Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» працягвае браць удзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, паведаміла намеснік старшыні партыі Алена Скрыган.
Паводле яе слоў, на мінулым тыдні сітуацыя вакол удзелу »Справядлівага свету» ў выбарчай кампаніі абмяркоўвалася на пасяджэнні бюро цэнтральнага камітэта партыі.
«Мы заслухалі кіраўнікоў абласных структур. Яны адзначалі нізкае ўключэнне прадстаўнікоў партыі ў выбарчыя камісіі, казалі пра факты націску на актывістаў партыі», — зазначыла Скрыган.
Яна паведаміла, што толькі 31 прадстаўнік партыі са 160 быў уключаны ў склад участковых камісій.
«Усё гэта ставіць пад вялікае сумненне жаданне ўладаў правесці свабодныя дэмакратычныя выбары», — падкрэсліла намеснік старшыні партыі.
Скрыган таксама зазначыла, што «Справядлівы свет» будзе праводзіць кансультацыі з іншымі апазіцыйнымі партыямі для выпрацоўкі агульнай стратэгіі дзеянняў на астатніх этапах выбарчай кампаніі.
Нагадаем, 21 сакавіка з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыняў рашэнне адмовіцца ад удзелу ў выбарах у мясцовыя саветы.