Кесарава i Богава. У Бабруйску больш за 40 гадоў iснуе пачварны помнiк гвалтоўнага злучэння першага i другога

Источник материала:  
12.03.2010 16:25 — Новости Общества
Кесарава i Богава. У Бабруйску больш за 40 гадоў iснуе пачварны помнiк гвалтоўнага злучэння першага i другога
Так касцёл выглядаў у 1906—1912 гадах.
Кесарава i Богава. У Бабруйску больш за 40 гадоў iснуе пачварны помнiк гвалтоўнага злучэння першага i другога
Так святыня выглядае сёння з боку алтара. Настаяцель ксёндз Юрый Быкаў.
Кесарава i Богава. У Бабруйску больш за 40 гадоў iснуе пачварны помнiк гвалтоўнага злучэння першага i другога
Будынак па вулiцы Паркавай, якi горад прапанаваў БРУП "Бабруйскi ДБК" для перасялення.
Калi шчыра, то справа падалася безнадзейнай. Хоць бы таму, што не вырашылася дагэтуль — да мяжы першага дзесяцiгоддзя XXI стагоддзя. Яна не вырашылася за 18 гадоў iснавання суверэннай Беларусi. За 20 гадоў, якiя мiнулi пасля вяртання Бабруйскага касцёла вернiкам... Аднак у першым жа афiцыйным адказе рэдакцыi прамiльгнула быццам бы жаданне ўсiх бакоў гэту праблему вырашыць. I тады захацелася даведацца, што ж насамрэч перашкаджае?

Перапiска i перамовы

У газету "Звязда" прыйшоў лiст ад чытача з Клiчава Магiлёўскай вобласцi. Лiст доўгi, прыводзiм яго ў скарачэннi:

"...У 1962 (1968. — В.М.) годзе Савецкая ўлада г. Бабруйска разбурыла верхнюю частку (шпiлi) Бабруйскага касцёла... i потым прыбудавала да ўвахода нейкую пачварную прыбудову, якая iснуе да гэтага часу. I да гэтага часу мы, вернiкi, не можам дабiцца яе зносу. Уласнiк прыбудовы — Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва...

Ксяндзы-настаяцелi не раз звярталiся да ўладаў з просьбай знесцi гэтае пачварнае стварэнне, каб аднавiць святыню ў яе ранейшым аблiччы. Нарэшце гарвыканкам выдзелiў iншае памяшканне для арганiзацыi, якая займае гэты будынак, але супрацоўнiкi той наадрэз адмовiлiся сыходзiць, маўляў, iм нязручна далёка ездзiць на новае месца працы...

...У лiстападзе — снежнi 2009 года я вяртаўся да рэспубліканскіх уладаў. Адказ прыйшоў з ... аблвыканкама: Мiнiстэрства архiтэктуры згоднае перадаць будынак прыхода толькi пры той умове, што Бабруйскi гарвыканкам дасць раўнацэннае памяшканне ў цэнтральнай частцы горада. Мiнiстэрства таксама гатовае вызвалiць яго на ўмовах рэалiзацыi па рынкавым кошце!...

... сама дзяржава знявечыла, разбурыла святыню i выставiла нам, вернiкам, кошт за свой вандалiзм!...

...Ёсць вялiкiя праблемы з духоўнасцю i мараллю ў нашым грамадстве. I ёсць iнстытут, якi прызначаны i можа iх вырашаць. I паспяхова вырашае вось ужо трэцяе тысячагоддзе. Я не ведаю, чаму ўплывовыя чыноўнiкi не толькi не хочуць дапамагчы Касцёлу ў гэтай вялiкай i неабходнай справе, а наадварот, перашкаджаюць усiмi сiламi?...

З павагай М.Т. Фiльчанка, г.?Клiчаў".

Газета "Звязда" даслала арыгiнал лiста ў Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва i атрымала адказ:

"...Мiнбудархiтэктуры лiстом ад 05.02.2010 выказала гатоўнасць сумесна з Бабруйскiм гарвыканкамам i рыма-каталiцкiм прыходам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыi разгледзець магчымыя шляхi вырашэння гэтай праблемы i магчымыя ўмовы вызвалення БРУП "Бабруйскi ДБК" адмiнiстрацыйнага будынка па вул. Кастрычнiцкай, 121 у г. Бабруйску".

"Звязда" атрымала таксама копiю адказу, якi Мiнбудархiтэктуры накiравала Мiхаiлу Фiльчанку:

"Мiнбудархiтэктуры з разуменнем ставiцца да ўзнятай ў Вашым звароце праблемы i асэнсоўвае значнасць пытання аднаўлення храма i адраджэння духоўнасцi ў грамадстве.

Аднак адмiнiстрацыйны будынак, якi прылягае да касцёла ў г.? ?Бабруйску, быў пабудаваны згодна з рашэннем гарвыканкама ў час, калi будынак храма не функцыянаваў i не выкарыстоўваўся па прызначэннi...

Сёння ў гэтым будынку месцiцца БРУП "Бабруйскi домабудаўнiчы камбiнат". Агульная плошча будынка 2085 кв.м, апарат кiравання займае 1610 кв.м, астатняя плошча здаецца ў арэнду ў адпаведнасцi з дзейным заканадаўствам. БРУП "Бабруйскi ДБК" — асноўная будаўнiчая арганiзацыя ў Магiлёўскiм рэгiёне, якая ажыццяўляе выкананне стратэгiчных дзяржаўных праграм па ўводзе жылля ў эксплуатацыю.

Гэты будынак з'яўляецца аб'ектам дзяржаўнай уласнасцi, якi каштуе 320 млн рублёў, знаходзiцца ў здавальняючым для эксплуатацыi стане, i прыняцце рашэння аб яго зносе не ўкладаецца ў рамкi дзейнага заканадаўства i будзе сведчыць пра безгаспадарчы падыход да дзяржаўнай маёмасцi.

Гэтак жа немагчыма выселiць "на вулiцу" без забеспячэння iншымi плошчамi працоўны калектыў дзяржаўнай арганiзацыi, якая за кошт уласных сродкаў ажыццяўляла будаўнiцтва.

У гэтай сувязi Мiнбудархiтэктуры, як i раней, выказвае гатоўнасць перадаць будынак у камунальную ўласнасць у рамках дзейнага заканадаўства, пры ўмове выдзялення БРУП "Бабруйскi домабудаўнiчы камбiнат" будынка з аналагiчнымi характарыстыкамi. Для вырашэння гэтай праблемы Мiнбудархiтэктуры звярнулася ў Бабруйскi гарвыканкам i да настаяцеля рымска-каталiцкага прыхода Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыi з прапановай разгледзець магчымыя шляхi вырашэння гэтай праблемы

Першы намеснiк мiнiстра М. Абрамчук".

Старшыня Бабруйскага гарвыканкама Дзмiтрый БОНАХАЎ у тэлефоннай размове 2??сакавiка паведамiў аглядальнiку "Звязды" наступнае:

"Будынак, пра якi iдзе размова, знаходзiцца ў рэспублiканскай уласнасцi. Мiнiстэрства архiтэктуры спрабуе пераключыць вырашэнне пытання на мясцовыя ўлады, а мясцовыя ўлады не правамоцныя распараджацца рэспублiканскай маёмасцю. I ў мiнiстэрстве гэта добра ведаюць... Падставай для перадачы будынка iншаму ўласнiку можа быць толькi пастанова Савета Мiнiстраў альбо дакумент адпаведнага ўзроўню.

Так, мiнiстэрства паведамляе, што гатова вызвалiць спрэчны будынак, калi горад дасць аналагiчнае памяшканне Домабудаўнiчаму камбiнату. Але ў цэнтры Бабруйска няма свабодных 2 тысяч квадратных метраў!

Калi б размова iшла пра гарадскую маёмасць, дык на сёння горад i яе аддаў бы рэлiгiйнай абшчыне толькi пры ўмове гарантыi фiнансавай магчымасцi дэмантажу. Згодны, што фасад касцёла павiнен быць адноўлены, гэта было б гiстарычна справядлiва i ўпрыгожыла б горад. Аднак на гэта патрэбныя грошы, i немалыя. Сумняваюся, што ў рымска-каталiцкай парафii яны ёсць".

Настаяцель Бабруйскай рымска-каталiцкай парафii Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыi ксёндз Юрый БЫКАЎ запрасiў журналiста на свае вочы пабачыць, наколькi жудасна знявечаны адзiны на Магiлёўшчыне храм у стылi неаготыкi.

— Упэўнены, што калi б гарадскiя ўлады захацелi, яны вырашылi б гэту праблему, — дадаў ксёндз Юрый. — Вырашылi ж яны праблему аднаўлення праваслаўнага сабора, у будынку якога да пачатку 2000-х гадоў месцiўся басейн. Зрушыць справу з мёртвага пункту можна толькi тады, калi горад знойдзе для домабудаўнiчага камбiната iншае памяшканне. Тое, што горад прапанаваў, ДБК не задаволiла, i на гэтым зноў усё заглухла. А мiж тым зневажанне рэлiгiйных пачуццяў католiкаў трох раёнаў, якiя аб'ядноўвае парафiя, працягваецца.

Маленькiя людзi

Журналiстка "Звязды" прыняла прапанову святара, i наведала Бабруйск, i спярша зайшла ў гарвыканкам.

— Часы былi iншыя, — патлумачыў узгаданую ксяндзом гiсторыю з праваслаўным саборам начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр МАРКАЧОЎ. — Тады ўвесь горад рыхтаваўся да Дажынак, бюджэтных грошай на добраўпарадкаванне горада было выдаткавана дастаткова. Зрэшты, Свята-Мiкольскi сабор аднаўляўся не за гарадскiя грошы, а за буйныя ахвяраваннi, прычым не толькi з Бабруйска. Гарадскiя ўлады дапамагалi тым, што арганiзоўвалi суботнiкi. Але самае галоўнае, будынак басейна знаходзiўся ў камунальнай уласнасцi, таму горад меў права iм распараджацца. I горад аддаў яго рэлiгiйнай абшчыне толькi пасля адкрыцця iншага басейна.

Аляксандр Васiльевiч заўважыў, што памяшканне, якое гарадскiя ўлады прапанавалi домабудаўнiчаму камбiнату на вулiцы Паркавай, насамрэч, не так ужо i далёка ад цэнтра горада. Ён сам жыве на гэтай вулiцы i штодня ходзiць на працу i з працы пешшу, шлях яго займае хвiлiн 10.

— Безумоўна, аднавiць касцёл трэба, — цвёрда сказаў галоўны iдэолаг раёна. — Неагатычных храмаў па ўсёй Беларусi — адзiнкi, у Магiлёўскай вобласцi ўвогуле больш няма. Адноўлены касцёл стаў бы яшчэ адным турыстычным аб'ектам горада, якi набывае ўсё большую папулярнасць. Аднак гарадскiя ўлады не могуць вырашыць гэта пытанне на сваiм узроўнi. Мы — маленькiя людзi.

У Бабруйску дзейнiчае дзевяць праваслаўных храмаў (з iх тры належаць абшчынам старавераў), два пратэстанцкiя, адна сiнагога i адзiн касцёл. На тэрыторыi крэпасцi ёсць яшчэ адзiн каталiцкi храм — самы стары будынак у Бабруйску. Улады гатовыя аддаць яго вернiкам, пра гэта казалi i старшыня, i начальнiк аддзела iдэалогii. I галоўнае, могуць, бо будынак знаходзiцца ў камунальнай уласнасцi i нiкiм сёння не выкарыстоўваецца.

Што раней: грошы альбо дазвол?

— Гэта было б добра, але я пастаўлены на парафiю Беззаганнага Зачацця Прасвятой Дзевы Марыi, i мой непасрэдны клопат — касцёл па вулiцы Кастрычнiцкай, у якiм цяжка, а часам немагчыма весцi набажэнствы — з-за гучных размоў, ляскання дзвярыма карыстальнiкаў агульным калiдорам, — рэагуе на навiну ксёндз Юрый. — У храм трапляе дым ад суседзяў — курцоў. Аднойчы дзецi, якiя прыйшлi ў нядзельную школу, былi напужаныя тым, што ўбачылi пад дзвярыма нецвярозую жанчыну, якая спала пасля нейкай карпаратыўнай вечарыны... Парафiя абмежаваная ў магчымасцi адпець у храме нябожчыкаў, праводзiць Хрэсныя хады. Ды i дзе вы бачылi, каб у адным будынку месцiўся храм, домабудаўнiчы камбiнат, аптэка i крама па продажы камп'ютараў?

Пяць гадоў ксёндз i касцёльны савет вядуць перапiску з уладамi ўсiх узроўняў, спрабуючы дабiцца перадачы i зносу прыбудовы да касцёла. Да гэтага тое самае, па яго словах, рабiлi i папярэднiя настаяцелi. А што датычыцца пацвярджэння фiнансавай магчымасцi абшчыны дэманцiраваць прыбудову...

— На рахунку парафii такiх грошай няма i наўрад цi яны проста так з'явяцца, аднак паверце, сродкi на дэмантаж i на аднаўленне фасада знойдуцца, як толькi гэта стане магчымым, — кажа айцец Юрый. — Я сам гатовы пайсцi з працягнутай рукой па бiзнэсменах. Мы разлiчваем i на дапамогу горада, напрыклад, кошт дэмантажу можа быць значна паменшаны пры вызваленнi ад платы за вываз будаўнiчага смецця. Зносiць адмiнiстрацыйны будынак можна будзе гасспосабам — гэта таксама дазволiць скарацiць выдаткi. Калi да гэтага дойдзе справа, парафiя звернецца да ўсiх жыхароў горада, раёна, i да жыхароў суседнiх раёнаў, бо храм патрэбны не толькi набожным людзям пэўнага веравызнання, ён патрэбны ўсiм, хто любiць сваю Бацькаўшчыну. I не толькi ў якасцi ўпрыгажэння, iскрынкi, надання непаўторнага аблiчча мясцовасцi, але i ў якасцi духоўнага асяродка, якi забяспечвае спакой i стабiльнасць. Бо там, дзе людзi моляцца, яны не робяць зла.

Што спачатку: выселiць альбо перадаць?

— Мы i самi не задаволеныя сiтуацыяй, якая склалася з-за вымушанага суседства з касцёлам, — прызнаўся галоўны iнжынер БРУП "Бабруйскi домабудаўнiчы камбiнат" Васiлiй БЯЛОЦКI. — Сваю пазiцыю мы выказвалi неаднаразова на ўсiх узроўнях: i ў выканкаме, i ў мiнiстэрстве. Мы добра разумеем гiстарычную значнасць аб'екта i з самага пачатку гатовы былi вызвалiць будынак, якi перашкаджае аднавiць першапачатковы архiтэктурны выгляд касцёла, але мы — дзяржаўная арганiзацыя i наша маёмасць — дзяржаўная. А сiстэма перадачы дзяржмаёмасцi мае пэўныя крокi i залежыць ад пэўных рашэнняў. Распачаць працэдуру перадачы павiнен уласнiк — Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва. Магчыма, там проста не даходзяць рукi. Магчыма, перамовы з мiнiстэрствам павiнны весцiся на больш высокiм узроўнi... Не ведаю, мы проста працуем, будуем патрэбныя людзям дамы i будынкi... I разам з тым мы ўвесь час адчуваем сябе нiбы на парахавой бочцы. Да апошняга часу чакалi перасялення i не рабiлi рамонту, аднак не вытрымалi, i летась пачалi наводзiць парадак у сваiх памяшканнях: замянiлi вокны, якiя зусiм прагнiлi, паклеiлi шпалеры, пафарбавалi калiдор...

Можна было б пачаць i з высялення, але гэта, лiчыць Васiлiй Бялоцкi, толькi адзiн з магчымых варыянтаў вырашэння праблемы. Апарат кiравання Бабруйскага ДБК, штат якога налiчвае 65 чалавек, згодны быў i на яго. Дырэкцыя прасiла ў горада 2-павярховы будынак па вулiцы Iнтэрнацыянальнай. Аднак горад гэты будынак домабудаўнiчаму камбiнату не аддаў.

— Бо гэты будынак таксама не належыць гораду, — патлумачыла начальнiк аддзела маёмасцi Бабруйскага гарвыканкама Жанна ПАДАБЕДАВА. — Сёння ён знаходзiцца ў прыватнай маёмасцi ТАА "Прэм'ер-Лiзiнг", а раней належаў ААТ "Гархарчгандаль". Акцыянернае таварыства — гэта таксама прыватная маёмасць.

— Толькi наша высяленне не вырашае пытання аб перадачы дзяржаўнай маёмасцi ў распараджэнне рэлiгiйнай абшчыны, — падкрэслiвае галоўны iнжынер Бабруйскага ДБК. — Спачатку трэба ўрэгуляваць пытанне з перадачай. Ну выселiмся мы, i будзе будынак стаяць пусты. Бо яго дэмантаж немагчымы без адпаведнага рашэння. Зразумейце, праблема не ў высяленнi. У рэшце рэшт, мы ў iнтэрнат свой можам перасялiцца. Хоць для гэтага спатрэбiлася б выводзiць памяшканнi з жыллёвага фонду, што таксама няпроста. Уся праблема — у працэдуры перадачы маёмасцi. Якую распачаць павiнен уласнiк.

Усе ўсё разумеюць...

Вось так. Усе разумеюць. Усе не супраць. I нават гатовыя. I згодныя з тым, што праблему вырашаць трэба. Але нечага важнага ўсiм не хапае. Акрамя гатоўнасцi. I разумення. Напэўна, жадання, дзеяння i шчырасцi.

Магчыма, у Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва i сапраўды не даходзяць рукi да таго, каб распачаць, згодна з 575-м указам, працэдуру перадачы адмiнiстрацыйнага будынка рэлiгiйнай абшчыне. Магчыма, горад i сапраўды не надта хоча бязвыплатна аддаваць адно з лепшых сваiх памяшканняў у самым цэнтры горада Мiнiстэрству архiтэктуры i будаўнiцтва. Узамен жа горад нiчога не атрымае. Магчыма, домабудаўнiчы камбiнат не надта хоча выдаткоўваць сродкi на пераезд. Тым больш у будынак, якому зноў патрэбны рамонт. Магчыма, што i каталiцкая абшчына ў Бабруйску ў свой час не праявiла дастатковай актыўнасцi, тады, калi пытанне перадачы дзяржаўнай маёмасцi вырашалася прасцей. Перадалi ж нейкiм чынам будынак самога храма, якi таксама належаў Мiнiстэрству архiтэктуры i будаўнiцтва. Але на той час абшчына складалася з некалькiх старых... Гэта сёння яна налiчвае каля тысячы чалавек, а калi далучыць суседнiя раёны, то i некалькi тысяч.

Магчыма, усе прывыклi i чакаюць, што нехта зверху рассячэ сiтуацыю адным рашэннем, i тады "маленькiя людзi" возьмуць пад казырок i ўсё выканаюць. Вось толькi адзiны ў Магiлёўскай вобласцi неагатычны касцёл цяжка разгледзець нават стоячы прама перад iм. Засланяе дзяржаўны будынак. Што ўжо i казаць пра тое, наколькi яго бачна з Мiнска.

I яшчэ. Сёння нiхто не хоча губляць грошы. Ды i баяцца. Крызiс на дварэ. Фiнансавы, вы кажаце? А можа прычына i сапраўды не ў грошах? Можа цалкам мае рацыю спадар Мiхаiл Фiльчанка з Клiчава: нам усiм не хапае элементарнай адказнасцi. У першую чаргу — перад уласнымi дзецьмi. Бо, калi мы не вырашаем праблему самi, значыць пакiдаем яе iм. Спадзяёмся, што яны будуць больш багатыя? На якой падставе?

— Горад наш своеасаблiвы, — з дакорам у голасе сказаў мне адзiн з суразмоўцаў у Бабруйску. — У праваслаўным храме тут калiсьцi адкрылi басейн, а да фасада неагатычнага касцёла прыбудавалi тыповы пяцiпавярховы будынак...

Сёння мы выпраўляем памылкi сваiх бацькоў. Альбо перакладаем на плечы iх унукаў?



←«Вязанка» напоит минчан чистой водой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика