Някляеву ў Барысаве падклалі свінню
Прамая лінія з паэтам Уладзімірам Някляевым у Барысаве фактычна была сарваная. Пра гэта паведаміла прэс‑сакратар кампаніі «Гавары праўду!» Юлія Рымашэўская.
Праанансаваная лінія павінна была адбыцца 11 сакавіка з 16.00 да 17.00 у рэдакцыі газеты «Борисовские новости». У 16.00 тэлефонная лінія рэдакцыі працавала, у 16.02 яе праца была перапыненая. «Праблема была не ў апараце, а ў лініі АТС. На станцыі заявілі, што да 17.00 лінію адрамантуюць, і сапраўды сувязь была адноўлена», — паведаміла прэс‑сакратар.
Разам з тым, паводле яе слоў, «людзі, якія мелі ўпартасць, датэлефанаваліся і пасля 17.00, некаторыя таксама датэлефанаваліся па дадатковых тэлефонах рэдакцыі і змаглі задаць свае пытанні».
Як паведамлялася раней, Уладзімір Някляеў з’яўляецца ініцыятарам грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».
У межах кампаніі «Кажы праўду!» плануецца актыўнае ўзаемадзеянне з валанцёрамі па ўсёй краіне, якія будуць праводзіць маніторынг інфармацыйнай прасторы. Пачаў працаваць сайт zapraudu.info, на якім будут публікавацца канкрэтныя факты хлусні, а таксама інфармацыя аб праблемах Мінска і рэгіёнаў.
Першай акцыяй кампаніі стаў выпуск паштовак «Кажы праўду!» з прапановай да грамадзян напісаць аб мясцовых праблемах у Адміністрацыю прэзідэнта.
Кампанію падтрымалі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі паэт Генадзь Бураўкін, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, заснавальнік фонду «Дзеці Чарнобыля» прафесар Генадзь Грушавы, акадэмік Радзім Гарэцкі, лаўрэат міжнароднай прэміі Фонду Фрыдрыха Эберта ў сферы правоў чалавека Жанна Літвіна, міжнародны гросмайстар па шахматах Віктар Купрэйчык, праваабаронца Таццяна Процька.