Са 110-гадовага дома — у новы
Пасля публікацыі ў "Звяздзе" артыкула "Дому 110 гадоў. Жыць нельга..." названы матэрыял адправілі на рэагаванне. Жыллёвае пытанне галоўнай гераіні артыкула — інваліда другой групы, якая прапісана ў аварыйным доме без перспектывы неяк паправіць жыллёвае становішча пачало вырашацца. Аўтара артыкула, карэспандэнта "Звязды", выклікалі ў Віцебскі гарвыканкам, каб ён змог упэўніцца ў гэтым.
Добра, што адказныя асобы Віцебскага гарвыканкама пастараліся з разуменнем паставіцца да праблемнага артыкула. Урэшце разабрацца больш пільна. Першы намеснік старшыні гарвыканкама па пытаннях будаўніцтва Уладзімір Сяргеевіч Каташук распарадзіўся, каб па гераіню артыкула адправілі службовую машыну.
Не буду перадаваць усе падрабязнасці гэтай нялёгкай сустрэчы. Пра тое, ці насамрэч можна жыць у такім паўразбураным доме, дзе жыве, пра нюансы разгляду чарговага звароту па вырашэнні жыллёвага пытання. Пра тое, чаму пісьмова не адказалі наконт аднаго хвалюючага пытання...
Галоўнае, што прама падчас сустрэчы гэтае самае жыллёвае пытанне пачало вырашацца. Як адзначыў першы намеснік старшыні гарвыканкама Уладзімір Каташук, уладальніку дома, які жыве ў Маскве, адпраўлены афіцыйны ліст. У лісце гэтым гаворыцца, што аварыйны дом павінен быць або капітальна адрамантаваны, або самастойна разбураны. Нагадаю, што ў гэтым доме прапісаны Ірына Алісейка і яе сын, а не яго ўладальнікі, з-за гэтага і не было ў свой час магчымасці палепшыць ім жыллёвыя ўмовы.
А ўладальнік дома, сын яе цёткі, паводле слоў Ірыны, не збіраецца неяк наводзіць парадак у доме № 9 на вуліцы Віцебскай, пра што ёй і паведаміў. І наўрад ці цяпер захоча раптам траціць вялікія грошы на фактычна поўны рамонт дома, які прызнаны аварыйным і непрыдатным для жыцця.
— Такіх збудаванняў у горадзе быць, безумоўна, не павінна. Уласнік абавязаны клапаціцца пра сваю маёмасць. Адпаведна неабходна зрабіць рэвізію такога жылля на тэрыторыі ўсяго раёна, каб абавязаць уладальнікаў незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца, паклапаціцца пра такія ж дамы, якім патрэбны капітальны рамонт. Не будзе рэакцыі з боку ўладальніка? Ёсць што рабіць і ў такім выпадку, — кажа першы намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Уладзімір Каташук. — А калі нешта здарыцца? Траўму нехта атрымае. Потым вінаватых прыйдзецца шукаць? Прапануем уладальніку знесці дом, напрыклад, за тры месяцы. Дом у выпадку таго, калі адмовіцца разбураць уладальнік, разбураць за гарадскія грошы, з далейшай кампенсацыяй выдаткаў пасля разгляду спрэчнай справы ў судовым парадку. Паколькі Ірына Алісейка і яе сын стаяць удваіх на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў, прапаноўваецца будаўніцтва новага жылля — з самага таннага жылля, у дамах буйнапанэльнага домазбудавання. Прапрацаваны ўсе пытанні...
— У мяне цяжкае становішча! — адказвае Ірына.
Высветлілася, што раней ёй субсідыю не прапаноўвалі. І кошт жылля, якое прапанавалі будаваць, здаваўся ёй, як яна адзначыла, шалёным.
Ірына папрасіла прысутных адказных асобаў даць магчымасць пабудаваць аднапакаёвую кватэру. Пайшлі насустрач. На імя Ірыны будзе налічана субсідыя, яшчэ яна атрымае льготны крэдыт...
Была напісана ў службовым кабінеце адпаведная заява. Кватэра новая будзе заселена. Дом, якому 110 гадоў, будзе разбураны. На працягу трох месяцаў прапаноўваецца маскоўскаму ўладальніку дома разбурыць яго. Калі не пагадзіцца і не даверыць гэта зрабіць гарадскім уладам, разбяруць дом за дзяржаўны кошт з наступным патрабаваннем кампенсацыі выдаткаў. Праблему старога дома гарадскія ўлады стараюцца вырашаць комплексна.
Насамрэч прыемна, калі "Звязда" неяк паўплывала на станоўчае вырашэнне праблемы. Калі іншым чытачам ёсць чым праблемным падзяліцца, калі ласка. На жаль, добрымі навінамі чытачы дзеляцца рэдка. А чаму б і не? Добрых навінаў таксама хацелася б ад чытацкай аўдыторыі. Упэўнены, што адпаведную рубрыку "Што ў вас добрага?" трэба аднавіць. Бясспрэчна!
Аляксандр ПУКШАНСКІ.