Светлае Свіцязі імя
25.03.2010
—
Новости Общества
Мінскі інжынер Мікалай Чубрык упэўнены, што назва знакамітага возера на Навагрудчыне мае дачыненне да пантэону язычніцкіх багоў
Ён з’явіўся ў рэдакцыі акрылены, вочы гараць… Так, прызнаецца, “у тапаніміцы я не спец”: Мікалай — тэхнічны дырэктар у фірме, якая займаецца распрацоўкай і вытворчасцю электронікі. Аднак родам са старажытнай Навагрудчыны, з вёскі Забердава. І нядаўна адкрыў такое!..
Але ўсё па парадку. Бацька Мікалая заўсёды цікавіўся мясцовай гісторыяй, любіў пагаварыць са старажыламі, стварыў свой радавод. І мой суразмоўца не раз думаў: адкуль назвы такія ў іх мясцовасці? Пачынаў з суседніх вёсак Русацін і Ятвезь. У літоўска-рускім слоўніку знайшоў: rusu — рускі, ten — там, туды. Значыць, зрабіў выснову, людзі розных этнічных плямёнаў так сябе вызначалі — “русы (русіны) жывуць там”. А ў суседняй вёсцы, пэўна ж, яцвягі жылі. Дзед ягоны, дарэчы, з Русаціна. Унікаючы ў сэнс назвы Скрышава, знайшоў у Тлумачальным слоўніку Уладзіміра Даля слова “скрыжаваць”. “Дык і мама гэтае слова ўжывала!” — узрадаваўся Мікалай. Потым прыгадаў слова “скрыжаванне” і вылучыў версію: вёска — на скрыжаванні даўніх дарог, і, пэўна, раней мела назву Скрыжава.
“А вы на Свіцязі бывалі?” — цікавіцца Мікалай Чубрык, пераходзячы да галоўнага, разгортваючы карту. Адразу прыгадалася гэтае дзівоснае возера ў перадсвітальную пару пасля Купальскай ночы… На пачатку 90-х гадоў Міністэрства культуры ладзіла “Усебеларускае Купалле”. І зусім не выпадкова месцам правядзення абраду была выбрана гара Радагошча, непадалёк ад Свіцязі. Спецыялісты лічаць: у дахрысціянскую пару на той гары продкі нашы ўшаноўвалі сваіх багоў, там было язычніцкае капішча.
“Ну вось, пра Радагошчу чулі, значыць, і ход маіх думак зразумееце, — Мікалай схіляецца над картай. — Ёсць, я ведаю, гіпотэзы вучоных, што ў назвы возера паходжанне балцкае ці нямецкае, у перакладзе з літоўскай мовы Свіцязь азначае “светлае”. Але ж чаму тады рэчка вось гэта, што выцякае з возера, мае закавырыстую назву: Сваротва? Біўся я над гэтым не адну гадзіну, увесь Інтэрнэт аблазіў… А ўрэшце заглянуў у язычніцкую міфалогію — і чуць не самлеў! Дык гэта ж у гонар бога Сварога!”
Тут варта ўдакладніць: у славянскай міфалогіі Сварог — вярхоўны бог, стваральнік свету, а таксама бажаство Зімы, сімвалізуецца блакітным колерам, бог Пярун (уладар Лета) — жоўтым, а Святавіт, трэці галоўны бог у тым пантэоне — зялёным колерам, гэта бажаство Вясны. А язычніцкія назвы Мікола знайшоў не толькі ў назве рэчкі Сваротвы і гары Радагошчы...
“Я зразумеў: бытуюць у нас побач гэтыя яўна язычніцкія назвы. Святавіт, напрыклад. У адным месцы знайшоў Святавіцязь. Вось і падумалася: ці не ў гонар Святавіта-Святавіцезя возера назвалі Свіцязь? А што з Перуном звязана? Прыгледзеўся, а на Сваротве вёска Пурневічы ёсць — магла быць раней Перуневічы, у гонар гэтага язычніцкага бога Лета і Агню. Столькі супадзенняў, што, паводле тэорыі верагоднасці, гэта проста не можа быць выпадковасцю”.
Як лічыць Мікалай, нашы продкі “пакінулі моўныя знакі” і ў самой назве возера, і вакол яго свядома. Можна дапусціць: непадалёк ад Наваградка, заснаванага ў канцы Х — пачатку ХІ стагоддзяў, існаваў шэраг капішчаў, дзе ўшаноўваліся розныя язычніцкія багі. Прычым доўгі час, бо хрышчэнне ў Наваградку князя Міндоўга ў праваслаўе адбылося, паводле летапісаў, толькі ў 1246 годзе. Як вядома з прац даследчыкаў даўніны, сакральныя дзеі язычнікі праводзілі не ў гарадах, а на ўлонні прыроды: на ўзвышшах, па рэках і азёрах, у свяшчэнных лясах і дубровах. З прыходам хрысціянства тая культура не дамінуе, адыходзіць на другі план, але яе знакі, старажытныя назвы пад Навагрудкам засталіся.
Даведка “ГР”. Возера Свіцязь — адно з найпрыгажэйшых у Беларусі з крыштальна чыстай вадой, плошчай каля 170 гектараў. Знаходзіцца амаль у цэнтры Навагрудскага узвышша, акруглай формы, найбольшая глыбіня — каля 15 метраў. Як сцвярджаюць геолагі, яно мае карставае паходжанне: утварылася ў выніку правалу гэтак званых чацвярцічных адкладанняў у падземныя пустоты. У народзе ж яго, шануючы спрадвечныя таямніцы і прыгажосць, называюць: святая вада, святое возера. Возера разам з лясным масівам плошчай больш за 800 гектараў аб’яўлена заказнікам.
Іван Ждановіч