Дзіцячы садок — у палоне сальманэлёзу
Успышка вострай кішэчнай інфекцыі адбылася ў дзіцячым садку № 29 Пінска. Згодна з інфармацыяй прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, за перыяд з 20 па 22 сакавіка на кішэчную інфекцыю захварэлі 91 выхаванец дзіцячага садка і 3 работнікі дашкольнай установы. Цяжкіх формаў захворвання зарэгістравана не было.
Дзеля аператыўнага маніторынгу за эпідэмічнай сітуацыяй і каардынацыі дзейнасці па лакалізацыі ачага ўспышкі ў Пінску быў створаны аператыўны штаб пад кіраўніцтвам старшыні гарвыканкама. Пасяджэнні штаба праводзяцца двойчы на дзень з прыцягненнем усіх зацікаўленых асобаў. Урачамі з выездам на дом быў праведзены агляд усіх дзяцей, якія наведвалі дзіцячы садок. Своечасова на даму былі выяўлены 32 захварэлыя з агульнай колькасці шпіталізаваных дзяцей. Пракуратура Пінска ўзбудзіла крымінальную справу па ч.1 арт. 336 Крымінальнага кодэкса Беларусі (парушэнне санітарна-эпідэміялагічных правілаў).
А ўчора намеснік галоўнага ўрача Брэсцкай вобласці Алег Арнаутаў агучыў прычыну групавой захваральнасці вострай кішэчнай інфекцыяй у дзіцячым садзе — як было ўстаноўлена, яго выхаванцы і работнікі дашкольнай установы сталі ахвярай сальманэлёзу. У Брэсцкім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя карэспандэнту "Звязды" ўдакладнілі: сальманэла была выдзелена ў захварэлых дзяцей, аднак якія прадукты былі заражаныя сальманэлай, пакуль невядома. Вынікі лабараторных даследаванняў будуць вядомыя праз некалькі дзён.
Надзея НІКАЛАЕВА.