Чыстыя вочы зямлі

Источник материала:  
Прафесар Вольга Якушка больш за паўстагоддзя даследуе беларускія азёры
Калі летась геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адзначаў 75-гадовы юбілей, яго дэкан урачыстае пасяджэнне пачаў не з прамовы. Прафесар Іван Іванавіч Пірожнік узяў прыгожы букет восеньскіх кветак і пад апладысменты ўручыў старэйшай супрацоўніцы: Вользе Піліпаўне Якушцы. Жанчыне, якую, чуў, у Беларусі называюць “жывой легендай”. Больш за семдзесят гадоў жыццё яе звязана з факультэтам. Менавіта Вольга Піліпаўна — першая ў краіне жанчына-доктар геаграфічных навук, прафесар.
Хоць нарадзілася яна ў Мінску, але карані мае сялянскія. Дарэчы, дзед вучонай быў моцным гаспадаром, і пад час калектывізацыі родзічы яе былі рэпрэсаваны, саслана ў Казахстан, а праз некалькі гадоў ім удалося вярнуцца на Бацькаўшчыну. Бацька Вольгі Піліпаўны, як і ягоны брат, вывучыліся на архітэктараў. Піліп Васільевіч удзельнічаў у галоўных новабудах першай пяцігодкі: Крычаўскага цэментнага завода, Аршанскага ільнокамбіната, Дома ураду ў Мінску. Быў галоўным інжынерам і пры ўзвядзенні будынка геафака, з якім дачка звязала ўсё жыццё.
Вучобу на факультэце, тады яшчэ геолага-глебазнаўчым, перапыніла вайна, Вольга Піліпаўна працавала на адным з ваенных заводаў у Расіі. Вучоба прадоўжылася на станцыі Сходня пад Масквой: туды ў час вайны быў эвакуяваны ўніверсітэт. Успамінае: ваеннай справе студэнтаў факультэта навучаў Іван Мележ, будучы народны пісьменнік Беларусі. Пасля вызвалення рэспублікі Белдзяржуніверсітэт вярнуўся ў Мінск, і якраз у пераможным 45-м яна закончыла вучобу з “чырвоным” дыпломам. Потым — аспірантура, і ўжо ў 1949 годзе Вольга Якушка абараніла кандыдацкую.
А як прыкіпела да азёр? Неяк, у 1955-м, студэнты прапанавалі ёй наведаць Беларускае Паазер’е. Там упершыню і пабачыла дзівосныя “вочы зямлі”, як называюць азёры паэты, на ўсё жыццё палюбіла іх. Пачала займацца лімналогіяй (возеразнаўствам). Цяпер Вольга Якушка па праву лічыцца заснавальніцай гэтай навукі ў Беларусі. Першым возерам, якое даследавала са студэнтамі, было Доўгае, самае глыбокае ў краіне: глыбіня амаль пад 54 метры. Затым вывучалі возера Гінькава — сапраўдны цуд прыроды, бо надзвычай чыстае. Потым былі азёры Пастаўшчыны, Ушаччыны, Полаччыны, Браслаўшчыны, Мядзельшчыны… Усе яны набылі своеасаблівыя пашпарты і былі ўпершыню дэталёва вывучаны Вольгай Якушкай і яе студэнтамі. На першым часе даводзілася працаваць без буйнамаштабных картаў: яны тады лічыліся сакрэтнымі. А набыць іх дапамог кур’ёзны выпадак. Неяк на Камароўскім рынку Вольга Піліпаўна ўбачыла, як жанчына-прадавец загортвае селядцы пакупнікам… у нямецкія карты Беларусі. Прычым вельмі добрай якасці і буйнога маштабу. Яна, бязмерная радая, у момант скупіла іх.
У час экспедыцый па азёрах вучоныя звычайна жылі ў вёсках. Сяляне страчалі даследчыкаў надзвычай гасцінна, за пастой грошай ніколі не бралі, а яшчэ і дапамагалі, чым маглі. Пераадольваць цяжкасці паходнага побыту дапамагаў і муж Вольгі Піліпаўны: у тыя часы, дарэчы, Анатоль Іосіфавіч быў прарэктарам Беларускага політэхнічнага інстытута. Урэшце, калі сталі бачнымі вынікі работы, на іх звярнула ўвагу Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі. Яно дапамагала транспартам, абсталяваннем, пакрывала частку расходаў на экспедыцыі ў абмен на вынікі даследванняў азёр. З удзячнасцю згадвае вучоная, што ў час вандровак па родным краі яна мела падтрымку такіх апантаных супрацоўнікаў і студэнтаў геафака, як Ірына Мыслявец, Барыс Уласаў, Валерый Калечыц, Віктар Раманаў, Якуб Якубоўскі і іншых, многія з іх і самі ўжо вучоныя з імёнамі.
У 1967 годзе выйшла яе першая кніга: “Геаграфія азёр Беларусі”. А праз тры гады Вольга Якушка абараніла доктарскую на тэму “Гісторыя развіцця і сучасны стан азёр Поўначы Беларусі”, ёй было прысвоена званне прафесара. Цяпер Вольга Піліпаўна — аўтар каля 300 навуковых прац і артыкулаў, вучэбных дапаможнікаў, шэрагу навукова-папулярных кніг аб прыродзе Беларусі. Ёй пашанцавала быць удзельніцай міжнародных кангрэсаў, канферэнцый у Індыі, Швецыі, Славеніі, Германіі, Польшчы, Балгарыі. А ў Вялікабрытаніі, на востраве Джэрсі, наведвала заапарк вядомага натураліста, пісьменніка Джорджа Дарэла... Успамінае паездку па краінах Афрыкі: падарожнічала ў 1970 годзе з групай маскоўскіх даследчыкаў прыроды, было арганізавана азнаямленне з нацыянальнымі паркамі, бытам і жыццём народаў. З вандровак Вольга Піліпаўна прывозіць адметныя рэчы, якія ўпрыгожваюць стэнды адзінага ў Беларусі Музея землязнаўства: ён месціцца ў будынку геафака.
Вольга Якушка ўдастоена звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, узнагароджана медалём Францыска Скарыны, яна — заслужаны дзеяч навук. І клапатлівая маці: выхавала дзвюх дачок, Таццяну і Марыну.
Між іншым, Марына цяпер выкладае англійскую мову ў адным з каледжаў Лондана, а яе сын жыве ў Каліфорніі, працуе кінаакцёрам на галівудскай кінастудыі. Вольга Піліпаўна ганарыцца ўнукам: нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю, таленавіты і працаздольны Канстанцін зняўся ў многіх кінафільмах, спрабуе сілы і як прадзюсер. Вядома ж, дзеці, унукі, праўнукі ганарацца і Вольгай Піліпаўнай.
У яе, без перабольшвання, тысячы вучняў, якія жывуць па ўсім свеце. І мне, таксама выпускніку геафака, помніцца першая лекцыя па землязнаўстве. Нам, студэнтам-першакурснікам, яе чытала прыгожая, стройная жанчына: Вольга Піліпаўна Якушка. Такой яна засталася і цяпер, нягледзячы на паважаны ўзрост. Пэўна, зносіны з азёрамі — вельмі карысная для здароўя справа.

Лявон Целеш

←Шукалі дзіця, а знайшлі...

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика