Паэт Мiкола Аўрамчык у 79 гадоў ажанiўся са сваiм першым каханнем

Источник материала:  
Паэт Мiкола Аўрамчык у 79 гадоў ажанiўся са сваiм першым каханнемНеверагодную гiсторыю кахання 90-гадовы старэйшына беларускай лiтаратуры ўпершыню наважыўся распавесцi менавiта напярэдаднi 8 сакавiка.
У 1937 годзе дзевяцiкласнiк Коля з вёскi Плёсы, што пад Бабруйскам, закахаўся па вушы ў шасцiкласнiцу Анюту з вёскi Ступянi. Яны вучылiся разам у школе ў Цялушы. Сталi сустракацца — некалькi гадоў — планавалi нават ажанiцца. Коля, якi пiсаў вершы, даслаў iх у Мiнск, сустрэўся там з вялiкiм Купалам, яго дабраславiў на паэтычны лёс сам Якуб Колас. Коля паступае вучыцца ў мiнскi педiнстытут, Анюта — у бабруйскую медвучэльню. Пасля Анюта раптоўна выходзiць замуж за... Колевага аднакласнiка Пашу. У Колi таксама з'яўляецца свая сям'я. Так праходзiць жыццё. Колева жонка i Анюцiн муж памiраюць — i вось праз 60 гадоў Мiкалай Якаўлевiч i Ганна Сямёнаўна зноў сустракаюцца. І з таго дня не разлучаюцца вось ужо 10 гадоў.

...Гэтую неверагодную гiсторыю Мiкола Аўрамчык згадаў мiмаходзь яшчэ ў студзенi, калi мы гутарылi з нагоды ягонага 90-годдзя. Напярэдаднi 8 сакавiка — свята жанчын i кахання — я папрасiў старэйшыну беларускай лiтаратуры распавесцi сваю фантастычную гiсторыю кахання для чытачоў «Звязды» больш падрабязна.

Анюта

Мiкола закахаўся ў Анюту ў дзявятым класе — яму было 17, ёй 15 гадоў, Анюта хадзiла ў шосты клас. Сустракалiся, будавалi сумесныя планы. Калi Мiкола Аўрамчык заканчваў школу, ягоныя вершы ўжо друкавалiся ў раённым i нават рэспублiканскiм друку. Узiмку 1938 года яго выклiкалi ў рэдакцыю бабруйскай раёнкi — i папрасiлi нiкуды не паступаць, а адразу iсцi працаваць да iх. Мiкалай згадзiўся. Але паралельна працягваў дасылаць вершы ў кабiнет маладога аўтара Саюза пiсьменнiкаў. I раптам Аўрамчыка выклiкаюць у Мiнск на месячныя курсы маладых аўтараў. Адразу ж пасля курсаў Мiкалай — так склалася — паступiў у педiнстытут. Анюта ў сваю чаргу паступiла ў медтэхнiкум у Бабруйск (кiнула праз два гады, бо страшэнна баялася крывi). Калi б не гэтыя курсы, яны б пажанiлiся, кажа Аўрамчык цяпер.

Калi Мiкола Аўрамчык заканчваў школу, ягоныя вершы ўжо друкавалiся ў раённым i нават рэспублiканскiм друку. Узiмку 1938 года яго выклiкалi ў рэдакцыю бабруйскай раёнкi — i папрасiлi нiкуды не паступаць, а адразу iсцi працаваць да iх. Мiкалай згадзiўся. Але паралельна працягваў дасылаць вершы ў кабiнет маладога аўтара Саюза пiсьменнiкаў. I раптам Аўрамчыка выклiкаюць у Мiнск на месячныя курсы маладых аўтараў. Адразу ж пасля курсаў Мiкалай — так склалася — паступiў у педiнстытут. Анюта ў сваю чаргу паступiла ў медтэхнiкум у Бабруйск (кiнула праз два гады, бо страшэнна баялася крывi). Калi б не гэтыя курсы, яны б пажанiлiся, кажа Аўрамчык цяпер.

Мiкалай вучыўся i працаваў. Гады ў рады — у час адпачынку, вакацый, святаў — прыязджаў да Анюты. Так цягнулася яшчэ два гады, як раптам...

— Аднаго дня да мяне ў Мiнск прыязджае аднакласнiк Паша, якi за два гады скончыў вучэльню, стаў вайскоўцам i якраз ехаў на месца службы, — згадвае Мiкола Аўрамчык. — Сталi гутарыць, як Паша кажа: «Коля, а я ж ажанiўся!» Пытаюся, з кiм. З Ганнай... У мяне мову заняло... Ганна з'ехала з iм на Далёкi Усход, а я гады два не мог яшчэ глядзець на дзяўчат — такi гэта быў для мяне ўдар.

Аўрамчык кажа, што перад гэтым шчыра верыў у каханне на адлегласцi. I, хоць жыў ужо ў Мiнску, аднак увесь час думаў пра Ганну, пры любой магчымасцi iмкнуўся да яе ў Бабруйск. А яна не дачакалася...

— Прысвячаў ёй вершы, — кажа Аўрамчык. — Санет «Кветка бэзу» з прысвячэннем «А.Кр.» — Анюце Крычцы. Адзiн верш нават у «Полымi» надрукавалi — праўда, без прысвячэння.

Карацей, Ганна апынулася на Далёкiм Усходзе, дзе i прабыла ўсю вайну...

Ад тае гiсторыi кахання застаўся здымак мiлай дзяўчыны з надпiсам на адвароце «На памяць Колю ад Анi. 13.VI.1940» Праз два месяцы Ганна выйшла замуж за iншага.

Палiна

Мiкола яшчэ доўга захоўваў тое моцнае пачуццё. Ёсць нават адзiн верш, даволi вядомы, дзе Аўрамчык паставiў прысвячэнне будучай жонцы Палiне — а насамрэч, прызнаецца цяпер, верш той быў напiсаны пра Анюту...

...З Палiнай Мiкола пазнаёмiўся за тры месяцы да пачатку вайны. Ён жыў тады ў бараку для студэнтаў — на вулiцы Студэнцкай, у раёне цяперашняга Iнстытута культуры. Яе падсялiлi туды ж.

— Упершыню я яе ўбачыў на кухнi, дзе браў кiпень для гарбаты — так што першая сустрэча была «цёплай»!.. Другi раз мяне паклiкалi да тэлефона, якi — адзiн на ўсiх — вiсеў у iнтэрнаце. Мне тэлефанавалi з рэдакцыi, я паразмаўляў i пайшоў да сябе ў пакой. I ў адчыненых дзвярах аднаго пакоя пабачыў дзяўчыну, якая прыбiрала, падмятала пакой. Спынiўся. Загаварыў з ёй.

— Напэўна, як паэт, вы сказалi: «Дзяўчына, як вы прыўкрасна мецяцё пакой!»?..

— Што вы — я заўжды бянтэжыўся, калi трэба было вось так загаворваць цi казаць нешта на людзях!.. Мне нiбы цяляты язык аджавалi!.. Пыкнуў-мыкнуў нешта, яна кажа: «Заходзь, чаго на калiдоры стаiш!..» Сталi сустракацца... Пачалася вайна, усе ўцякалi. ЦК усё ўцякло, рэдакцыя «Звязды» ўцякла — i нават нам не паведамiлi, мы яшчэ пяць дзён сядзелi!.. Я пехатой пабег да сваiх на Бабруйск — цягнiкi не хадзiлi, быў узарваны мост. У дарозе мне паведамiлi, што Бабруйск ужо занялi немцы. Я павярнуў — i пабег на ўсход. Там даведаўся, што iду па Кiраўскiм раёне — а Палiна ж якраз адтуль — пайшоў у ейную вёску. А яна гадзiны дзве як прыбегла з Мiнска! Я пераночыў, мне знайшлi школьную геаграфiчную карту, наклалi цэлую торбу мёду i сала — i я пабег далей на Магiлёў...

Каханыя развiталiся на доўгiя пяць гадоў. Мiкола паспеў пабыць у самым пекле фронту, быў узяты ў палон, працаваў у немцаў на шахтах, цудам выжыў, пасля вызвалення быў адпраўлены як «палонны» ў Данбас на цэлы год.

Вярнуўшыся ў Мiнск, Аўрамчык захацеў працягваць адукацыю. З педiнстытута перавёўся на аддзяленне журналiстыкi фiлфака БДУ. Стаў шукаць Палiну.

— Сястра сказала мне, што бачыла Палiну — тая збiралася ў Мiнск вучыцца, — згадвае Мiкола Якаўлевiч. — Даведаўся, што яна займаецца таксама на аддзяленнi журналiстыкi, пайшоў з таварышам да iх у iнтэрнат. Iх там жыло дваццаць дзяўчат у пакоi — я пасля пра гэта напiсаў верш «Студэнцкая быль».

Знайшоў яе — i мы сталi сустракацца ў школах, тады ж унiверсiтэт быў па школах размеркаваны. Сустракалiся ў другой школе насупраць Палаца пiянераў, у чацвёртай школе — побач з Нацыянальнай бiблiятэкай, i найбольш у школе № 17 каля Юбiлейнага базару. I праз два-тры месяцы ажанiлiся.

— Як хутка!.. Залiчылi ранейшыя сустрэчы?..

— Ну так, мы ж да вайны кожны дзень сустракалiся, хадзiлi ў кiно, у тэатры...

— I дзе вы жылi калi ажанiлiся?

— Спачатку асобна. Я — у хiмкорпусе БДУ, там адзiн з паверхаў быў пад iнтэрнат адведзены. Пасля жылi ў суседнiх пакоях у бараку — я з хлопцамi, яна з дзяўчатамi. А пасля хлопцы (нас жыло чацвёра ў пакоi) адгарадзiлi мне шырмаю куточак — i мы з жонкай ужо сталi жыць разам. Пасля барак раздзялiлi перагародкамi — i мы атрымалi закуточак, нават з акном! Нам нiчога не свяцiла ў сэнсе жытла. Яна размеркавалася працаваць у маю родную вёску, я сабраўся ехаць за ёй. Працаваў на той час у «Полымi» — занёс Танку заяву. Танк заяву прачытаў i паклаў пад шкло тварам унiз. Спытаўся, чаго так. Я патлумачыў. Танк павёў мяне ў Саюз пiсьменнiкаў да Броўкi. Кажа Броўку: «Пятрусь, Аўрамчык у вёску сабраўся — жыць няма дзе». Броўка здымае трубку «вяртушкi» i да некага звяртаецца: «Слухай, тут у мяне з Аўрамчыкам дрэнная справа — кватэры ў яго няма». Нехта на тым канцы адказвае: «Я дам Аўрамчыку кватэру». Броўка кладзе трубку — i кажа: «Длугашэўскi сказаў, што будзе табе кватэра». А Канстанцiн Навумавiч Длугашэўскi быў тады мэрам Мiнска. Прайшло колькi часу — усё цiха. Я паехаў у вёску да жонкi. Праз нейкi час прывёз вершы ў рэдакцыю «Полымя» — сустракаю на вулiцы Броўку. Ён кажа: «Схадзi да Длугашэўскага, ён кажа, што табе кватэру падрыхтаваў». Я набраўся смеласцi, пайшоў. Тады гарсавет быў там, дзе цяпер краязнаўчы музей, па Маркса. Я прыйшоў — мяне запiсалi 64-м у чарзе. Дачакаўся, заходжу. Бачу — ён мяне не пазнае. Я кажу: «Броўка сказаў, што вы мне кватэру дасцё...». Ён усхапiўся: «А! Аўрамчык! Я цябе не пазнаў!» I дастае з шуфляды ордэр на кватэру. Кажа: «Даруй, толькi 17 метраў з калiдорам i кухняй, ацяпленне на дровах, у двары — хлявок на дровы...». Я адказаў, што шчаслiвы i з гэтага!.. Вядома ж, адразу перавёз жонку ў Мiнск.

— Дык адкуль Длугашэўскi вас ведаў?

— У той час у Купалаўскiм тэатры часта ладзiлiся паэтычныя вечары, на кожным з якiх я дэкламаваў вершы. А ўся вярхушка, i ён таксама, сядзелi тады ў першым шэрагу. А пасля я даведаўся таксама, што ён з аднае вёскi з пiсьменнiкам Адамам Бабарэкам. Вось так я «за вершы» атрымаў кватэру!..

У Мiколы Якаўлевiча i Палiны Аляксандраўны нарадзiлiся тры дачкi. Яны пражылi разам 47 гадоў — пакуль Палiна Аляксандраўна не памерла ў 1993 годзе. Праз шэсць гадоў, у 1999-м Аўрамчык зноўку сустрэў... Анюту! Толькi цяпер яе больш дарэчна называць...

Ганна Сямёнаўна

— Я штогод бяру ўдзел у Пушкiнскiм свяце ў вёсцы Цялуша пад Бабруйскам, — працягвае Мiкола Аўрамчык. — Там жа пахаваная ўнучка Пушкiна. Яна выйшла замуж за вайскоўца, а калi ён пайшоў у адстаўку — паехала разам з iм на ягоную радзiму. Яны збудавалi найпрыгажэйшую царкву, пад сценамi якой i праводзiцца свята. I вось у 1999 годзе я сустрэў там адну Анюцiну суседку-сяброўку — стаў распытваць пра сваё першае каханне. Яна мне распавяла, што Анюта жывая-здаровая, жыве то ў вёсцы, то з дачкой у Бабруйску, даўно страцiла мужа — ён моцна пiў... Мяне як стралой працяла! Я вярнуўся дахаты, замовiў тэлефонную размову. Яна падняла слухаўку, я кажу: «Анюта, ты мяне пазнаеш?». Яна адказала: «Так, Коля, як я магу цябе не пазнаць...». Я прызначыў спатканне, паехаў, мы сустрэлiся — i я застаўся там. I з таго дня не расстаёмся вось ужо 10 гадоў...

— I было вам 79 гадоў...

— Так, а ёй 77.

— Напэўна, доўга размаўлялi пасля столькiх гадоў...

— Перагаварылi шэсцьдзясят гадоў — размаўлялi i дзень, i ноч кожны дзень.

— Як вы мяркуеце, калi вы зноў пабачылi Анюту — у вас абвастрылася даўнiшняе пачуццё цi ўзнiкла новае?

— Нешта i тое, i новае... У нас такi ўзрост, што некаторыя ўвогуле падумаюць: чорт iх знае... Але вельмi свяцiлася i сагравала тое пачуццё. Я не мог крыўдаваць на яе, што не дачакалася тады — мне ж яшчэ столькi вучыцца заставалася... Жыццё нашае склалася паралельна — у мяне тры дачкi, у яе дзве дачкi i сын.

— Вы з 1999 года проста жывяце разам цi неяк узаконiлi свае адносiны?

— Нiчога не ўзаконьвалi, вяселля не было. Сем'ямi сабралiся — яе ўсе, мае ўсе. Смешна — якое ў такiм узросце вяселле!.. Сястра мая ўвогуле як даведалася — дык страшэнна перажывала. Казала, што людзi шаптацца пачалi, што Аўрамчык з глузду з'ехаў.

— Але, я так бачу, вы не моцна зважалi на грамадскую думку...

— Абсалютна не думаў пра гэта! Я лiчыў: што я думаю — тое i думаю, што мне да iншых! Шапталiся, вядома ж, розныя там суседкi-сяброўкi... Але не думаў я, i яна не думала — хто што скажа.

— А дочкi вашы як адрэагавалi?

— Ты ведаеш, вельмi прыязна — прынялi яе як родную. Я ж iм цэлае жыццё нiчога не расказваў пра тое першае каханне. А тут расказаў. Вельмi любяць яе. I ўнучкi мае добра паставiлiся...

— Мiкола Якаўлевiч, а тады, калi вы даведалiся, што Ганна таксама засталася адна — адразу ўзнiкла жаданне сысцiся?

— Добра i не ведаю. Хацелася сустрэцца, убачыцца проста. А як сустрэлiся — дык i павiслi на шыi адно ў аднаго. I больш не разлучалiся. Усе гэтыя 10 гадоў праляцелi iмгненна. Летась у нас у абодвух здарыўся, вiдаць, мiкраiнсульт. I яна мне прапанавала — давай пабудзем гэтую зiму асобна: няхай мае мяне паглядзяць, а твае — цябе. Цяпер яна там з дачкой у Бабруйску, а да мяне тут мае наперабой ездзяць. Перазвоньваемся па некалькi разоў кожны дзень. Сяджу, чакаю вясны, каб ехаць да яе.

Глеб Лабадзенка, «Звязда»
←Smoke on the Буг

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика