І зазiрнула сонца ў рыбацкае аконца!

Источник материала:  

Веснавы форум

I прырода, i каляндар учора з ранiцы падарылi шматлiкiм мужчынам свята. Першая — ласкавым сонейкам i подыхам сапраўднай вясны, праз якiя ўжо яскрава бачылiся будучыя планы адносна прыгод i вандровак за сваiм рыбацкiм, паляўнiчым, грыбным, турыстычным шчасцем на працягу блiжэйшых месяцаў. Другi — магчымасцю пасля мiжсезоннага перыяду зноў сустрэцца на першым сёлета форуме — выставе-кiрмашы "Паляванне i рыбалоўства. Вясна—2010", якi распачаў працу ў выставачным комплексе на вулiцы Янкi Купалы, 27 у сталiцы. Напэўна, адразу гэтыя два фактары i адыгралi сваю ролю, бо журналiсты "Звязды", нiбы аддаючы своеасаблiвую данiну павагi захапленням першых наведвальнiкаў форума, што ўжо з нецярплiвасцю чакалi яго адкрыцця, чакалi, пакуль яны першымi — па праве — зойдуць у павiльён...

І зазiрнула сонца ў рыбацкае аконца!Напачатку колькi слоў пра агульныя ўражаннi ад выставы. Колькасць удзельнiкаў падалася сёлета крыху меншай. Магчыма, таму, што некаторыя вытворцы i прадаўцы выстаўлялi адны i тыя ж экспанаты на працягу ўжо не першага форума, ды i месцiлiся ў тых жа месцах павiльёна, што i раней? Колькасць друкаванай прадукцыi для наведвальнiкаў як знiзiлася пасля вядомых крызiсных падзей, так i не вярнулася да ранейшага ўзроўню. Таксама (прынамсi, карэспандэнтам газеты) было цяжкавата арыентавацца ў выставачным комплексе. Напрыклад, ведаючы, што на выставе павiнна быць прадстаўлена адным з удзельнiкаў электрычная прынада для рыбы (прыстасаванне, што генерыруе гук i вiбрацыi, якiя iмiтуюць касякi дробнай рыбы, што, у сваю чаргу, можа прывабiць драпежнiкаў), мэтанакiравана з паўгадзiны шукалi гэтага прадаўца, але безвынiкова. Шыльда адсутнiчала, не дапамаглi нi зварот да адмiнiстрацыi павiльёна, нi апытанне размешчаных побач з месцам яго верагоднай "прапiскi" iншых прадаўцоў. Зноў жа, хоць форум традыцыйна заяўляўся як паляўнiча-рыбалоўны, перавага на выставе была аддадзена найперш рыбацкiм таварам або, хутчэй, таварам для актыўнага адпачынку. Зрэшты, калi паставiць за мэту знайсцi нешта цiкавае, гэта заўсёды можна зрабiць, праўда?

... Любая дэманстрацыя тавару заўсёды прыцягне ўвагу. Тут наведвальнiкаў не пакiнулi абыякавымi "выпрабаваннi" айчыннага вiбрахвоста — штучнай прынады для лоўлi рыбы на спiнiнг. Па знешнiм выглядзе — ужо даўно звыклая рэч, набыць яе можна хоць у краме, хоць на рынку.

— Насамрэч гэта навiнка, якая, дзякуючы новаму матэрыялу, вынайдзенаму ў Амерыцы, спалучае ў сабе станоўчыя бакi папярэднiх штучных прынадаў для лоўлi рыбы на спiнiнг, — распавёў дырэктар ПУП "Рыбэкс" Анатоль АЛIСIЕВIЧ. — Як было дагэтуль? Сiлiконавая прынада магла "гуляць", паралонавая — валодала плывучасцю. У нашым вiбрахвосце мы спалучылi i "гульню" i плывучасць. Больш за тое, дзякуючы спецыяльнай форме (прынада крыху танчэйшая), нават проста кiнутая ў ваду на дно, яна дае эфект, быццам дробная рыбка кормiцца, што, натуральна, прыцягвае драпежнiка. Найперш — судака.

На вачах прысутных праводзiцца эксперымент: у акварыум з вадой на дно апускаюцца падрыхтаваныя — з грузам i двайнiкамi — штучныя айчынныя прынады. Сапраўды, гайданнi вiбрахвоста вельмi натуральныя, нiбы той малёк кормiцца пры дне.

Далей Анатоль пачынае расцягваць прынаду, дэманструючы яе "жывучасць", маўляў, iншая ўжо даўно б хвост страцiла. Гэтую эластычнасць вiбрахвост захоўвае i наўмысна панадразаны "зубамi драпежнiка".

— Ды не пакiне шчупак такiх слядоў, — як заўсёды, побач знаходзiцца чалавек, якi скептычна ставiцца да падзей. Але рыбак рыбака, як кажуць...

— Выстаўлялiся мы нядаўна ў Кiеве, — гэта ўжо мне распавядае Анатоль, — дык адзiн наведвальнiк у пятнiцу на пробу ўзяў сабе нашу навiнку. У суботу з'ездзiў на рыбалку, а ў нядзелю тэрмiнова да нас вярнуўся, забраў апошнiя 50 штук вiбрахвостаў. Кажа, 22 судакi выцягнуў на яе, цалкам абадраную, але ацалелую!..   Не меншую, а, магчыма, нават большую цiкаўнасць у наведвальнiкаў выклiкала i дэманстрацыя воблераў ад кампанii "Сярэбраны ручай". Чаму? Ды праводзiлася яна ў дастаткова вялiкiм надзiманым басейне! Дырэктар сталiчнай фiрмы Юрый ЗАСЛАЎСКІ паказваў "майстар-клас" — закiд, праводку. Адначасова ў мiкрафон тлумачыў свае дзеяннi, даваў парады.

Не тое каб здзiвiла (слабы пол на выставе — не рэдкасць, як ужо не аднойчы пiсаў), а прыцягнула ўвагу: за амаль натуральным рухам штучнай рыбкi ў вадзе вельмi засяроджана сачылi некалькi дзяўчат i жанчын розных узростаў — побач са сваiмi мужчынамi. Не ўтрымаўся, падышоў да адной такой пары, папрасiў сказаць колькi слоў пра сябе. Маўляў, як завуць рыбака, як рыбачку, адкуль яны?

— Аляксандр, — назваўся мужчына. — Ды не, без прозвiшча, проста рыбак Аляксандр. Аддаю перавагу спiнiнгу.

— Наталля, — назвалася яго спадарожнiца. — Прыехалi мы на выставу знарок — з Барысава. Не, абмежаванняў на выдаткi з сямейнага бюджэту (смяецца) я мужу не ставiла — набудзе тут, што захоча. Так, захапленне мужа падтрымлiваю, езджу з iм на рыбалку, праўда, больш люблю заставацца на беразе.

— Хто ловiць — зразумела, а хто з вас рыбу потым чысцiць, гатуе?

— Чышчу — сам, гатуе — жонка, — лаканiчна адазваўся "проста рыбак Аляксандр".

— Ну чаму ж, — пяшчотна ўсмiхнулася яму Наталля, — у цябе вельмi смачнай атрымлiваецца юшка...

Ну што тут скажаш? Хiба толькi, што такая спадарожнiца жыцця — сапраўдная мара для сапраўднага ж рыбака. А што ёсць мара для мужчыны ўвогуле? Вось патрапiў ён на выставу, i на чым спынiць свой позiрк для пачатку?

— На мультыiнструменце з колькасцю функцый ад 6 да 19! — катэгарычная (спадзяюся, толькi ў дачыненнi працы — С.Р.) кансультант ПУП "Барс трэйд" Дар'я АЗАРАВА. — Гэта ўнiверсальны iнструмент для выратавальнiкаў, альпiнiстаў, паляўнiчых, рыбаловаў i гэтак далей, ён проста незаменны ў хатнiх умовах. Амерыканская вытворчасць, выдатная сталь, дызайн, у камплекце нож, пасацiжы, адвёрткi, напiльнiкi... 25 гадоў гарантыi ў любой краiне свету, дзе ёсць прадстаўнiцтва фiрмы-вытворцы. Гэта азначае, што, купiўшы мультыiнструмент у Беларусi, вы потым бясплатна, калi з iм што здарыцца, адрамантуеце яго ў любой з краiн.

Каштуе, праўда, такi ўнiверсальны iнструмент у залежнасцi ад камплектацыi ад 130 да 250 долараў. Сапраўды, пажартаваў я на развiтанне, у нейкiм сэнсе — мара для мужчыны.

Як i, напрыклад, нажы, на якiя заўсёды зверне ўвагу моцны пол. На выставе такiя вырабы традыцыйна дэманструюцца рознымi вытворцамi. Сёлета мы вырашылi блiжэй пазнаёмiцца з УП "Белснаб-кантракт", якое з'яўляецца прадстаўнiцтвам у нашай краiне дагестанскiх майстроў з Кiзляра. Менеджар Ксенiя ЗУБIК i паказала, i расказала пра тую прадукцыю, што карыстаецца трывалым попытам у беларускiх мужчын. Гэта i турыстычныя ўнiверсальныя нажы, i спецыяльныя раздзелачныя для паляўнiчых, гэта i мастацкi аформленыя вырабы, i аўтарскiя. Усе нажы вызначае аптымальная па якасцi сталь ("падкрэслiце гэта, бо вельмi важна"), яе зносаўстойлiвасць. А хто не чуў пра ўнiкальныя клiнкi з дамаскай сталi?! Цэны? Серыйныя турысцкiя нажы можна набыць ад 100 да 300 тысяч рублёў.

...Наша заўсёднае: нельга апiсаць усё ўбачанае ў адным матэрыяле. А гэта што азначае? Выстава будзе працаваць да 14 сакавiка ўключна, праўда, у апошнi дзень толькi да 15 гадзiн. Няхай i ў ваша аконца зазiрне крыху веснавога сонца!

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Доля камуналкi стала большай

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика