Віцебскія шчасліўчыкі
Падпіска-2010
Падпісная кампанія на 2 квартал і першае паўгоддзе 2010 года яшчэ ў самым разгары. Таму і некаторыя журналісты "Звязды" зараз ледзь не штодня ў дарозе — развозяць прызы сваім падпісчыкам, паштальёнам і кіяскёрам.
Чарговы "падпісны" выезд быў скіраваны ў Віцебскую вобласць і меў статус стратэгічнага. Яшчэ б — на гэты раз адразу два суперпрызы трапілі ў гэты рэгіён: двухкамерны халадзільнік "Атлант" — у Верхнядзвінск і каляровы тэлевізар "Віцязь" — у Віцебскі раён. І яшчэ шэраг драбнейшых прызоў па ўсім маршруце, які ўмясціў у сябе дзясятак раённых і гарадскіх цэнтраў...
У Докшыцах мы пажадалі далейшых поспехаў нашаму даўняму падпісчыку Валерыю Шылу, які ў штоквартальнай звяздоўскай латарэі выйграў электрафен. Праўда, падарунак свой паспеў забраць яшчэ ў рэдакцыі...
А вось жыхарка Шаркоўшчыны Зоя Морхат свой прыз — пыласос "Самсунг" — вырашыла дачакацца. І, пэўна, не прагадала, бо атрымала яго ў раённым цэнтры на пошце ў прысутнасці яе адказных работнікаў і кіраўніцтва раённай "вертыкалі". Мы былі ўпэўненыя, што ў вёску Залесін, дзе жыве наша падпісчыца, яна вярнулася ў вельмі добрым настроі.
Усмешкі і добры настрой панавалі ў актавай зале Верхнядзвінскага райвыканкама. У чаканні халадзільніка прысутныя ў зале людзі, магчыма, задаваліся пытаннем: а ці будзе ён? Але ж калі журналісты "Звязды" з'явіліся ў зале, то ўсе магчымыя сумненні адпалі. Новаспечаная ўладальніца суперпрыза Людміла Белавус, якая верная газеце ўжо не адзін дзясятак гадоў, расказала пра старэйшае ў краіне беларускамоўнае выданне ў самых цёплых словах, пажадала ўсім прысутным поспехаў і ўдачы. І трэба сказаць, што ўдача ў гэты вечар наведала многіх. Падчас правядзення віктарыны на веданне гісторыі газеты "Звязда" народ вельмі актыўна даваў правільныя адказы, за што і быў узнагароджаны фірмовымі сувенірамі ад газеты.
(Працяг будзе.)
Уладзімір ЗДАНОВІЧ.
Мінск — Докшыцы — Глыбокае — Шаркоўшчына — Міёры — Верхнядзвінск — Полацк — Наваполацк — Шуміліна — Віцебск — Бешанковічы — Лепель — Мінск.