У Італіі асуджаныя ўсе, хто хаваў Віку Мароз

Источник материала:  
20.03.2010 19:23 — Новости Общества
У Італіі асуджаныя ўсе, хто хаваў Віку Мароз
Апэляцыйны суд Генуі адмяніў мінулагодні апраўдальны вэрдыкт першай інстанцыі ў дачыненьні да італьянскай сям’і Джуста-Барначын, іх бацькоў, а таксама двух каталіцкіх сьвятароў, якія ў верасьні 2006 утойвалі непаўналетнюю беларускую сірату Віку ў італьянскіх Альпах. Рашэньнем Генуэскага суду ўсе сем фігурантаў справы —сужэнцы Алясандра Джуста і Марыя К’яра Барначын, маці Марыі-К’яры Элена Даніна, бацькі Алесандра Марыя Бонды і Алда Джуста, сьвятар з Кагалета дон Даніла Грыла, настаяльнік кляштару ў Валь д’Аоста дон Франсіс Дарбэле — пакараныя пазбаўленьнем волі тэрмінам на 8 месяцаў.

Абвінавачаныя ня лічаць сябе вінаватымі. Так настаяльнік кляштару, дзе ў 2006 цягам 20 дзён хавалася беларуская сірата, заявіў: "Я гатовы паўтарыць гэта ізноў дзеля шчасьця маленькай Вікі".

Паводле адвакатаў, генуэская Фэміда сёлета не знайшла зьмякчальных абставінаў у дзеяньнях сям’і Джуста-Барначын ды каталіцкіх сьвятароў і анулявала мінулагодняе рашэньне, згодна зь якім гэтыя дзеяньні былі прызнаныя адпаведнымі ўмовам неабходнасьці і зьяўляліся падставай для апраўданьня. Як пішуць італьянскія СМІ, канчатковае рашэньне суду больш мяккае за папярэдні запыт пракурора. Ён настойваў на турэмным тэрміне паўтара года.

Гісторыя, якая ў свой час літаральна падзяла Італію на два лягеры (за Джуста-Барначын і супраць), бярэ свой пачатак ад 8 верасьня 2006 году, калі сужэнцы з Кагалета за два дні да вяртаньня сваёй 10-гадовай беларускай дадому, вырашылі не аддаваць яе назад у Вілейскі інтэрнат, а схаваць яе у Італіі. Яны матывавалі сваё рашэньне тым, што маленькая беларуская сірата, якую яны лічаць сваёй сапраўднай дачкой, неаднойчы скардзілася ім на гвалт у інтэрнаце з боку старэйшых дзяцей.

Віка Мароз разам з італьянскай сям’ёй Італьянскія карабінэры знайшлі Віку Мароз толькі праз 20 дзён у Альпах, яшчэ праз два дні пасьля рашэньня Генуэскага суду па справах непаўналетніх дзяўчынка была дастаўленая самалётам у Беларусь.

У тым жа 2006 годзе амбасада Беларусі ў Рыме ініцыявала судовы працэс супраць сямі вышэй названых італьянцаў, інкрымінаваўшы ім адно з самых цяжкіх, паводле італьянскіх законаў, злачынстваў — выкраданьне дзіцяці. Потым гэты крымінальны артыкул адзін быў замены на больш "лёгкі" — утойваньне дзіцяці".

Судовы працэс доўжыўся амаль паўтара году, аднак за гэты час прадстаўнікі пацярпелага боку, то бок пазоўніка, так і не зьявіліся на судовых паседжаньнях. Летась у лютым Генуэскі суд па справах непаўналетніх прызнаў тых, хто ўтойваў Віку Мароз невінаватымі. Аднак абвінавачаньне не пагадзілася з гэтым рашэньнем і падало апэляцыю.

Ад верасьня 2006 сужэнцы Джуста-Барначын так больш і не змаглі ўбачыць Віку Мароз, нягледзячы на шматлікія запрашэньні Вікі ў Італію і жаданьне самой дзяўчынкі наведаць "сваіх маму і тату" ды "маленькага брата" Эмануэля, які за гэты час нарадзіўся ў гэтай італьянскай сям’і.

Віка Мароз, якой цяпер 14 гадоў, знаходзіцца на выхаваньні ў сям’і жодзінцаў Васілеўскіх, дзе таксама выхоўваецца і яе старэйшы родны брат Саша.

←Гомельский парк находится под угрозой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика