Хакейны дэбют: 50 працэнтаў мiнус

Источник материала:  

Учора на XXІ Алiмпiйскiх гульнях у Ванкуверы ў бой уступiлi хакеiсты. Матч з камандай Фiнляндыi падначаленыя Мiхаiла Захарава ўступiлi з лiкам 1:5.

Вострыя размовы аб закаце славы айчынных майстроў шайбы у сувязi з адстаўкай канадца Глена Хэнлана за 100 дзён да пачатку Алiмпiйскiх гульняў пачынаюць набываць свае сапраўдныя абрысы. Нацыянальная зборная сапраўды, мяркуючы па гульнi з фiнамi, падобна была на бездапаможнага драпежнiка, якi i рады быў ухапiць здабычу, ды не можа — сiлы не дазваляюць. Хоць будзем шчырымi: багаж, набыты гульцамi Беларусi, што выступаюць у Кантынентальнай хакейнай лiзе i НХЛ, можа быць дастатковы, каб прайсцi квалiфiкацыйны раўнд, нягледзячы нi на якiя складанасцi. А яны ёсць.

Хакейны дэбют: 50 працэнтаў мiнусНа пасляматчавай прэс-канферэнцыi галоўны трэнер беларусаў Мiхаiл Захараў, вiдаць, не толькi ў якасцi камплiмента, сказаў: мы саступiлi камандзе, якая дастойна будзе змагацца за медалi алiмпiйскага турнiру. Настаўнiк фiнаў дыпламатычна падмецiў, што гульня насiла складаны характар. I канчатковы вынiк на табло зусiм не азначае, што беларусаў можна было закiдаць шапкамi. Проста на сёння ў шэрагах Суомi, засяродзiў ўвагу журналiстаў Яланен, быў падбор гульцоў нашмат мацнейшы, чым у супернiка, што ў вынiку i адбiлася на ходзе паядынку.

Сапраўды, у стартавым матчы ўчарашняга ўзору ў шэрагах фiнаў было толькi некалькi хакеiстаў, якiя гулялi на леташнiм чэмпiянаце свету ў Швейцарыi i якiя прайгралi беларусам 1:2 па булiтах на стадыi чвэрцьфiналу. Практычна ўсе 100 працэнтаў — прадстаўнiкi Нацыянальнай хакейнай лiгi. А ў нас, падкрэслiў Мiхаiл Захараў, цяпер у абойме энхаэлаўцаў на 50 працэнтаў менш у параўнаннi з узгаданым ужо паядынкам. Праўда, калi гаварыць па-iншаму, то ў шэрагах зборнай не хапае двух прадстаўнiкоў вядучай заакiянскай лiгi — Мiхаiла Грабоўскага з "Таронта" i Андрэя Касцiцына з "Манрэаля". А яшчэ двое — Руслан Салей з "Каларада" i Андрэй Касцiцын з "Манрэаля" поўнасцю не аправiлiся ад атрыманых траўмаў. Вось такая хакейная матэматыка.

Трэба аддаць належнае гульцам. Той жа Салей ў мiкс-зоне лядовага Canada Place ў размове з беларускiмi журналiстамi адзначыў: Коваль нам падарыў шанц. Дзякуй галкiперу, якi сваёй надзейнай гульнёй даў нам магчымасць да сярэдзiны матча гуляць на роўных з фiнамi. Хоць з такiм падборам гульцоў, прызнаўся абаронца "Каларада" i нацыянальнай зборнай, разлiчваць на шмат не прыходзiцца. Тым не менш адсутнасць ключавых хакеiстаў — Грабоўскага i Касцiцына-старэйшага — гэта факт, якi не павiнен змяншаюць узровень адказнасцi гульцоў за вынiк матча з любым супернiкам.

Сяргей Касцiцын на другiм канцы Канады хоць i не карыстаецца такой папулярнасцю, як у Манрэалi, але ж доўгi час быў у акружэннi канадскiх i расiйскiх журналiстаў. Аўтар адзiнага забiтага гала ў вароты фiнаў выказаў шкадаванне, што сёння мы з фiнамi былi ў розных вагавых катэгорыях не толькi па падборы iмёнаў, колькi па выканаўчым майстэрстве. Тым не менш, сказаў Андрэй, у паядынку Беларусь — Фiнляндыя быў момант, калi беларусы намацалi сваю гульню i ў нейкi момант нават маглi зраўняць лiк. Паводле яго слоў, у зборнай Беларусi яшчэ нiчога не страчана ў плане далейшага выхаду ў плэй-оф турнiру. I найблiжэйшы матч са шведамi павiнен гэта пацвердзiць.

Цiкава, што каманда Швецыi да гэтага часу неабыякава ўспамiнае матч 1/8 фiналу на Алiмпiйскiх гульнях-2002 з камандай Беларусi ў Солт-Лейк-Сiцi, калi Уладзiмiр Копаць за тры хвiлiны да заканчэння сустрэчы трапiў шайбай у шлем галкiпера Томi Сало, якая потым паволi закацiлася ў вароты, i здабыў для Беларусi феерычную на той час перамогу. Айчынныя журналiсты прапанавалi ў склад беларусаў на заўтрашнi матч са шведамi ўпiсаць у заявачны спiс прозвiшча Копаця, на што Мiхаiл Захараў усмiхнуўся: а чаму б i не.

Цiкава, што незалежна ад вынiкаў квалiфiкацыйнага раунда, цэны на бiлеты ў перакупшчыкаў не зменшылiся, а значна выраслi. Так, на матч Беларусь — Фiнляндыя яшчэ некалькi дзён таму ў гарадскiм метро пры намiнальным кошце ў 80 канадскiх долараў прадпрымальныя асобы прадавалi арыгiнальныя квiткi на хакейны стадыён па 140, а ўчора ўжо прапаноўвалi па 200 долараў i нi цэнтам менш. Вiдавочна, што бiлеты на хакей будуць расцi, бо жарсцi падаграюцца фенаменальнай вынiковасцю камандаў Расii i Канады, якiя на старце забiлi ў вароты супернiкаў па 8 галоў кожная. Пры гэтым лiдары лiгi НХЛ — Аляксандр Авечкiн, Яўген Малкiн, Iлья Кавальчук, Сiднi Кросбi, Дэнi Хiтлi i iншыя падтрымалi сваё высокае рэнаме.

Вiдавочна, што расiйскiя хакеiсты сваёй адмысловай гульнёй з латышамi паспрыялi прарыву расiйскай зборнай у заваяваннi медалёў. За адзiн учарашнi дзень — "золата" i "серабро" ў мужчынскiх лыжах, пра гэта можна толькi марыць. А то расiяне ўжо запанiкавалi. I гэта думка многiх журналiстаў Мiжнароднага прэс-цэнтра. Як вядома, генеральным спонсарам алiмпiйскай каманды Расii з'яўляецца iтальянская кампанiя BOSKO, пад патранатам якой у межах алiмпiйскай вёскi для спартсменаў на час гульняў дзейнiчае "Рускi Дом". Дык вось у якасцi казырнай карты i дадатковай рэкламы з пачатку гэтага тыдня Выдавецкi дом "Коммерсантъ" i Група кампанiй Баскодзi Чыльеджы арганiзавалi спецыяльны праект — спецвыпуск газеты "КоммерсантъВOSKOsport" тыражом 2000 экзэмпляраў. За некалькi дзён алiмпiйскага турнiру выйшла аж тры тыражы на добрай крэйдаванай паперы. Праўда, як толькi ў расiян настаў стопар з медалямi, выпуск газеты, вiдавочна, быў спынены, бо нiводнага экзэмпляра магчымых свежых нумароў нiхто з замежных калегаў-журналiстаў не бачыў. Можна не сумнявацца, што такi антракт насiў часовы характар, i цяпер зноў будзе нагода для журналiстаў карпункта газеты пiсаць аб поспехах i перспектывах расiйскага алiмпiйскага руху.

Прадстаўнiкi расiйскiх СМI спадзяюцца, што подзвiг лыжнiкаў прымусiць па-iншаму паглядзець на жыццё i бiятланiстаў, i цяпер яны скажуць сваё вырашальнае слова. Бо расiйскi алiгарх Мiхаiл Прохараў, якi ўзначальвае саюз бiятланiстаў Расii, ужо зачакаўся вынiкаў. Грошай патрачана шмат, а толку амаль нiякага! З чым сустракаць прэзiдэнта Расii Дзмiтрыя Мядзведзева, якi мяркуе прыехаць у Канаду праз тыдзень i наведаць алiмпiйскiя аб'екты ў Вiстлеры?!

Зрэшты, цяпер наступаюць часы "iкс" i ў беларускiх бiятланiстаў. У найблiжэйшы алiмпiйскi дзень — iндывiдуальныя гонкi на 15 км у жанчын i 20 км у мужчын. Такiя дысцыплiны — мара для сярэднячкоў, якiя i бягуць, i страляюць хоць i не ў спрынтарскiм рэжыме, але ж стабiльна. Успомнiм, што на Алiмпiйскiх гульнях-1998 у японскiм Нагана на дыстанцыi 20 км бронзавы медаль заваяваў Аляксей Айдараў. А на зiмовай Алiмпiядзе 1992 у французскiм Альбервiле, калi беларусы выступалi ў складзе аб'яднанай каманды СНД, нiкому не знаёмы беларус Яўген Рэдзькiн стаў у гэтым раздзеле праграмы алiмпiйскiм чэмпiёнам: на чатырох агнявых рубяжах бiтланiст не дапусцiў нiводнага промаху. I тлумачэннi дакладнасцi стральбы могуць быць простымi: вельмi ўжо дорага абыходзiцца нават адзiн стрэл "у малако". Толькi ў гэтай iндывiдуальнай гонцы за недакладны стрэл аўтаматычна да агульнага часу бiятланiста на дыстанцыi дадаецца адна хвiлiна. Параўнаем: у звычайным фармаце адзiн штрафны круг у 150 метраў спартсмен пераадольвае ў сярэднiм за 25 секундаў. Зусiм не выгадна мазаць.

Будзем спадзявацца, што следам за расiйскiм медальным прарывам наступiць свята i на вулiцы беларускiх алiмпiйцаў. Тым больш папярэднiя гонкi бiятланiстаў паказалi: страляць дакладна мы навучылiся. Таму заўтра на стрэльбiшчы алiмпiйскага парка ў Вiстлеры скрыжуем пальцы. На ўдачу.

Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ. Ванкувер, Канада.

Ванкувер, Канада.

Вынiкi шостага дня спаборнiцтваў

Завяршыўся чарговы дзень спаборнiцтваў XXI зiмовай Алiмпiяды. Медалi разыграныя ў сямi дысцыплiнах: лыжных гонках (iндывiдуальны спрынт у мужчын i жанчын), горных лыжах (жаночы хуткасны спуск), каньках (мужчыны, 1000 м), парных санях, шорт-трэку (жанчыны, 500 м), сноўбордзе (мужчыны, хафпайп). Адны з самых яркiх падзей — тры залатыя медалi каманды ЗША, дзякуючы чаму яна лiдзiруе ў медальным залiку, першыя "золата" i "серабро" зборнай Расii, сярэбраны медаль зборнай Латвii ў санным спорце.

Гарналыжны спорт

На хуткасным спуску перамагла знакамiтая амерыканка Лiндсэй Вон. Яна апярэдзiла сваю суайчыннiцу Джулiю Манкуза, якой дасталося "серабро", на 0,56 секундаў. "Бронза" ў Элiзабет Гергль з Аўстрыi. Прадстаўнiцы Беларусi ў гэтых спаборнiцтвах не ўдзельнiчалi.

Лыжны спорт

Першае "золата" Алiмпiйскiх гульняў у Ванкуверы з'явiлася ў расiян. Яго заваяваў у фiнале мужчынскай спрынтарскай гонкi класiчным стылем Мiкiта Крукаў. Прадстаўнiку лыжнага спорту дасталося i першае "серабро" расiйскай зборнай, Аляксандр Панжынскi падтрымаў поспех свайго сябра па камандзе. Бронза ў нарвежца Петэра Нортуга. Беларускiя лыжнiцы Анастасiя Дубарэзава i Вольга Васiлёнак не прайшлi ў 1/4 фiналу спрынтарскiх гонак. Дубарэзава паказала 42-i вынiк, Васiлёнак — 46-ы.

Канькабежны спорт

Двухразовым алiмпiйскiм чэмпiёнам па канькабежным спорце стаў амерыканец Шанi Дэвiс. Ён паказаў час 1.08, 94, што на 0,0018 сек. лепш за вынiк паўднёвакарэйца Тай Бум Мо. Адметна, што роўна чатыры гады таму, 18 лютага, на XX Алiмпiйскiх гульнях у Турыне Шанi Дэвiс з вынiкам 1.08, 89 таксама заваяваў залаты медаль. А ў прадстаўнiка Паўднёвай Карэi гэты другi медаль сёлетняй Алiмпiяды, алiмпiйскiм чэмпiёнам ён стаў на дыстанцыi 500 метраў. Бронзавы медаль у амерыканца Чэда Хендрыка.

Санны спорт

Сенсацыяй стала выступленне на Алiмпiйскiх гульнях прадстаўнiкоў Латвii ў санным спорце. Андрыс i Юрыс Сiксы ў спаборнiцтвах у двухмесным экiпажы заваявалi "серабро". А "золата", як i чатыры гады таму ў Турыне, дасталося аўстрыйскаму дуэту Андрэас i Вольфганг Лiнгеры. На трэцiм месцы немцы Патрык Ляйтнер i Аляксандр Рэш.

Шорт-трэк

Пераможца сёлетнiх Алiмпiйскiх гульняў па шорт-трэку кiтаянка Ван Мэн у чвэрцьфiнальным i паўфiнальным забегах на 500 м двойчы абнавiла алiмпiйскiя рэкорды. Яна стала двухразовай алiмпiйскай чэмпiёнкай, апярэдзiўшы ў фiнале канадку Марыяну Сэн-Жэлей i iтальянку Арыяну Фантана.

Сноўбордынг

На мажорнай ноце завяршылi чарговы алiмпiйскi дзень спартсмены ЗША. Амерыканец Шон Уайт стаў двухразовым алiмпiйскiм чэмпiёнам, паказаўшы ў другой фiнальнай спробе 48,4 балы. Гэта трэцяе "золата", заваяванае ў гэты дзень амерыканскiмi атлетамi.

Краiна

Золата

Серабро

Бронза

Усяго

1. ЗША

5

3

6

14

2. Германiя

3

4

3

10

3. Паўднёвая Карэя

3

2

0

5

4. Швейцарыя

3

0

1

4

5. Канада

2

3

1

6

6. Францыя

2

1

4

7

7. Кiтай

2

1

1

4

8. Швецыя

2

0

0

2

9. Нарвегiя

1

2

2

5

— Аўстрыя

1

2

2

5

11. Расiя

1

1

1

3

12. Славакiя

1

1

0

2

13. Чэхiя

1

0

1

2

14. Галандыя

1

0

0

1

15. Польшча

0

2

0

2

16. Iталiя

0

1

3

4

17. Японiя

0

1

1

2

18. Аўстралiя

0

1

0

1

— Латвiя

0

1

0

1

— Эстонiя

0

1

0

1

— Фiнляндыя

0

1

0

1

22. Харватыя

0

0

1

1

— Славенiя

0

0

1

1

←Фигура с натуры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика