Пранікнёна спяваюць “Ластаўкі”

Источник материала:  
Беларускі жаночы вакальны калектыў, прапісаны ў латвійскім Даўгаўпілсе, выпусціў кампакт­дыск сваіх песень
Гэта — адметная падзея ў гісторыі беларускай дыяспары на тэрыторыі Латвіі. Нашы суайчынніцы далі дыску назву “Радасць у сэрцы зноў”. А сам гурт “Ластаўкі” стварылі чатыры жанчыны, улюбёныя ў прыгожыя спевы: мастацкі кіраўнік Таццяна Піменава, а таксама Наталля Зубкова, Вера Талерка і Інга Цыршэ-Галерэ.
На новым дыску ўмясцілася шаснаццаць песень, яны гучаць на беларускай, рускай і латышскай мовах. У аснове большасці твораў — вершы паэта Станіслава Валодзькі, які нарадзіўся ў Беларусі і цяпер жыве ў Даўгаўпілсе. Музыку да іх напісалі кампазітары Мікола Яцкоў, Альберт Белусь, Анатоль Мядзведзеў, Аляксандр Рудзь, Таццяна Піменава. Песню “Жыты” на верш Ніны Мацяш стварыў Анатоль Мядзведзеў. Ёсць на дыску і беларускія народныя песні “І туды гара…” і “Дзе б я ні ехала…” у апрацоўцы Таццяны Піменавай, а таксама песня на латышскай мове “Dzeguzīte”, створаная Раймандам Паулсам на верш Яніса Петэрса.
Канцэрт, пад час якога прэзентаваўся новы кампакт-дыск, прайшоў у Доме культуры “Варпа” Даўгаўпілскага краю. На ім гучалі і тыя творы, што ўвайшлі ў зборку, і тыя, што рыхтуюцца для новых дыскаў. З цёплымі словамі да людзей, якія шчыра папрацавалі на выданне дыска, якія зберагаюць традыцыі беларускай культуры, жывучы на тэрыторыі Латвіі, звярнуліся Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Віктар Гейсік, настаяцель Барыса-Глебскага сабора айцец Георгій, дырэктар Цэнтра беларускай культуры Барыс Іваноў. Выступалі таксама паэт Станіслаў Валодзька, спевакі Сяргей Піманаў і Павел Прозар, удзельнікі ансамбля “Купалінка” і танцавальнага гурта “Лянок”.

Яніна Васілеўская


←Шукалі дзіця, а знайшлі...

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика