Падвоз вучняў — галаўны боль для дырэктара школы

Источник материала:  

У нумары за 2 сакавіка "Звязда" змясціла артыкул Надзеі Нікалаевай "Прыцягальнасць прафесіі педагога ў грамадстве імкліва зніжаецца". Услед за ім у рэдакцыю прыйшоў ліст ад настаўніка з Віцебскай вобласці, які быў апублікаваны ў нумары за 17 сакавіка. "Пакуль Міністэрства адукацыі будзе павышаць статус педагогаў на ўзроўні дэкларацый, школа страціць сапраўдных Настаўнікаў", — папярэджваў чытач. У адказ на артыкул "Самаадданасць педагогаў нельга бясконца эксплуатаваць" рэдакцыя атрымала па электроннай пошце наступныя меркаванні, некаторыя, можа, і занадта рэзкія:

@

У артыкуле калегі ўсё напісанае — чыстая праўда. Я працую ў школе з 1991 года і магу сцвярджаць, што апошнім часам стабільнасці няма. Мы займаемся ў школе ўсім, акрамя навучання дзяцей — на вучняў проста часу не застаецца. Крыху дапоўню карціну рэальнага становішча спраў. Калі за 2009 год я атрымаў 178 дакументаў уваходнай карэспандэнцыі, то за два з паловай месяцы гэтага года — ужо 97, і гэта не ўсе зарэгістраваныя. Правяраюць школу ўсе запар. Прыехала міліцыя паглядзець графік работы гурткоў, які з іншай інфармацыяй мы адпраўляем у РАУС, і не ўбачыўшы, што гурток у дадзены момант працуе, адразу пішуць дакладную ў вобласць, а пацікавіцца ў дырэктара або кіраўніка гуртка, чаму гурток не праводзіцца, ніхто не жадае. "Адно акно" і адміністрацыйныя працэдуры — асобная размова. Штомесячная справаздача і вядзенне вялікай колькасці непатрэбных журналаў... Калі прыходзіць чалавек са зваротам або прапановай, трэба зрабіць запіс у журнал прыёму па асабістых пытаннях, запатрабаваць у яго пашпарт, падабраць зручны час, прызначыць прыём, зрабіць запісы ў журнале вусных або пісьмовых зваротаў, і ўсё гэта замест таго, каб вырашыць пытанне за 5 хвілін з запісам у журнал выходнай карэспандэнцыі.

Падвоз вучняў у школу і дзіцячы сад таксама складанае пытанне, якое трымае ў пастаянным напружанні. Вадзіцелю трэба выехаць з гаража ў 6.50, але да гэтага часу ён павінен прайсці перадрэйсавы медыцынскі агляд, а гэта значыць, што медыку дзеля аднаго чалавека трэба прыйсці на работу ў 6.30, каб зрабіць допуск. Механіку сельгаспрадпрыемства, з якім заключаны дагавор, трэба прыйсці ў 6.15 і правесці перадрэйсавы тэхнічны агляд аўтобуса. Да школы ім трэба дабірацца самастойна больш як 3 кіламетры. За варотамі школы вадзіцеля "ласкава" сустракае інспектар з Мінтранса і просіць прад'явіць дакументы з выпісанай дырэктарам раніцай пуцёўкай з усімі допускамі. Скажыце, ці рэальна гэта зрабіць?! Унеслі ў функцыянальныя абавязкі настаўніка пункт аб суправаджэнні дзяцей пры перавозцы, а педагогу дабрацца да школы трэба да 6.50, затым праехаць увесь маршрут (110 км за дзень), правесці свае ўрокі, напісаць кучу папер. У аўтобусе толькі 23 пасадачныя месцы, а ў населеным пункце за 7 км ад школы — 27 дзяцей. І як іх прывезці на заняткі, не парушыўшы патрабаванні Мінтранса? Інструкцыі па перавозцы дзяцей у дзіцячы сад увогуле няма, бацькі павінны прыводзіць дзяцей у сад і асабіста перадаваць іх выхавальніку, таму нам даводзіцца ехаць за бацькамі, каб тыя пасадзілі на рукі сваіх дзяцей (а калі іх трое?), прывезці і бацькоў, і дзяцей у сад, а затым даставіць дарослых дадому, бо кожнаму трэба ісці на працу. Далей кіроўца павінен займацца абслугоўваннем і рамонтам аўтобуса, не маючы спецыяльнага абсталявання і адпаведнай падрыхтоўкі, а дырэктар павінен правесці інструктаж і выдаць кіроўцу допуск для правядзення рамонту, а ён жа педагог, а не механік. Рабочы дзень кіроўцы аўтобуса ў нашай школе доўжыцца з 6.15 да 18.15 з перапынкам на абед з 12.00 да 13.00. У суботу — шосты школьны дзень, таму і ў кіроўцы — таксама рабочы дзень, а выхадны — толькі ў нядзелю. Зарплата кіроўцы школьнага аўтобуса, які працуе на 1,5 стаўкі, складае 600 тысяч рублёў. Акрамя таго, практычна кожны тыдзень забіраюць аўтобус на розныя мерапрыемствы па лініі райвыканкама, раённага аддзела адукацыі, здараецца, што даводзіцца працаваць і ў нядзелю. Знайсці кіроўцу для школьнага аўтобуса ў сельскай мясцовасці з усімі катэгорыямі і трохгадовым стажам, згоднага на такія заробкі пры вялікай адказнасці, практычна немагчыма. Ёсць арганізацыі, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі, вось яны і павінны займацца перавозкамі вучняў, а не дырэктар школы. А ў нас як усё робіцца: закрылі школу, выдзелілі аўтобусы для падвозу вучняў і на гэтым праблему быццам бы вырашылі, а што далей рабіць дырэктару з гэтым аўтобусам, не парушыўшы шматлікія інструкцыі?

Збор грошай на розныя мэты — яшчэ адзін эпізод, які наш калега не закрануў у сваёй публікацыі, хіба што ў іх школе няма абавязковых латарэй, "добраахвотных" адлічэнняў у фонд міру, Чырвоны крыж, АСВОД, за адпрацаваныя суботнікі (рэспубліканскі, абласны, раённы), на падтрымку сельгасвытворцаў, на сустрэчу правяральшчыкаў і правядзенне розных школьных і пазакласных мерапрыемстваў.

Для выплаты штрафаў увогуле трэба закладваць асобны артыкул у прэміраванні настаўнікаў. Прыехала санстанцыя з комплекснай праверкай, і яе супрацоўнік нам кажа: "Як я пасля комплекснай праверкі паеду без штрафу? Мяне кіраўніцтва не зразумее..." Вось і плацім штрафы санслужбе за не адчыненую своечасова фортку або за пыл за шафай. Газета "Юны выратавальнік", напэўна, самая масавая газета, бо выпісваецца за кошт класных кіраўнікоў і дзяцей. Даходзіць да абсурду: у суседняй пачатковай школе толькі 4 вучні, а па даведзеным плане трэба выпісаць 6 газет.

Па платных агульнаадукацыйных паслугах таксама пастаянна даводзяць да школы план, хоць у Міністэрстве адукацыі і кажуць, што ніякіх планаў не існуе. Якія платныя адукацыйныя паслугі мы можам аказваць, калі не да канца выкарыстоўваюцца гадзіны вучэбнага плана, не кажучы пра магчымасці выкладчыкаў і зарплаты працаўнікоў сяла. І так можна працягваць па кожным пункце з жыцця школы (факультатывы, 10-бальная ацэнка ведаў, харчаванне, забеспячэнне падручнікамі, абсталяваннем, мэбляй, шосты школьны дзень і г.д.). Робіцца шмат добрага, але не даводзіцца ўсё гэта да лагічнага канца. А для праверак мы ўжо навучыліся складаць справаздачы і пускаць "кантралёрам" пыл у вочы, бо жыццё нас прымушае...

Дырэктар адной са школ Віцебскай вобласці.

P.S.<І> "Звязду" чытаю пастаянна і паважаю газету не толькі за тое, што мае бацькі выпісваюць яе вельмі даўно, але і за вострыя тэмы , што ўзнімаюцца на яе старонках, за тое, што журналісты не баяцца друкаваць нязручную для многіх інфармацыю.

@

Я адпрацаваў у школе шмат гадоў, але такога беспарадку ў адукацыі яшчэ не было. Праблемы ўзнікалі заўсёды, і іх трэба было вырашаць. Але зараз праблемы ствараюцца кіраўнікамі ўсіх мясцовых рангаў для таго, каб паставіць педагогаў у такое становішча, каб ні іх дзеці, ні іх лепшыя вучні нават не думалі атрымліваць прафесію настаўніка. Ды так ужо і ёсць — паглядзіце, хто ідзе працаваць у школу. Працаваць ідуць тыя, каму няма куды пайсці, у каго няма іншага варыянта, акрамя школы. Я ўжо не кажу пра нізкія заробкі, бо пра гэта гаварылася неаднойчы. Хачу сказаць пра ўмовы працы. Галіной адукацыі і настаўнікамі ў прыватнасці кіруюць абсалютна ўсе. Часам прыязджае чыноўнік, якога апошні раз праблемы адукацыі хвалявалі хіба што на яго выпускным вечары, і пачынае выказваць сваё меркаванне. Нават у сваёй роднай школе настаўнік не мае права выказаць свае думкі, калі яны не супадаюць сама меней з меркаваннем дырэктара школы. А калі асмеліўся ўсё ж выказаць сваю пазіцыю, то цябе тут жа паставяць на месца словамі: "У вас кантракт заканчваецца ў гэтым годзе, будзем думаць, ці працягнуць яго..." Уся работа ў школе заключаецца ў тым, каб правільна аформіць паперкі, і нікога не цікавіць сам вучэбны працэс. Ды і веды цяпер не асабліва патрэбныя, паколькі школе даводзяць план паступлення выпускнікоў у прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы, а там, як вядома, веды не патрэбныя...

Канстанцін.

@

Працую ў школе, таму магу сцвярджаць, што кожнае сказанае слова — абсалютная праўда. Крыўдна і прыкра. Не могуць людзі, якія адчуваюць сябе непаўнавартымі, выхаваць самадастатковых людзей.

Святлана.

@

Я з'яўляюся маладым спецыялістам — настаўнікам і класным кіраўніком, і, напэўна, як і ўсе мае калегі сутыкнулася з вялікім мноствам праблем (нізкая зарплата, факультатывы, платныя адукацыйныя паслугі, забеспячэнне падручнікамі, шосты школьны дзень і г.д.) Усё гэта цалкам адбіла ў мяне жаданне заставацца пасля адпрацоўкі па размеркаванні працаваць у школе.

Таццяна.

@

Горка і крыўдна. Змяніць нічога немагчыма, таму трэба бегчы з адукацыі. Дзякуй настаўніку і газеце за смеласць!

Святлана.

@

Вось дапрацую годзік і пайду са школы. Здароўе, як кажуць, даражэй...

Яўген.

@

Дзіўна толькі, што артыкул быў адрасаваны ў газету, хоць і аўтарытэтную. Лагічна было б гэтыя думкі выкласці галіноваму прафсаюзу ці Міністэрству адукацыі.

Ал. Арк.

@

Карціна, намаляваная настаўнікам, цалкам адпавядае таму, што адбываецца ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Настаўнікі падобныя на загнаных коней. За свае сродкі настаўнікі павінны рыхтаваць дзяцей да алімпіяд, частаваць экзаменацыйную камісію, праводзіць конкурсы, тыражаваць раздатачныя матэрыялы. Маса папер і часу марнуецца, толькі каб дагадзіць бясконцым праверкам і камісіям. А чаму б Камітэту дзяржаўнага кантролю не праверыць абласныя і раённыя ўпраўленні і аддзелы адукацыі на прадмет таго, наколькі яны адцягваюць увагу і перашкаджаюць настаўнікам працаваць.

Генадзь Аляксеевіч.

@

За тое, што я адмовілася аддаваць у фонд "школьных заробкаў" свае грошы (70 тысяч рублёў) дырэктар школы пазбавіў мяне прэміі. Цікава, чаму я павінна са сваёй зарплаты купляць фарбу для рамонту школы, зарабляць для Міністэрства адукацыі грошы на платных адукацыйных паслугах, калі Міністэрства адукацыі пазбавіла мяне права кампенсацыі за праезд на работу? Я жыву за 30 кіламетраў ад месца працы, а працую ў сельскай школе. На праезд штомесяц ідзе каля 120 тысяч з лішкам рублёў. Мая зарплата зараз складае 550 тысяч рублёў. І як, скажыце, мне пражыць на тыя "шчаслівыя" 400 тысяч рублёў? А калі падпісацца на газеты, то на 250 тысяч рублёў, якія застаюцца у мяне пасля аплаты дзіцячага сада і камунальных паслуг? А ў школе кажуць: "Не падабаецца? Звальняйцеся..."

Марына.

@

Мінскія магазіны "Еўраопт" запрашаюць на працу прыбіральшчыц і дворнікаў з заробкамі 650 тысяч рублёў. А нам, настаўнікам, даводзіцца працаваць за 480 тысяч рублёў!

Віталь Сітнік.

←З 1,5 мільёна пахаваных у Беларусі салдат высветлены асобы толькі 400 тысяч

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика