Адметны пункт гледжання

Источник материала:  
Многія моўныя памылкі звязаны з тым, што пры перакладзе з рускай мовы на беларускую мы часта робім калькі. Аднак мова беларуская мае сваю багатую скарбонку слоў і ўстойлівых выразаў. Трэба толькі не паленавацца ў яе зазірнуць.
У маўленні па-беларуску, напрыклад, нярэдка можна пачуць неўласцівыя для нашай мовы выразы “уступіць у шлюб”, “купіць пра запас”, “кропка погляду”. Адразу ўзгадваюцца рускія словазлучэнні “вступить в брак”, “купить про запас”, “точка зрения”. Пры перакладзе іх на беларускую мову неабходна быць вельмі ўважлівым. Справа ў тым, што адно і тое ж слова можа перадавацца па-рознаму, у залежнасці ад значэння. Так, рускае “точка”, калі маецца на ўвазе знак прыпынку, — перакладаецца як “кропка”. Аднак у значэннях “месца знаходжання” ці “мяжа чаго-небудзь”, а яшчэ у складзе некаторых устойлівых спалучэнняў з пераносным значэннем неабходна ўжываць слова “пункт”. Такім чынам, правільна будзе па-беларуску сказаць менавіта “пункт гледжання”. Што ж наконт іншых згаданых словазлучэнняў, то неабходна гаварыць “узяць шлюб”, “купіць у (ці на) запас”.
У маўленні сустракаецца такое ўжыванне: "гэтаму пытанню не надзялялася належнай увагі". Аднак шырока вядомы ўстойлівы беларускі выраз "надаваць увагу". Атрымліваецца, у прыведзеным кантэксце дапушчана памылка. Выявім адрозненні паміж дзеясловамі "надзяляць" і "надаваць".
Надзяляць — азначае, “даваць у асабістае карыстанне, выдзяляць як долю”. Напрыклад, надзяляць маёмасцю. Гэты дзеяслоў таксама выражае паняцці “падарыць”, “прыпісаць каму-небудзь пэўныя якасці”.
Надаваць жа — гэта “прыдаць чаму-небудзь пэўную форму, якасць”. Надаваць можна і званне, права, паўнамоцтвы, а яшчэ — сілы, значэнне, увагу.
Такім чынам, правільным будзе гаварыць: надаваць увагу. Ёсць таксама выразы-сінонімы прыняць пад увагу, звярнуць увагу, якія варта запомніць.

Падрыхтавала Вераніка Бандаровіч

←Вездеход по-оршански

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика