У музеі вайны адкрылася Адзінота
Выстава "Адзінота" беларускага мастака Сяргея Шылы адкрылася ў музеі Вялікай Айчыннай вайны 22 сакавіка — у дзень, калі 67 гадоў таму была спаленая вёска Хатынь. Але на гэтай выставе вы не знойдзеце карцін у іх традыцыйным разуменні — мастак выказаў свае пачуцці праз палотны-інсталяцыі з прадметамі-сведкамі вайны — іржавым штыком, абгарэлым абразом, калючым дротам, гільзай ад снарада ў выглядзе набата і іншымі рэчамі часоў вайны.
— Тэма вайны мяне хвалюе ўсё жыццё, я не ведаю чаму. Ва ўсіх у сям'і нехта ваяваў — у мяне бацька са спаленай вёскі, дзядзька — Герой Савецкага Саюза. Усіх вайна закранула, усіх гэта хвалюе, але кожнага па-рознаму. Мяне — вельмі хвалюе, і чым далей — тым мацней, — сказаў Сяргей Шыла.
На адкрыцці выставы прысутнічаў архітэктар Леанід Левін, адзін са стваральнікаў мемарыяльнага комплексу "Хатынь". Ён пахваліў Сяргея, назваўшы яго разуменне бяды Беларусі нетрафарэтным, што якраз і патрэбна для таго, каб моладзь разумела трагедыю вайны.
Павел Бераснеў.