай якіх выпрацоўваецца альтэрнатыўная энергія. У некаторых землях Германіі такая энергія забяспечвае патрэбы да 40%.

Аказваецца, і ў Беларусі ёсць вынаходкі, здольныя выпрацоўваць альтэрнатыўную энергію. Напрыклад, кальцавы гідрарухавік Маглыша. Ветэран называе гэты праект справай жыцця. Ідэя запатэнтавана ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці. Але грошай на стварэнне і выпрабаванне праекта чыноўнікі не выдзяляюць. Мікалай Якаўлевіч з абурэннем паказвае мне стос адпісак, згодна з якімі на ажыццяўленне праекта грошы фізічнай асобе выдаць немагчыма. Вось калі б 89-гадовы Мікалай Маглыш, які без дапамогі дачкі і сацыяльнай працаўніцы не можа падняцца з ложка, узяў ды і прыладзіўся ў які-небудзь навукова-даследчы інстытут...

Распытваю заслужанага слуцкага ветэрана пра яго драматычны лёс і міжволі думаю: а можа, гэты чалавек і сапраўды цудам выжыў у вайну, каб падарыць Беларусі сваю цікавую вынаходку?

"З Масквы далі заданне дапрацаваць мой кулямёт"

Другая сусветная вайна пачалася для Мікалая Маглыша, калі ён служыў старэйшым збройнікам у Яраслаўскай вобласці. Ужо тады малады вынаходнік прыдумаў новы кулямёт, які зараджаўся нітрагліцэрынай. З Масквы далі заданне дапрацаваць праект, але нечакана пачалася вайна.

— Уначы па трывозе паднялі, павезлі ва Уладзімір, дзе выдалі тэхніку, абмундзіраванне, на трох эшэлонах адправілі на Чорнае мора ў Марыупаль, — усхвалявана ўзгадвае ветэран. — Яшчэ сонца не ўзышло, наляцелі тры "юнкерсы" (плача). Усе пачалі бегчы з эшалонаў улева. Матацыклісту Валодзю Інусу адарвала нагу...

Было страшна, давалі па 100 грамаў спірту. Некаторыя з непрывычкі падалі. На матацыкле вазіў камандзіра, ад'ютанта. Аднойчы вёз капітана, было гэта кіламетраў за 25 ад Днепрапятроўска. У полі стаяла ўкраінская "мазанка". Капітан мне: "Спыніся, ідзі і правер гэты дом". Дзверы былі прыадчыненыя, заходжу — а там немец, афіцэр, давай праз акно ўцякаць. Я стрэліў: "Хэндэ хох!" У саломе сядзелі яшчэ некалькі немцаў. Пасадзілі іх у спадарожную машыну, куды ў тым ліку сеў і капітан. У матацыкле прабіла бензабак, выцекла паліва. Я адзін на дарозе, кругом немцы. Наляцелі "месеры", паспеў ускочыць у акоп пры дарозе. Па полі ехаў полк казакаў на конях — на маіх вачах іх "перакасілі".

Немцы ўсё адно мяне схапілі, пасадзілі ў нейкі хлеў, дзе дзверы не зачыняліся. Ахоўнік сказаў, што нас нараніцу расстраляюць. Я ўначы уцёк.

Усё адно ля станцыі Бобрынскай мяне злавіў малады паліцай. Ён завёў мяне на станцыю і пасадзіў у барак. Так я стаў палонным.

"Злавілі вожыка, падзялілі па кавалачках"

Ні вады, ні яды — нічога не давалі. З кулямётаў стралялі па сценах барака, а раніцай выцягвалі мёртвых. Мяне не застрэлілі, бо быў прыкрыты калонай. Выгналі нас у двор, распранулі, дазволілі паесці снегу. Плечы памецілі смярдзючай жоўтай фарбай, своеасаблівым кляймом.

Потым пачалі даваць баланду з зерня. Некаторыя палонныя кавалак хлеба выменьвалі на боты. Адзін з такіх хлопцаў босы на дварэ ад холаду ўпаў, яго паўжывога закалолі.

Зноў паспрабаваў ўцячы з лагера, калі выводзілі расчышчаць снег, але не атрымалася.

Вечарам здымаеш бялізну — а там поўна вошаў. Захварэў на дызентэрыю ў такіх умовах.

Потым 14 ваеннапалонных, у тым ліку і мяне, узялі ў лес нарыхтоўваць слупочкі. Аднойчы злавілі мы вожыка, пасмажылі на адні, па кавалачках на ўсіх падзялілі. Да нас там, відаць, увосень нехта працаваў. Палілі вогнішчы, у папялішчах знаходзілі дробную бульбачку, яна была смачнейшая за цукар (плача).

Калі нас вярнулі ў лагер, пачалі рыхтаваць да адпраўкі ў Германію. У вагоне рэзалі падлогу пілкамі па метале, хацелі уцячы, але гэта заўважылі, і пачалі везці нас толькі днём.

Прывезлі нас у вялікі лагер пад Гамбург, усіх сфатаграфавалі, запісалі паасобку. Мяне забралі слесарам на своеасаблівую ЖКГ.

"Ад расстрэлу выратаваў пажылы немец"

Побач стаяў лагер з украінскімі дзяўчатамі. Яны перадавалі нам хлеб і цукеркі, калі былі харошыя нямецкія ахоўнікі. Калі стаяў дрэнны ахоўнік, рабіць гэта забаранялася.

Потым дазволілі напісаць ліст дадому. Тады я яшчэ не ведаў, што ўсю сям'ю — маці, бацьку, брата, сястру — расстралялі за партызанскую дзейнасць. Відаць, у лагер напісалі з гестапа, таму што на мяне пачаліся ганенні. У камеру нехта падкінуў кавалак гумы, а з працоўных месцаў катэгарычна забаранялася хоць нешта праносіць у камеры. На праверку прыйшоў пузаты немец, пачаў крычаць: "Ты скраў!" Паставіў да сценкі, хацеў адразу расстраляць. Пыталіся: "Хто табе даў гуму?" Я і кажу: "Фітшэнт даў". Гэта быў нямецкі інструментальшчык, меў гадоў 70, працаваў у гаражы з тармазамі і клапанамі. Відаць, палюбіў мяне, бо я гаварыў па-нямецку. Папрашу у Фітшэнта спірту — ён скажа, што нельга, але дасць. І на гэты раз ён сказаў, што даваў мне гуму. Мог я загінуць яшчэ адзін раз. Ахоўнік-аўстрыец вывозіў мяне ў рэстаран, карміў. Пазней я даведаўся, што так рабілі перад тым, як расстрэльвалі. Але якраз наступалі англічане. Я застаўся жывы. Усіх нас сабралі на карабель, хацелі ўтапіць. Але ахоўнікі кудысьці зніклі, англічане нас вызвалілі, мы пабеглі ў лагер да дзяўчатаў. Па іх прыйшлі машыны. Такім чынам я выехаў з-пад Гамбурга, у выніку трапіў у полк Чырвонай Арміі каля мястэчка Гале. Гэта была 67-я вайсковая часць, НКУС атрымала дакументы з лагера, мяне залічылі ў аўтарамонтны батальён, быў брыгадзірам па рамонце. Выдалі ваенны білет. У 1946 годзе дэмабілізавалі, тады я і даведаўся, што ўся сям'я расстраляная...

Як працуе кальцавы гідрарухавік Маглыша?

Ветэран вайны распрацаваў рэвалюцыйны гідрарухавік?Вынаходка выпрацоўвае энергію ад ціску вады. Гэта можа быць і вадаспад, і падземны струмень. Можа ўсталёўвацца як пад зямлёй, так і на паверні.

У корпусе гідрарухавіка выкананы канал падачы вады высокага ціску. Каэфіцыент карыснага дзеяння вельмі высокі. Мікалай Маглыш запэўнівае, што праект не мае аналагаў, і рухавік можна выпрацоўваць бясплатную энергію ў розных відах прамысловасці.

А ветэран ведае, пра што кажа. Менавіта ён сканструяваў першую слуцкую карусель, прыдумаў аўтаматычныя машыны сарціроўкі бутэлек для піўзавода, зрабіў машыны для рэзкі цеста для слуцкага хлебазавода. Прылады Мікалая Маглыша адзначаліся дзяржаўнымі ўзнагародамі ў 90-х гадах.

Дык можа паверыць заслужанаму ветэрану і на гэты раз?



←Минские дорожники приступили к капремонту улиц

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика