Трусаў: Дыктант стане агульнанацыянальным, пасля таго як яго будзе пісаць прэзідэнт
Беларускі дыктант стане агульнанацыянальным у поўным сэнсе гэтага слова, калі яго будуць пісаць прэзідэнт і члены ўрада. Такое меркаванне выказаў старшыня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) Алег Трусаў пасля правядзення ў Чырвоным касцёле Мінска III Агульнанацыянальнага беларускага дыктанта.
Дыктант прымеркавалі да Міжнароднага дня роднай мовы, які быў заснаваны ў 1999 годзе Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА і адзначаецца штогод 21 лютага. Тэкст паводле твора Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» ў Чырвоным касцёле пісалі больш за 50 чалавек, у тым ліку паслы Украіны і Швецыі Ігар Ліхавы і Стэфан Эрыксан.
Адкрываючы акцыю, Алег Трусаў адзначыў, што дыктант праводзіцца ў многіх населеных пунктах розных краін. Напрыклад, летась яго пісалі ў Італіі і на шведскім востраве Готланд, у Варшаве і Празе, у Аўстраліі, Канадзе і ЗША. Гэтым разам 12 лютага дыктант праводзіўся ў Мінску, а 20 лютага — у горадзе Бярозаўка Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.