РОЗГАЛАС

Источник материала:  
Рыбак страцiў прытомнасць i ўмёрз у лёд

73-гадоваму пенсiянеру, якi рыбачыў на Мiнскiм моры, падвечар раптоўна стала дрэнна, а паблiзу нiкога не было: да ўчорашняй ранiцы пацярпелы праляжаў на лёдзе.

Як паведамiў карэспандэнту "Звязды" прэс-сакратар МНС Вiталь Новiкаў, знайшлi чалавека i выклiкалi выратавальнiкаў рыбакi. За ноч пенсiянер паспеў умерзнуць у лёд (яго рука была апушчаная ў лунку). З дыягназам пераахалоджванне i абмаражэнне правай кiсцi рукi пацярпелы быў дастаўлены ў бальнiцу.

Таксама з дыягназам пераахалоджванне ў сталiчную бальнiцу ўчора трапiў малады мiнчанiн, якога выратавальнiкi выцягнулi з ракi Свiслач у цэнтры Мiнска. Гэтае здарэнне адбылося каля пяцi гадзiн ранiцы ў раёне Нямiгi. Небараку, якi тануў на адлегласцi каля шасцi метраў ад берага, убачыў iншы хлопец i патэлефанаваў у МНС. На шчасце, выратавальнiкi, якiя тэрмiнова з'явiлiся на месцы здарэння, выцягнулi пацярпелага з вады. Цяпер усе акалiчнасцi апошняга выпадку высвятляюцца.

Ігар ГРЫШЫН.

Павець абрушылася. Хлопчык загiнуў

У вёсцы Краснаполле Расонскага раёна пад дахам павецi, якая абрушылася, загiнуў вучань пятага класа мясцовай школы.

Як паведамiлi "Звяздзе" у прэс-службе Вiцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сiтуацыях, трагедыя адбылася а шостай гадзiне вечара. Хлопчык пайшоў у павець i пачаў калоць дровы. Раптам будынак абрушыўся. Сцены павецi, дарэчы, былi амаль што разабраныя. Дзiўна, як канструкцыя плошчай 24 квадратныя метры не абрушылася раней. Суседка хлопчыка — вучанiца 8-га класа, калi ўбачыла, што павець разбурылася, адразу расказала пра гэта фельчару, якая праходзiла недалёка. Тая паведамiла пра здарэнне выратавальнiкам. Апошнiя, калi даставалi цела хлопчыка з завалу, знайшлi i сабаку, якi быў прывязаны да павецi. Сабака застаўся жывы.

Папярэдняя прычына абрушэння збудавання — парушэнне цэласнасцi канструкцыi будынка пры правядзеннi дэмантажу, што прывяло да страты апорнай здольнасцi каркасных элементаў збудавання. Расследаванне няшчаснага выпадку вядзе пракуратура Расонскага раёна.

Аляксандр ПУКШАНСКI.

Лавiлi браканьераў — патрапiлi на зладзюжак

Пры абследаваннi вадаёма "Сачыўка" на тэрыторыi Баранавiцкага раёна работнiкi Слонiмскай мiжрайiнспекцыi заўважылi грамадзян, якiя пераносiлi канiстры ад матавоза да аўтамабiля "Аўдзi". Але як толькi службовая машына iнспектараў наблiзiлася, "Аўдзi" i "след прастыў".

Дзве асобы былi ўстаноўленыя. Iмi аказалiся машынiст i складальнiк цягнiкоў ГП ААТ "Калпенiца". У канiстрах знаходзiлася дызельнае палiва — усяго 50 лiтраў. Яго згаданыя грамадзяне мелi намер перадаць вадзiцелю "Аўдзi".

Чарамша — пад забаронай

З сярэдзiны красавiка да пачатку мая на рынках, недзе побач са станцыямi метро, у iншых месцах можна сустрэць у продажы "з рук" чарамшу — рэдкую раслiну, занесеную ў Чырвоную кнiгу Рэспублiкi Беларусь, збор якой забаронены.

Рэдкiм, як нагадваюць спецыялiсты Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя, гэтая раслiна стала якраз з-за варварскага знiшчэння. З пачаткам вясны тысячы людзей прачэсваюць лясы ў пошуках чарамшы, што па смаку нагадвае часнок i, дзякуючы сваiм харчовым якасцям, карыстаецца такой папулярнасцю. Сiтуацыю ўскладняе тое, што з-за гiстарычных прычын, а таксама гаспадарчай дзейнасцi чалавека, месцаў, прыдатных для iснавання папуляцыi чарамшы, у Беларусi няшмат. Каб захаваць тое, што пакуль маем, Мiнпрыроды заклiкае грамадзян не толькi не парушаць заканадаўства, якое забараняе збор i продаж гэтай раслiны, але i не стымуляваць збор чарамшы пакупкамi яе ў iншых людзей, што iдуць на такiя парушэннi. Тым больш што для самiх такiх нарыхтоўшчыкаў, гандляроў прадугледжаны штрафы. А для законапаслухмяных грамадзян iнфармацыя да ведама: чарамша добра размнажаецца самасейкай, раслiна непатрабавальная i можа вырошчвацца на прысядзiбных i дачных участках.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←На абордаж!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика