Беларускі будаўнічы рынак: Ёсць што паказаць і прапанаваць!

Источник материала:  

Учора ў сталіцы распачала сваю працу 13-я міжнародная спецыялізаваная выстава "Будэкспа-2010. Беларускі будаўнічы рынак прапануе". Яе праводзіць Нацыянальны выставачны цэнтр "Белэкспа", Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пры садзейнічанні Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Мінгарвыканкама. Адносна прадстаўніцтва такога форуму некалькі штрыхоў можа дадаць выніковая інфармацыя па леташняй выставе: удзел у ёй бралі 370 фірмаў і арганізацый з 15 краін свету, экспазіцыі наведалі каля 18 тысяч спецыялістаў. Так, мэта форуму — заключэнне дагавораў у галіне будматэрыялаў і будаўнічых паслуг у краіне. Тэматыка выставы цалкам адпавядае заяўленым задачам і ахоплівае ўвесь спектр вышэйназваных матэрыялаў і паслуг, якія дазваляюць рабіць наша жытло, месцы працы, а ў больш шырокім сэнсе — само жыццё па-сучаснаму камфортнымі, адпаведнымі найноўшым тэхналогіям у гэтай галіне.

...Спецыялізацыя сталічнага прыватнага ўнітарнага будаўнічага прадпрыемства "Гідрапром" — будаўніцтва дамоў з прафіляванага клеенага і высушанага бруса ўласнай вытворчасці. Дзякуючы гэтаму фірма будуе хутка, прычым "пад ключ".

Беларускі будаўнічы рынак: Ёсць што паказаць і прапанаваць!— Дом на 300 квадратных метраў, як кажуць, ад падмурка да даху, у які фактычна адразу можна пераехаць жыць, мы ставім за тры месяцы, — расказвае прараб кампаніі Андрэй Шчэпетаў. — Што істотна: дзякуючы выкарыстанню высушанага бруса і фінскай тэхналогіі яго шыпавога злучэння, з аднаго паверха ўсадка будынка складае толькі два сантыметры. Гэта азначае, што дом не "павядзе", можна адразу ўстанаўліваць вокны, дзверы. Да таго ж, дамы з клеенага бруса набылі папулярнасць з-за наступнай асаблівасці: пры таўшчыні ўсяго 185 міліметраў брус здольны захоўваць цяпло ў доме нават пры тэмпературы мінус 45 градусаў.

Ці дорага каштуе такое будаўніцтва? Паводле слоў суразмоўцы, з матэрыяламі, мантажом, але без правядзення камунікацый, якія многія забудоўшчыкі на свой капыл пракладваюць самастойна, кошт аднаго квадратнага метра гатовага жылля складзе 700 долараў (з камунікацыямі — да 1000 долараў за "квадрат"). Пагадзіцеся, на фоне агульных цэнаў на жыллё ў шматкватэрных дамах у сталіцы гэта не так ужо і шмат. Таму заказаў у фірмы хапае, прычым па ўсёй краіне, уключаючы і дзяржаб'екты.

...Клінкерная цэгла аўстрыйскай вытворчасці для абліцоўкі будынкаў звонку і ўнутры пакуль завозіцца да нас з іншых краін Еўропы. І справа тут не ў тым, што беларусы толькі спрабуюць вырабляць нешта падобнае: усё ж мае значэнне найперш працяглы вопыт вытворчасці (а ў канцэрна — 270 заводаў па ўсім свеце), якасць зыходнай сыравіны.

— Да таго ж, гэтая цэгла даводзіцца да "гатоўнасці" ўручную, што надае ёй своеасаблівы выгляд. Так, нашы асноўныя кліенты — прыватнікі, бо каштуе адна такая клінкерная цагліна для абліцоўкі ад 0,5 да 2 еўра, — тлумачыць камерцыйны дырэктар фірмы-дылера аўстрыйскага вытворцы Дзмітрый Спірын.

Вядома, такая цана прымальная не для кожнага. Але на тое і выстава, каб прапанаваць матэрыялы і паслугі на любы густ. Тут жа адназначна — эксклюзіў.

Сёння нават на звычайным вясковым падворку, не кажучы ўжо пра тэрыторыю аграэкасядзібы або заможнага катэджа, можна сустрэць адмысловую штучную сажалку. Па большасці гэта самаробныя копанкі, хоць і сярод іх можна сустрэць не толькі вадаёмы з цікавым дызайнерскім рашэннем, але і з сур'ёзным будаўнічым падыходам пры ўсталяванні. Генадзь Баранаў — дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства з Мінскага раёна "Сажалкі і фантаны", таму яго кароткі расповед для газеты, думаецца, некаму будзе карысным. Суразмоўца гаворыць, што кампаній з такой вузкай спецыялізацыяй — праектаваннем і будаўніцтвам штучных вадаёмаў любога прызначэння (купальных, дэкаратыўных, для развядзення рыбы) з ручаямі і фантанамі — у краіне больш няма. Ёсць фірмы, што займаюцца ландшафтным дызайнам, а ўладкаванне вадаёмаў для іх — апроч іншага. Напэўна, гэтая акалічнасць і дазволіла фірме паспяхова супрацоўнічаць са сталічным ЖЭСамі, аздабляць аздараўленчы цэнтр "Аграпрамбанка" ў Смалявіцкім раёне.

Галоўным у працы Генадзь Баранаў называе... чыстую ваду. Для таго, каб гарантаваць чысціню вады ў вадаёме, фірма выкарыстоўвае грунтовыя фільтры — праз пласт пяску, як у прыродзе. Яшчэ мае значэнне памер. Па еўрапейскіх стандартах, ён павінен складаць мінімум 60—80 квадратных метраў. Каб вада не перагравалася (а перагрэў шкодзіць сажалцы не менш за забруджванне), штучны вадаём павінен быць глыбокім.

Ручны будаўнічы інструмент патрэбны і на вытворчасці, і ў хатніх умовах. Прычым, пагадзіцеся, у нашы дні — ужо не абы-які.

— Сёння недастаткова проста трымаць у руцэ адвёртку. Яна павінна быць якаснай, з ручкай з гумы, каб было зручна працаваць, урэшце рэшт, нават прыгожай, — згодны брэнд-менэджар мінскай кампаніі "Уніскан" Улад Вішнеўскі.

Фірма прадстаўляе на айчынным рынку 2,5 тысячы найменняў інструментаў вытворчасці Кітая, Аўстрыі. Прычым, у Кітаі інструмент вырабляецца пад наглядам нашых спецыялістаў. Падчас выставы наведвальнікам запланавана бясплатна раздаць некалькі соцень дыскаў для "балгарак" па металу і дрэву. Гэта для кампаніі новы від прадукцыі, які такім чынам будзе праходзіць выпрабаванне: праз нейкі час з уладальнікамі дыскаў звяжуцца прадстаўнікі фірмы, выслухаюць іх заўвагі адносна навінкі і, калі спатрэбіцца, унясуць карэктывы ў вытворчасць на кітайскім заводзе. Увогуле, па словах Улада, сегмент інструментаў бытавога прызначэння каштуе недзе ўдвая менш за іншыя аналагі, што прадстаўлены на нашым рынку, а вось інструмент для прафесіяналаў (па цалкам зразумелых прычынах — нагрузкі ж іншыя), наадварот, удвая больш.

У экспазіцыі ЗАТ "Будсусвет" з Мінска нашу ўвагу найперш прыцягнула дзіцячае гульнявое і спартыўнае абсталяванне. Адных толькі гульнявых комплексаў уласнай вытворчасці ў прадпрыемства налічваецца 20 найменняў, арэляў-гушкалак — 15 найменняў. А яшчэ горкі, пясочніцы, лаўкі...

— Мы шчыльна працуем з аддзеламі адукацыі, дзіцячымі садкамі, школамі. У выставах удзельнічаем не першы раз, дарэчы, вельмі добра, што на гэтай прысутнічаюць прадстаўнікі праектных арганізацый. Кантактуючы з імі, дэманструючы ўзоры нашай прадукцыі мы фактычна робім адну справу. Як вядома, зараз у краіне паслядоўна ўвасабляецца ў жыццё палітыка добраўпарадкавання. Вы паглядзіце, колькі зараз будуецца новага жылля, а, значыць, і адпаведнай інфраструктуры: школаў, садкоў, спартыўных аб'ектаў! — адказвае на нашы пытанні спецыяліст па продажу дзіцячага абсталявання ЗАТ Анжаліка Ясюціна. — Апошнім часам мы нават імкнёмся працаваць на склад. Бо як часта бывае? Тэлефануе сёння заказчык, якому прадукцыя прадпрыемства патрэбна была, вобразна кажучы, учора.

Як адзначыла далей спецыяліст, апошнім часам павялічылася колькасць заявак ад таварыстваў уласнікаў. Людзі самі вырашаюць за ўласныя грошы добраўпарадкаваць дваровыя тэрыторыі, усталяваць на іх гульнявыя або спартыўныя пляцоўкі. Канкурэнцыя ў гэтай галіне, вядома, прысутнічае, але прадпрыемства прываблівае кліентаў зніжкамі, скарачэннем тэрмінаў выканання заказаў для пастаянных партнёраў. Цэны на прадукцыю? Гульнявыя комплексы, у залежнасці ад памераў, каштуюць ад 6 да 10,7 мільёна рублёў; малая горка, напрыклад, 2,5 мільёна, арэлі-гушкалка — 1,2 мільёна рублёў. Прадукцыя вырабляецца або з металаканструкцый з палімерным пакрыццём, або з пластыку ці ўстойлівай да вільгаці фанеры. Тэрмін яе службы — 10 гадоў.

Гродзенская фірма "Цытадэль" вырашыла здзівіць (што, на наш погляд, у яе атрымалася) альтанкай. Ды не простай, а каванай. Прычым коўка — ручной працы. А ў альтанцы — убудаваны мангал-барбекю. Уявіце, сядзіце вы сабе пад дахам на лаўцы (умяшчальнасць альтанкі — ад 5 да 10 чалавек). Гатаваць не перашкаджае ні сонца, ні дождж. Пасмажылі мяса, а калі трэба, вельмі лёгка ўласна барбекю (трубу для выцяжкі і мангал) прынялі, а замест — стальніцу паставілі.

— Гэта доследны ўзор, будзем вывучаць попыт, — патлумачыў прадстаўнік "Цытадэлі" Віталь Байголаў, адначасова ўручаючы чарговаму цікаўнаму рэкламную прадукцыю. — Падлічылі, што на выраб такой альтанкі спатрэбіцца два-тры тыдні. Будуць ахвотныя — і гэты ўзор па завяршэнні выставы зможам прадаць. Кошт — 9,7 мільёна рублёў. Пры новым заказе з Гродна кліент даплаціць яшчэ 200 тысяч за дастаўку і ўстаноўку.

Тут жа, на двары перад уваходам у павільён, наведвальнікі даволі актыўна "цярэбяць" прадстаўніка сталічнай кампаніі, якая прапануе лёгказборныя цяпліцы з пакрыццём з пластыку. Тавар расійскі, тэрмін гарантыі — да 15 гадоў. Для транспартавання на прысядзібны ўчастак дастаткова легкавога аўтамабіля, а ўласна зборку могуць выканаць два чалавекі за паўтары-дзве гадзіны з мінімальным наборам інструментаў. Гэта, напэўна, тыя плюсы, якія могуць перацягнуць мінус у выглядзе кошту гэтай лёгказборнай канструкцыі. Па шырыні і вышыні ў яе стандарт адпаведна тры і два метры. А вось даўжыня можа быць і два, і чатыры, і восем метраў. Дык вось, пры чатырохметровай даўжыні цяпліца будзе каштаваць 1,8 мільёна рублёў.

...Выстава будзе праходзіць у выставачным павільёне па вуліцы Янкі Купалы, 27 да 26 сакавіка ўключна.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Фота Марыны Бегунковай.

←Такой торг — неуместен

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика